сукупнасць работ па вызначэнні становішча характэрных пунктаў мясцовасці для атрымання графічнай ці аналітычнай яе мадэлі — тапаграфічнай карты. Падзяляецца на аэрафотатапагр., фотатэадалітную, мензульную і тахеаметрычную. Палявыя работы пры Т.з. ўключаюць: выпрацоўку планава-вышыннага абгрунтавання на аснове геад. сетак (пракладка тэадалітных і нівелірных хадоў, мікратрыянгуляцыя, геадэзічныя засечкі), здымку характэрных пунктаў сітуацыі і рэльефу; камеральныя работы — вылічэнні, апрацоўку аэра- і фотатэадалітных здымкаў і пабудову арыгінала карты. Асн. Т.з. — аэрафотатапаграфічная, якая ўключае камбінаваную і стэрэатапаграфічную здымку. Камбінаваная здымка выконваецца мензульным спосабам на фотапланах, якія вырабляюць з аэраздымкаў. Гл. таксама Аэрафотаздымка, Аэрафотатапаграфія, Тапаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАДАЛІ́Т (ад грэч. theaomai разглядаю + dolichos доўгі),
геадэзічны інструмент для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, вызначэння напрамку пры геадэзічных работах, тапаграфічных і маркшэйдэрскіх здымках, у буд-ве і інш.
Зрокавая труба Т. мае гарыз. і верт. восі вярчэння. Вуглы адлічваюць па гарыз. і верт. кругах. якія складаюцца з лімба і алідады. Адрозніваюць Т.: аптычны, лазерны; высокадакладны. дакладны і тэхнічны: таксама спецыялізаваныя: астранамічны, тахеометр, маркшэйдэрскі (горны). гіраскапічны (для вызначэння напрамку мерыдыяна), кодавы (фіксуе адлікі напрамку і вуглоў фотарэгістрацыяй). Выкарыстоўваецца Т. ў геадэзіі, астраноміі, авіяцыі, артылерыі, горнай і інжынернай справах. Гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЕЛІ́РНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць пунктаў зямной паверхні, для якіх вышыні вызначаны нівеліраваннем (геаметрычным); вышынная апорная геадэзічная сетка. Вышыні вызначаюцца паводле прынятай у краіне сістэме вышынь над узроўнем мора. Пункты Н.с. замацоўваюць нівелірнымі маркамі і рэперамі. Паводле дакладнасці Н.с. падзяляюцца на 4 класы. Дакладнасць 1-га класа 0,5 мм на 1 км нівелірнага ходу, 2-га класа — 5 мм на 1 км, 3-га класа — 10 мм на 1 км, 4-га класа — 20 мм на 1 км. Н.с. Беларусі з’яўляецца састаўной часткай Н.с. краін СНД, лік вышынь якой вядзецца паводле Балтыйскай сістэмы вышынь ад нуля Кранштацкага футштока. Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя пункты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЕЛІ́РАВАННЕ,
вызначэнне вышынь пунктаў зямной паверхні адносна некаторага выбранага пункта (умоўнага нуля) або ўзроўню мора. Выкарыстоўваецца для стварэння вышыннай апорнай геадэзічнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапаграфічных здымак і здымак рэльефу, пры інжынерна-буд. і геал. работах, пры вывучэнні фігуры Зямлі, сучасных тэктанічных і тэхнагенных рухаў зямной паверхні і інш. Адрозніваюць Н. геаметрычнае, трыганаметрычнае, фізічнае і механічнае. Геаметрычнае Н. выконваецца гарызантальным візірным праменем нівеліра. Перавышэнне вылічваецца як рознасць узятых адлікаў па нівелірных (геадэзічных) рэйках, якія вертыкальна ўстаноўлены на геадэзічных пунктах. Трыганаметрычнае Н. выконваецца нахільным візірным праменем геадэзічных прылад з вертыкальным кругам для вымярэння вугла нахілу зямной паверхні і адлегласці да пунктаў. Фізічнае Н. падзяляецца на бараметрычнае Н. (засн. на залежнасці атмасфернага ціску ад вышыні) і гідрастатычнае Н. (засн. на ўласцівасці вадкасці займаць аднолькавы ўзровень у сазлучаных сасудах). Механічнае Н. выконваецца з дапамогай аўтам. нівеліраў на трансп. сродках (аўтаматычна рэгіструюць вышыні і будуюць профіль). Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя прылады і інструменты, Геадэзія, Нівелірная сетка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад фота... + трыянгуляцыя),
метад вызначэння каардынат пунктаў мясцовасці па фотаздымках. Выкарыстоўваецца для згушчэння апорнай геадэзічнай сеткі з мэтай забеспячэння здымкаў апорнымі пунктамі для складання тапаграфічных карт і вырашэння інж. задач. Бывае прасторавая (вызначаюцца 3 каардынаты пунктаў) і планавая (2 каардынаты).
Прасторавая Ф. — стварэнне мадэлей мясцовасці па стэрэапары фотаздымкаў паводле маршрутаў (маршрутная і блочная Ф.), якія злучаюцца ў агульную сістэму праз выбраныя пункты ў зонах перакрыцця здымкаў. Па гэтых жа пунктах арыентуецца агульная мадэль мясцовасці адносна геад. сістэмы каардынат. Прасторавую Ф. развіваюць аналагавым спосабам на стэрэафотаграмметрычных прыладах, аналітычным — на стэрэакампаратарах з выкарыстаннем ЭВМ, у выніку чаго атрымліваюць каардынаты пунктаў сеткі згушчэння. Найб. дакладны для прасторавай Ф. спосаб звязак, засн. на сумесным ураўненні фотаграмметрычных і геад. вымярэнняў і паказанняў прылад на борце здымачнага самалёта. У планавай Ф. выкарыстоўваецца ўласцівасць аэраздымка як цэнтральнай праекцыі, паводле якой можна пазбегнуць скажэнняў за рэльеф і нахіл здымка. Каардынаты вылічваюць аналітычным і графічным спосабам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. triangulum трохвугольнік),
адзін з метадаў вызначэння каардынат апорных геад. пунктаў на мясцовасці; асн. метад стварэння апорнай геадэзічнай сеткі. Робіцца шляхам пабудовы сеткі сумежных трохвугольнікаў, у якіх вымяраюцца вуглы і адна зыходная (базісная) старана (даўжыні іншых старон вылічваюцца).
Дзярж. Т. падзяляецца на 4 класы. Сетка Т. 1-га класа (трохвугольнікі з даўж. стараны 20—25 км) утварае палігоны з перыметрам 800—1000 км, якія размяшчаюцца ўздоўж мерыдыянаў і паралелей. Прастору ўнутры палігона 1-га класа разбіваюць сеткай 2-га класа з даўж. стараны трохвугольніка 10—20 км. На канцах кожнай базіснай стараны ў Т. 1-га і 2-га класаў выконваюць астр. вызначэнні каардынат і азімута. На базе радоў і сетак Т. 1-га і 2-га класаў вызначаюцца пункты Т. 3-га і 4-га класаў (іх гушчыня залежыць ад маштабу тапаграфічнай здымкі). Пункты Т. (трыганаметрычны пункт) замацоўваюцца на мясцовасці геадэзічнымі знакамі, сігналамі геадэзічнымі. Т. выкарыстоўваецца для вызначэння фігуры і памераў Зямлі, даследавання гарыз. рухаў зямной кары, абгрунтавання тапаграфічных здымак і інш. Замест Т. выкарыстоўваюць таксама метад паліганаметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
агульнагеаграфічныя карты дзяржавы, на якіх дэталёва адлюстроўваюцца размешчаныя на мясцовасці прыродныя і сац.-эканам. аб’екты, іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. Падзяляюцца на аглядна-тапагр. (маштабы 1 : 500 000, 1 : 1 000 000), уласна тапагр. (1 : 5 000—1 : 200 000) і тапагр. планы (1 : 500, 1 : 1000, 1 : 2000). Сярод уласна Т.к. адрозніваюць буйнамаштабныя (1 : 5 000, 1 : 10 000), сярэднемаштабныя (1 : 25 000, 1 : 50 000) і дробнамаштабныя (1 : 100 000, 1 : 200 000). Да Т.к. адносяць таксама фота-, аэра-, космафатаграфічныя і лічбавыя (пераўтварэнне картаграфічнай інфармацыі з графічнай у лічбавую форму) карты.
Складаюць асобнымі лістамі, абмежаванымі мерыдыянамі і паралелямі. аб’яднанымі адзінай картаграфічнай праекцыяй (роўнавугольная папярочна-цыліндрычная Гаўса—Кругера), сістэмай разграфкі і наменклатуры (умоўнае абазначэнне лістоў) і ўмоўнымі знакамі. Праецыраванне зямной паверхні ажыццяўляецца на аснове дзярж.геад. сеткі па шасціградусных геад. зонах. кожная з якіх мае самаст. сістэму прамавугольных каардынат, што ў выглядзе кіламетровай квадратнай сеткі наносіцца на карты адносна іх восей — сярэдняга мерыдыяна зоны і экватара. На Т.к. тапаграфічнымі ўмоўнымі знакамі паказаны граніцы, гідраграфія, рэльеф, расл. покрыва, грунты. нас. пункты. шляхі зносін, прыродныя, прамысл., с.-г. і сац.-культ. аб’екты і інш. Т.к. ствараюцца і абнаўляюцца паводле матэрыялаў аэрафотатапагр. і касм. здымак, наземных мензульнай і тахеаметрычнай здымак. Выкарыстоўваюцца для арыентавання, дакладных вымярэнняў і разлікаў, складання агульнагеагр. і тэматычных карт. праектна-пошукавых і інш.геал. работ. ваен. справы і г.д.Гл. таксама Аэрафотатапаграфія, Тапаграфічная здымка, Тапаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРА́ФІЯ (ад грэч. topos месца + ...графія),
навукова-тэхн. галіна геадэзіі, якая займаецца геам. вывучэннем мясцовасці. Асн. задачы Т.: распрацоўка метадаў стварэння тапаграфічных карт на падставе тапаграфічных здымак, іх класіфікацыі, зместу і дакладнасці, метадаў іх абнаўлення і інш.
Станаўленне Т. адносіцца да 16 ст. Наземныя тапаграфічныя здымкі (мензульная, тахеаметрычная) праводзяцца з 18 ст. пасля распрацоўкі метаду трыянгуляцыі. З 1-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца матэрыялы аэрафотаздымкі. у 2-й пал. 20 ст. з’явілася касмічная здымка (гл. таксама Аэракасмічныя метады). Мензульная, тэадалітная і інш. здымкі выкарыстоўваюцца пераважна на невял. участках. Для сучаснага этапу развіцця Т. характэрна ўкараненне сродкаў аўтаматызацыі для тапагр. здымак з атрыманнем інфармацыі ў лічбавай форме, што дазваляе ствараць і абнаўляць карты, аўтаматызаваць працэсы падрыхтоўкі арыгіналаў і інш.
На Беларусі першыя вымярэнні зямельных плошчаў і складанне планаў адбыліся ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. пры правядзенні «Валочнай памеры». Навукова абгрунтаваныя тапографа-геад. работы пачаліся ў 1753 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. У 1816—21 на тэр. Віленскай. Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай губ. створана апорная геад. сетка метадам трыянгуляцыі, на аснове якой рабіліся тапагр. здымкі ў маштабах 1: 21 000, 1 : 42 000 і 1 : 84 000. У 2-й пал. 20 ст.тэр. краіны закартаграфавана ў маштабе 1 : 10 000 (асобныя часткі — у буйнейшых). Тапографа-геад. работы выконваюць вытв. прадпрыемствы «Белгеадэзія» і «Космааэрагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Парамонов А.Г., Сомов В.Д., Черноглазов Н.В. Основы топографии и аэрофотосъемки. М., 1991;