КІЛІ́М,

двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.

На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.​Д.​Гескага і К.​Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.​Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.​Бахун, Д.​Буйноўскай, Р.​Маселбас, Э.​Плюцінскай, А.​Ярашэвіч і інш.).

Літ.:

Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.

І.​М.​Каранеўская.

Украінскі кілім. 1831.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРАНО́ГІЯ, махрыстакрылыя,

трыпсы (Physopoda, або Thysanoptera),

атрад насякомых. 2 падатр.: яйцакладныя (Terebrantina) і трубкахвостыя (Tubulifera). Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. Большасць П. шкодзяць с.-г., дэкар. і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі найб. трапляюцца трыпсы: аржаны (Limothrips denticornis), бабовы (Odonthothrips intermedius), люцэрнавы (0. phaleratus), канюшынны (Haplothrips niger), лісцевы (H. subtilissimus), пшанічны (H. tritici), ільняны (Thrips linarins), тытунёвы (T. tabaci).

Даўж. да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырв. або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асім., колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць П. маюць 2 пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў. Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год да 10 пакаленняў.

С.​Л.​Максімава, М.​М.​Трухан.

Да арт. Пузыраногія. Трыпсы: 1 — тытунёвы; 2 — пшанічны.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНАВО́ДСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па вырошчванні лёну. З высакаякаснага валакна вырабляюць ільняную тканіну, ніткі, адзенне, з валакна ніжэйшых гатункаў — мяшочную і ўпаковачную тканіну, вяроўкі, шпагат. З семя атрымліваюць ільняны алей; ільняная макуха — корм жывёле. Адходы перапрацоўкі лёну ідуць на ўпакоўку, з кастрыцы вырабляюць тэрма- і гукаізаляцыйныя пліты, паперу. На Беларусі І. адна з найважнейшых галін земляробства. Перапрацоўкай лёну займаюцца ільняная прамысловасць і прам-сць пач. апрацоўкі лёну (гл. Ільноапрацоўка).

І. вельмі стараж. галіна. За некалькі тысячагоддзяў да н.э. лён для вырабу тканін вырошчвалі ў Індыі, Егіпце, Закаўказзі (Калхіда, Ленкарань). На Усх.-Еўрап раўніну І. прыйшло ў пач. 2-га тыс. да н.э. З 10—13 ст. лён-даўгунец стаў асн. прадзільнай культурай усх. славян. У сусв. земляробстве найб. пашыраны алейны лён, які займае 3-е месца сярод алейных культур (пасля бавоўніку і соі). І. сканцэнтравана пераважна ў еўрап. краінах (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Вялікабрытанія), а таксама ў Японіі, Турцыі і Аргенціне.

На Беларусі лён здаўна быў гал. сыравінай для вырабу адзення і таварам для экспарту. Да канца 19 ст. І. грунтавалася на ручной працы. Больш пал. пасеваў размяшчалася ў паўн. ч. краіны. Валавыя зборы льновалакна павялічваліся пераважна за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. У 1931 на Бел. занальнай доследнай станцыі пачата селекцыя лёну. У даваен. часы Беларусь спецыялізавалася на вырошчванні лёну. У 1940 у параўнанні з 1913 плошча пад ім павялічылася ў 2,8 разы. Максімальнага ўзроўню дасягнула ў 1956—340 тыс. га. Далейшаму развіццю І. спрыялі механізацыя — выкарыстанне льноўборачных і льноапрацоўчых машын, мінер. угнаенняў, укараненне раянаваных высокапрадукцыйных сартоў. Размяшчэнне пасеваў лёну на Беларусі склалася гістарычна. Найб. іх канцэнтрацыя ў Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для культуры сугліністыя і супясчаныя глебы. Дынаміку развіцця льнаводства гл. ў табл.

Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1; галандскі Белінка. Даследаваннямі тэхналогій перапрацоўкі лёну займаецца Рэсп. навук.-вытв. аб’яднанне «Лён Беларусі», па вырошчванні культуры і вывядзенні новых сартоў — Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. З пач. 1990-х г. у І. назіраецца заняпад.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільнаводства. Квітнеючы лён.
Да арт. Ільнаводства. На льняным полі.
Развіццё льнаводства ў Рэспубліцы Беларусь
Паказчыкі 1960 1970 1980 1990 1997
Пасяўная плошча, тыс. га 270,2 261,1 234,3 149,0 73,6
Ураджайнасць ільновалакна, ц/га 3,1 3,9 4,0 3,5 3,6
Валавы збор ільновалакна, тыс. т 84,4 102,1 60,5 52,0 26,1
Продаж ільновалакна, тыс. т 76,9 98,7 51,3 52,0 25,9

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)