Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАНІ́ЙСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
парода грубашэрсных, тлустахвостых авечак смушкавага кірунку. Выведзена ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найлепшая сярод смушкавых парод. Асн. прадукцыя — каракульскія смушкі. Гадуюць у Іране, Афганістане, краінах Паўд.-Зах. Афрыкі, у сярэднеазіяцкіх краінах, на Украіне, у Малдове.
У авечак галава паўгарбаносая, тулава глыбокае, хвост доўгі, з адкладаннямі тлушчу рознай формы. Бараны пераважна рагатыя, авечкі бязрогія. Жывая маса бараноў 70—80 кг, матак 45—50 кг. Масць у маладым узросце чорная (у 80% авечак), шэрая, карычневая, каляровых адценняў. Шэрснае покрыва нованароджаных ягнят складаецца пераважна з валькаватых і бобападобных завіткоў, якія ствараюць прыгожы малюнак. Воўна дарослых авечак ідзе на выраб лямцу і дываноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЮ́ЧНЫЯ АВЕ́ЧКІ,
парода грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак мяса-сальнага тыпу, якія маюць тлушчавыя адклады на крыжы (курдзюк). Паходзяць ад дзікага барана аргалі (архара). Пашыраны ў Казахстане, Цэнтр. Азіі, на Аравійскім п-ве, у Паўн. Афрыцы. Асн. пароды — гісарская, джайдара, сараджынская, таджыкская, адыльбаеўская і інш. Прыдатныя для гадоўлі ў раёнах пустынь і паўпустынь. Непатрабавальныя да кармоў, здольныя рабіць вял. пераходы.
Маса самцоў да 180 кг, самак да 130 кг. Маса курдзюка да 30 кг. Галава падоўжаная, гарбаносая. Вушы доўгія, часта звіслыя Хвост кароткі. Большасці парод уласціва высокая мясная прадукцыйнасць. Шэрсная прадукцыйнасць нізкая — 2—2,2 кг. Воўна неаднародная, выкарыстоўваецца для вырабу грубага сукна, дываноў, валенага абутку і інш. 3 малака гатуюць брынзу, айран, сыры. Плоднасць 105—120 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКО́РМсельскагаспадарчых жывёл,
тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.
У гадоўлі буйной рагатай жывёлынайб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлінайб. эфектыўны адкорм маладняку мяса-воўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мяса-воўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.