жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.
Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАВЫХАВА́ННЕ,
свядомая, мэтанакіраваная дзейнасць чалавека на ўдасканальванне сваіх станоўчых якасцей і пераадоленне адмоўных. Элементы С. прысутнічаюць у дзяцей дашкольнага ўзросту. Патрэбнасць у самапазнанні, самааналізе і самаацэнцы пачынае праяўляцца ў падлеткавым узросце. Аднак, не маючы дастатковага сац. вопыту і псіхал. падрыхтоўкі, падлеткі не заўсёды здольныя зразумець матывы ўласных учынкаў і здзейсніць С. без дапамогі дарослых. Таму ім патрэбна тактоўнае пед. кіраўніцтва. У юнацкім узросце, калі асобныя якасці чалавека ў значнай ступені сфарміраваліся, С. становіцца больш мэтанакіраваным і ўсвядомленым. У працэсе выпрацоўкі светапогляду, прафес. самавызначэння больш яскрава выяўляецца і патрэба ў С. інтэлектуальных, маральных і фіз. якасцей асобы ў адпаведнасці з ідэаламі і каштоўнасцямі, якія ўласцівы пэўнаму грамадству, навакольнаму асяроддзю, групе. Узровень С. — вынік выхавання асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ СТРО́І,
традыцыйныя комплексы бел.нар.адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна-пластычным вырашэннем, фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго матывамі), а таксама спосабамі нашэння асобных частак касцюма (здымных упрыгожанняў, галаўных убораў, абутку і інш.). Н.с. развіваліся ў цеснай сувязі з характарам эстэт. ідэалаў, утылітарных і маст. запатрабаванняў насельніцтва пэўных рэгіёнаў. Іх фарміраванне залежала ад узроўню сац.-эканам. развіцця пэўнай мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, роду традыц. заняткаў, гасп. дзейнасці, рэліг. прыналежнасці, узаемасувязей з культурай суседніх народаў і інш.Найб. выразна выяўляюцца ў жаночым абрадавым і святочным касцюме 19—1-й пал. 20 ст. і ўвасабляюць стылявыя прынцыпы нар. творчасці гіст.-этнагр. рэгіёнаў Беларусі. Характэрныя рысы нар. адзення зах. Палесся яскрава праяўляюцца ў дамачаўскім строі, кобрынскім строі, маларыцкім строі, мотальскім строі, пінска-івацэвіцкім строі. Народнае адзенне ўсх. Палесся вылучаецца багаццем сродкаў і прыёмаў маст. аздаблення святочнага касцюма брагінскага строю, давыд-гарадоцка-тураўскага строю, калінкавіцкага строю, турава-мазырскага строю. Разнастайнымі комплексамі адзення вылучаецца Падняпроўе: буда-кашалёўскі строй, дубровенскі строй, краснапольскі строй, магілёўскі строй, неглюбскі строй. На цэнтральнай Беларусі найб.яскрава праяўляюцца ўласцівыя бел.нар. адзенню стрыманасць і паэтычнасць вобраза ў вілейскім строі, капыльска-клецкім строі, ляхавіцкім строі, пухавіцкім строі, слуцкім строі. Віртуозным майстэрствам аздаблення верхняга адзення, стылістычнай непаўторнасцю вылучаюцца строі Панямоння: ваўкавыскі-камянецкі строй, мастоўскі строй, навагрудскі строй. На каларыстычна-арнаментальны лад касцюма Паазер’я значна паўплывала набіванка (гл.Лепельскі строй). Паступова на змену традыц.нар. адзенню прыйшоў больш прыдатны для сучаснага жыцця агульнаеўрап. касцюм. У наш час матывы Н.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы новых сучасных мадэлей адзення, на тэатр. сцэне.
Літ.:
Раманюк М. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл.Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб.яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЎЛЯ́НКІ.
пацешкі, кароткія вершаваныя прыгаворы або песенькі, якімі забаўляюць і суцяшаюць дзіця; жанр дзіцячага фальклору. З. ўзбуджаюць у дзіцяці эмоцыі, прывучаюць да першых самастойных рухаў, знаёмяць з навакольным светам. Умоўна падзяляюцца на звязаныя з рознымі гульнёвымі рухамі («Ладачкі») і на творы, якія пацяшаюць толькі гучаннем («Ходзіць бай па сцяне»). Як і ў калыханках, у іх яскрава выяўляецца імправізацыі. Часцей сустракаюцца дыялагічныя і апавядальныя З., насычаныя экспрэсіўна-эмац. лексікай, рэфрэнамі, у іх шмат гукапераймальных і дзіцячых слоў, пры гэтым асн. сэнсавая нагрузка прыпадае на дзеяслоўныя формы. Канкрэтнасць адлюстравання абумовіла вобразныя сродкі паэт. мовы; эпітэты па знешняй прыкмеце, гіпербалы, літоты і інш., сустракаюцца элементы алегорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РТНІ (McCartney) Джэймс Пол (н. 18.6.1942, г.Ліверпуль Ліверпул*, Вялікабрытанія),
англійскі эстрадны і рок-спявак, кампазітар. З 1959 у квартэце «Бітлз» (бас-гітара, клавішныя, труба). Пасля 1970 выступаў і запісваў альбомы з групай «Уінгз» (1971—81), Дж.Харысанам, Р.Старам, М.Джэксанам і інш. Сярод лепшых сольных альбомаў «Ансамбль у руху» (1973), «Уінгз» вакол Амерыкі» (1976), «Усё лепшае» (1986), «Зноў у СССР» (1987, 1989), «Па-над зямлёй» (1993). Яго музыцы ўласцівы выключны меладызм, найб.яскрава выяўлены ў песнях «Учора», «Няхай будзе так», «Мыс Кінтайр» і інш. Аўтар «Ліверпульскай араторыі» (1991, першы твор у жанры класічнай музыкі). У 1996 М. нададзены тытул рыцара.
Літ.:
Багиров А «Битлз» — любовь моя. Мн., 1993;
Benson R. Paul McCartney Behind the Myth. London, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКА́НЫ (Mascagni) П’етра (7.12. 1863, г. Ліворна, Італія — 2.8.1945),
італьянскі кампазітар; заснавальнік муз.верызму. Чл.Італьян. акадэміі (1929).
Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1881—84). З 1885 дырыжор і кіраўнік невял. оперных і аперэтачных труп. У 1895—1902 дырэктар Муз. ліцэя імя Дж.Расіні ў г. Пезара, потым Нац.муз. школы ў Рыме. Сусв. вядомасць прынесла яму опера «Сельскі гонар» (паст. 1890), дзе найб.яскрава вызначыліся характэрныя рысы верызму. Сярод інш. твораў: оперы «Сябар Фрыц» (паст. 1891), «Браты Ранцау» (паст. 1892), «Вільям Раткліф» і «Сільвана» (паст. 1895), «Ірыс» (паст. 1898), «Маскі» (паст. 1901), «Аміка» (паст. 1905), «Парызіна» (паст. 1913), «Ладалета» («Жаваранак»; паст. 1917), «Маленькі Марат» (паст. 1921), «Нерон» (паст. 1935); аперэты; аркестравыя, вак.-сімф. і фп. творы; музыка да кінафільмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Й,
хлебны выраб; вял. круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-н. урачыстасці; вясельны абрадавы пірог у слав. народаў. На традыц.бел. вяселлі К. замешвалі і пяклі запрошаныя жанчыны — каравайніцы. Падрыхтоўка і выпяканне яго суправаджаліся каравайнымі песнямі, танцамі. У канцы застолля сват з прыгаворамі дзяліў і раздаваў К. радні, гасцям жаніха і нявесты, якія віншавалі і абдорвалі маладых. Вясельны К. аздаблялі ляпным, ціснёным ці маляваным дэкорам, жывымі і штучнымі кветкамі, галінкамі дрэў і раслін. У старажытнасці характар упрыгожання меў яскрава выяўлены сімвалічны сэнс: пажаданне сям’і шчасця і многа дзяцей, дастатку ў хаце (вылепленыя з цеста птушкі, птушынае гняздзечка з яйкамі, фігуркі маладога з маладой, а за імі — немаўля і інш.). У наш час як К. выкарыстоўваюць пакупны торт і інш. кандытарскія вырабы, пякуць і традыц. К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАСА́ТЭ, Сарасатэ-і-Наваскуэс (Sarasate у Navascuéz) Пабла дэ (Пабла Марцін Мелітан; 10.3.1844, г. Памплона, Іспанія — 20.9.1908), іспанскі скрыпач, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857). З 1859 вёў гастрольную дзейнасць. У канцы 1860-х г. арганізаваў стр. квартэт у Парыжы, з якім канцэртаваў у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (з 1869). Іграў у ансамблях з піяністамі А.Р. і М.Р. Рубінштэйнамі, скрыпачамі Г.Вяняўскім і Л.Аўэрам, віяланчэлістамі К.Давыдавым і А.Вержбіловічам. У Парыжы быў пастаянным удзельнікам т.зв. чацвяргоў у І.Тургенева. З вял. поспехам выконваў асабістыя творы, у якіх яскрава праявіўся нац. стыль. Аўтар твораў для скрыпкі з фп., у т. л. «Арагонская хота», канцэртнай фантазіі на тэмы класічных опер і інш. Каралевай Ізабелай быў узнагароджаны адной з лепшых скрыпак А.Страдывары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБО́ЛІЧ Рыгор Фядосавіч (н. 13.3.1956, в. Палосцевічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Муж М.Я.Таболіч. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1981). У 1990—98 выкладаў у Магілёўскім вучылішчы культуры, у 2000 адкрыў першую прыватную маст. галерэю ў Магілёве. Працуе ў галіне станковага жывапісу. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, філас. асэнсаваннем рэчаіснасці, фактурнай лепкай вобразаў з яскрава выражаным колеравым акцэнтаваннем: «Спадчына» (1979), «Гаспадар», «Стары калодзеж», «Маці паэта» (усе 1981), «Вянок Максіма» (1982), «Вогненная вёска» (1984), «З глыбінь вякоў», «Стыхія» (абодва 1985), «Плынь» (1991), «Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец» (1992), «Святая крыніца» (1994), «Зніч» (1995), «Адлюстраванні» (1996), «Радзіма паэта. Прысвячаецца А.Міцкевічу» (1998), «Рух» (1999), «Сустрэча» (2000). Аўтар дыпціха «Вогненная вёска» (1984), трыпціха «Русь Белая, Чырвоная, Чорная» (1995), цыклаў «Колеры» (1991), «Мелодыі» (1994).
Р.Таболіч Русь Белая. З трыпціха «Русь Белая, Чырвоная, Чорная». 1995.