БО́БРЫК Мікалай Іванавіч (19.5.1901, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 21.12.1956),

бел. ўрач і вучоны ў галіне хірургіі. Канд. мед. н. (1937), дац. (1938). Засл. ўрач Беларусі (1948). Скончыў мед. ф-т БДУ (1926). З 1930 працаваў у Мінскім мед. ін-це. З 1940 начальнік хірург. аддзялення Мінскага акр. ваен. шпіталя. У 1941—45 старшы хірург палявых эвакапунктаў Зах. і 3-га Бел. франтоў, з 1945 гал. хірург мед. ўпраўлення БВА. З 1946 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. З 1948 у Мінскім мед. ін-це (з 1955 заг. кафедры), адначасова гал. ўрач Рэсп. анкалагічнага дыспансера (1948—49), заг. хірург. аддзялення Рэсп. бальніцы 4-га лячэбна-сан. ўпраўлення Мін-ва аховы здароўя (1949—56), гал. анколаг Беларусі (1949—54). Навук. працы па анкалогіі, хірург. захворваннях органаў брушной поласці і інш.

Літ.:

Артишевский Л.И., Дерюго Н.К. Н.​И.​Бобрик — известный хирург Белоруссии // Здравоохранение Белоруссии. 1991. № 9.

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́БА Аляксей Іванавіч (25.2.1912, в. Падарэссе Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.12.1971),

адзін з арганізатараў лячэбна-прафілакт. дапамогі на Беларусі. Герой Сац. Працы (1969). Засл. ўрач Беларусі (1948). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1939). У Вял. Айч. вайну адзін з кіраўнікоў партыз. руху (з 1941) у Мінскай вобл., камандзір 100-й партыз. брыгады імя С.​М.​Кірава (1943). З 1944 заг. аддзела аховы здароўя выканкома Мінскага гар. Савета дэпутатаў працоўных, з 1950 у Мінскім мед. ін-це; у 1952—71 гал. ўрач 1-й клінічнай бальніцы г. Мінска.

А.І.Шуба.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТЭРМА́Н Лазар Якаўлевіч (кастр. 1894, г. Мазыр Гомельскай вобл. — кастр. 1941),

бел. вучоны ў галіне медыцыны. Д-р мед. н., праф. (1933). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Юр’еўскі ун-т (1916). З 1916 ваен. ўрач, з 1921 гал. ўрач цэнтр. паліклінікі Мінска, у 1923—30 асістэнт тэрапеўт. клінікі мед. ф-та БДУ, з 1931 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па пытаннях этыялогіі, клінікі і лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тк.: Расстройства ритма сердца; Этиогенез, клиника и терапия. Ми., 1935; Инфаркт миокарда. Мн., 1938; Сборник клинических рецептов пропедевтической терапевтической клиники Минского мед. ин-та. Мн., 1939.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́МАЎ Яўген Уладзіміравіч (падп. псеўд. Самарын; 16.12.1876, Масква — 10.2.1944),

удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Канд. мед. н. (1935), праф. (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1905 земскі ўрач у Рэчыцкім пав. У 1-ю сусв. і грамадз. войны хірург і ўрач шпіталяў на Зах. фронце. З 1921 у мед. установах Мінска. У Вял. Айч. вайну ў 1-й гар. бальніцы: дапамагаў параненым партызанам і падпольшчыкам, забяспечваў падполле і многія партыз. атрады медыкаментамі, абсталяваў 2 партыз. шпіталі. У кастр. 1943 арыштаваны акупац. ўладамі, адмовіўся з імі супрацоўнічаць, загублены ў душагубцы. Яго імем у Мінску названы вуліца і бальніца.

Я.У.Клумаў.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЦЭ́ЛЬС [Paracelsus, сапр. Філіп Аўрэал Тэафраст Бамбаст фон Гогенгайм) (von Hohenheim; 24.10.1493, г. Швіц, Швейцарыя — 24.9.1541],

нямецкі ўрач і прыродазнавец эпохі Адраджэння, адзін з заснавальнікаў ятрахіміі. Вучыўся ва ун-тах Італіі, Германіі, Францыі. Працаваў у г. Зальцбург і г. Страсбург. Праф. (1526) ун-та і ўрач г. Базель. Даў крытычную ацэнку схаластычнай медыцыне антычнасці. Вывучаў лячэбнае дзеянне хім. рэчываў на арганізм, распрацаваў метады лячэння інфекц. хвароб ртуццю (сіфіліс), прэпаратамі мыш’яку (сап)і інш., вылучаў лекавыя рэчывы з раслін, прапанаваў выкарыстоўваць" мінер. крыніцы ў якасці лячэбнага сродку. Развіў уяўленне аб дазіроўцы лекаў. Выдадзены збор твораў П. (т. 1—14, 1922—36).

Парацэльс.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ (ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.

Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.​Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.​Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.​Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.​І.​Пірагоў і Ф.​І.​Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.​К.​Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.​В.​Вішнеўскі, С.​С.​Юдзін, І.​С.​Жораў, Я.​М.​Мяшалкін і інш.).

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.​К.​Зубовіч, І.​І.​Канус, І.​З.​Кляўзунік, А.​А.​Плавінскі, У.​У.​Спас, І.​З.​Столкарц, П.​В.​Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.

Літ.:

Бунятян А.А., Рябов Г.​А.​Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;

Руководство по анестезиологии. М., 1994.

І.​І.​Канус.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЖАХО́ЎСКІ (Арахоўскі) Ігнат

(1803—1886),

бел. ўрач. Д-р медыцыны (1830). Вучыўся ў Віленскім ун-це (з дазволу графа А.​Храптовіча, прыгонным якога быў). Выкупіў сябе і ўсю сям’ю з прыгону. Працаваў урачом у Навагрудку.

т. 18, кн. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГУМО́ВІЧ Леў Казіміравіч (Якаўлевіч; 1792, г. Магілёў — 26.4.1853),

хірург. Д-р медыцыны (1812). Скончыў Віленскі ун-т. З 1812 ваен. ўрач. Удзельнічаў у вайне 1812. У 1818—26 ардынатар Магілёўскага ваен. шпіталя. Навук. працы па лячэнні агнястрэльных ран, халеры.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРДАЎЛА́Т Амаснацы (1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ (Dubois) Эжэн (28.1.1858, г. Эйсдэн, Нідэрланды — 16.12.1940),

галандскі антраполаг. Па адукацыі ваенны ўрач. У 1890—92 выявіў на в-ве Ява шкілетныя рэшткі выкапнёвага продка чалавека, назваўшы яго «Pithecanthropus erectus», г. зн. «малпачалавек прамастаячы». Гэтыя адкрыцці адыгралі важную ролю ва ўмацаванні эвалюцыйнай тэорыі.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)