Беламышачная хвароба ягнят 7/198

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КУЛЬ, каракульскія смушкі,

шкуркі, знятыя з ягнят каракульскай пароды авечак на 1—3-я суткі пасля нараджэння.

Каштоўнае футра, мае пругкую, шаўкавістую, бліскучую воўну з завіткамі рознай формы (валькаватыя, бобападобныя, кольчатыя і інш.) і памераў (4,5—8 мм), якія ўтвараюць малюнак смушка. Найб. каштоўныя шкуркі — з валькаватымі завіткамі, размешчанымі паралельна-канцэнтрычнымі або прамымі радамі даўж. 12—30 мм і больш. Часцей трапляюцца чорныя (больш як 80%) і шэрыя (12—15%) смушкі, каляровых мала. Са шкурак неданошаных каракульскіх ягнят атрымліваюць каракульчу.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧА́РНЯ, кашара,

пабудова для ўтрымання авечак, асноўны вытворчы будынак авечкагадоўчых фермаў і комплексаў. Звычайна маюць аддзяленні для розных груп авечак: бараноў-вытворнікаў, матак з ягнятамі, рамонтнага, адкормачнага пагалоўя; памяшканні для ягнення, штучнага кармлення ягнят і інш.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.

Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.

А.​А.​Козыр.

Раманаўская парода: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАМЫ́ШАЧНАЯ ХВАРО́БА,

вострае неінфекцыйнае захворванне маладняку с.-г. жывёлы. Характарызуецца парушэннямі абмену рэчываў, функцыян.і марфал. зменамі міякарда і шкілетных мышцаў, рэзкай бледнасцю мышачнай і інш. тканак. Часцей бывае ў цялят і ягнят, радзей — у парасят, пушных звяроў і птушак. Прычына беламышачнай хваробы ў аднастайным і непаўнацэнным кармленні, асабліва матак. Пашырана ў мясцовасцях, дзе кармы бедныя бялкамі, фосфарам, мікраэлементамі і вітамінамі.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМПШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

паўтанкарунная, мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем мясц. грубашэрсных і помесных цёмнагаловых авечак з саўтдаўнскімі. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і інш. краінах. У СССР выкарыстаны пры вывядзенні горкаўскай і літоўскай чорнагаловай парод.

Авечкі вялікія, з шырокім тулавам, бязрогія, скараспелыя. Тулава светлае, галава цёмная. Жывая маса бараноў 100—110, матак 65—70 кг. Воўна 50—58-й якасці, даўж. 8—10 см, выкарыстоўваецца пераважна на выраб трыкатажу, асабліва каштоўная воўна ягнят.

Баран гемпшырскай пароды.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ ПАРО́ДА авечак.

Выведзена у 1944—61 у Стаўрапольскім краі скрыжаваннем матак стаўрапольскай пароды і бараноў лінкольн і ромні-марш. Паўтанкарунныя, мяса-воўнавага кірунку.

Жывёлы буйныя, грудзі і кумпякі шырокія, галава кароткая, шырокая, бязрогая. Маса бараноў да 115 кг, матак да 60 кг. Воўна аднародная, з раўнамернай пакручастасцю, даўж. 12—13 см. Настрыг з бараноў 9—13, з матак 5,8—6,5 кг, выхад чыстай воўны 55—58%. Плоднасць 130—140 ягнят на 100 матак. Гадуюць на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, цэнтр. абласцях Расіі, Казахстане.

А.​А.​Козыр.

Паўночнакаўказская парода авечак.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),

парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.

П.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНЫ́ (Ovis),

род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.

Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.

Да арт. Бараны. Снежны баран.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКО́ЎКА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,

выдаленне са статка жывёл, не прыдатных для ўзнаўлення або далейшага гасп. выкарыстання. Праводзіцца штогод з мэтай паляпшэння статка. Аб’ёмы залежаць ад кірунку гаспадаркі, віду і ўзросту жывёл, інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Напр., штогод бракуюць 20—25% кароў, 20% цялушак у малочных статках, 20—30% дарослых свіней у племянных гаспадарках, 70% свінак у перыяд дарошчвання, да пераводу іх у групу асн. матак. Выбракаваных жывёл перад забоем ставяць на адкорм. Племянных жывёл бракуюць пры баніціроўцы, у таварных статках — у розныя тэрміны (буйн. раг. жывёлу звычайна ўвосень перад пастаноўкай на стойлавае ўтрыманне, авечак — у 2-й пал. лета пасля адымання ягнят).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)