ДА́КТЫЛІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дэманічныя істоты, спадарожніцы Рэі-Кібелы. Лічылася, што жылі яны на гары Іда ў Фрыгіі. Ім прыпісвалі адкрыццё апрацоўкі жалеза, а таксама заснаванне Алімпійскіх гульняў.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАТРО́Н,
цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫ́РАВАНЫ ТАРЫ́Ф,
мытны тарыф, які дазваляе аддаваць перавагу пэўным таварам і ствараць ім ільготныя мытныя ўмовы або не прапускаць іх у залежнасці ад таго, у якой краіне яны выраблены.
т. 6, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬХА́ЛА, вальгала, валгала,
у скандынаўскай міфалогіі нябесны палац Одзіна, куды трапляюць храбрыя воіны, якія загінулі ў бітве. У вальхале яны балююць і працягваюць ранейшае гераічнае жыццё. Асвятлялі вальхалу бліскучыя мячы.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЭ́СЫ ЎСХО́ДНЕ»
(ад польск. kres вобласць, мяжа, кардон),
назва, якую ўжывалі афіц. польскія ўлады ў дачыненні да Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, калі яны ўваходзілі ў склад Польшчы (1921—39).
т. 8, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІ БІЛЕ́Т, банкнота,
крэдытны грашовы знак, што выпускаецца эмісійным банкам наўзамен метал. грошай. З’явіліся з развіццём крэдытных адносін, асабліва пашырыліся ў 17 ст. Банкаўскі білет — даўгавое абавязацельства яго ўладальніка, на якое можна набыць любы тавар (паслугі). Напачатку такім даўгавым абавязацельствам быў вэксаль, на змену якому прыйшлі банкаўскія білеты. У 18—19 ст. яны свабодна абменьваліся на золата. З 1920-х г. у большасці краін (за выключэннем Швейцарыі) залатое забеспячэнне банкнотаў не прадугледжана. І хоць эмісійныя банкі працягваюць выпуск банкаўскіх білетаў, яны сталі аднолькавым плацежным і разліковым сродкам нараўне з грашовымі знакамі. Усе разліковыя білеты, што выпускае Нац. банк Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца яго банкаўскімі білетамі.
В.Ф.Дашкевіч.
т. 2, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),
род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т. л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).
Літ.:
Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАТА́Ж (франц. pilotage),
майстэрства кіравання самалётам (планёрам, інш. лятальным апаратам — ЛА) у гарыз. і верт. плоскасцях з наданнем яму розных становішчаў. Адбываецца са зменай скорасці, вышыні, напрамку палёту ЛА. Характарызуецца т.зв. фігурамі П.
Паводле складанасці выканання фігур П. падзяляецца на просты (віраж, спіраль, слізганне, пікіраванне і інш.), складаны (баявы разварот, паўпераварот, бочка, Несцерава пятля, штопар, пераварот на горцы і інш., а таксама ўсе фігуры простага П., калі яны выконваюцца групай ЛА), вышэйшы (замаруджаная кіроўная бочка, паўтарачная і шматразовая бочка, паўтарачная пятля, верт. васьмёрка і інш., а таксама ўсе фігуры складанага П., калі яны выконваюцца групай ЛА, і ўсе віды перавернутага палёту).
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЛО́ТЫ,
палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.
т. 7, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,
умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».
У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.
т. 11, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)