НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.

Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.​Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш. Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.​Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.​Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.​Саканян).

На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.​Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел. навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.​Сарахатунаў, В.​Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.​Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.​Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.​Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.​Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.​Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.​Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.​Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.​Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.​Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.​Пятроўскі) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),

устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.

Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.​Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.​Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням. паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей

Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б. СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;

Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;

The autoritarian personality. New York, 1950.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́Л (франц. idéal ад грэч. idea ідэя, паняцце, уяўленне),

філасофская катэгорыя, якая азначае ўзоры і ўяўленні пра дасканалыя грамадскія сістэмы, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Адпаведна гэтаму адрозніваюцца ідэальныя аб’екты або мадэлі навукі (паняцце ідэальнага), грамадска-паліт., этычныя І. і ідэалы эстэтычныя. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Паводле структуры І. ўяўляюць сабой дыялектычна супярэчлівае адзінства аб’ектыўнага быцця і яго суб’ектыўнай ацэнкі.

У грэка-рымскай антычнасці гуманіст. І. людской асобы ўзнік як адзінства фіз. дасканаласці і маральных паводзін, асабістых і грамадскіх інтарэсаў. У хрысц. цывілізацыі абс. І. зададзены вучэннем пра боскую Тройцу, зямное ўвасабленне Бога-сына (Ісуса Хрыста), Багародзіцу, апосталаў, святых і пакутнікаў за хрысц. ідэю. Уяўленні пра дасканалае жыццё дыферэнцыраваліся на І. манаха, рыцара, добрага сеньёра, а ў эпоху Адраджэння яшчэ і дасканалага рамесніка, мастака, вучонага. У працэсе антыфеад. руху фарміраваўся таксама І. сялянскага царства, эталонамі якога паслужылі раннехрысц. камунізм, сямейная, пазней сельская абшчына. Тэорыя І. сфармулявана ў ням. класічнай філасофіі (І.​Кант, І.​Фіхтэ, Г.​Гегель), паводле якой у сваёй паўнаце І. недасягальныя ў эмпірычнай рэальнасці, аднак у якасці духоўных каштоўнасцей служаць для яе ацэнкі, пазнання і ўдасканалення. У 19—20 ст. моцны ўплыў на грамадскую свядомасць, сац. практыку і палітыку зрабіў І. камуніст. грамадства (утапічны сацыялізм, навук. камунізм). У СССР і інш. сацыяліст. краінах ажыццяўленне камуніст. І. непасрэдна звязвалася з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытворчасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці людзей.

У хрысц. культуры і асветніцтве сярэдневяковай Беларусі (10—12 ст.) ярка выявіліся І. боскай мудрасці (сімволіка Сафійскага сабора) і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэліг. паэзія, гераічная паэма «Слова аб палку Ігаравым»), Яны засталіся актуальнымі ў эпоху Адраджэння поруч з гуманіст. 1. асветніка, вучонага, будаўніка хрысц. міру, дзяржавы (асветніцтва і творчасць Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, Сімяона Полацкага, а таксама Статуты ВКЛ). Узмацненне нац., сац., канфесійных супярэчнасцей у 18—19 ст. мелі сваім вынікам палярызацыю грамадскіх І., падзел іх па саслоўна-класавых, ідэалагічных і рэліг. прыкметах. Фальклор, іншыя віды этн. культуры яскрава выявілі нар. І. адхілення эліты («панства») ад улады, стварэння «сялянскага царства», уяўнага працоўнага зямнога раю. У асяроддзі нар. інтэлігенцыі дамінуючым стаў нац.-адраджэнцкі І., сфармуляваны ў новай бел. л-ры і тэарэтычна распрацаваны Ф.​Багушэвічам, М.​Багдановічам, І.​Канчэўскім, А.​Станкевічам і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, у выніку дапушчаных памылак і скажэнняў сацыяліст. ідэі, спрадвечныя нар. І. пра справядлівае грамадства, працоўны «рай» на зямлі выкарыстоўваліся для апраўдання курсу на хуткае завяршэнне буд-ва камунізму ў СССР і яго ўсталяванне ў сусв. маштабе. Сац.-паліт. І. сучаснага бел. грамадства з’яўляецца пабудова дэмакр. прававой дзяржавы, стварэнне ўмоў для свабоднага і ўсебаковага развіцця асобы, годнага ўваходжання краіны ў еўрапейскую і агульначалавечую супольнасць.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),

духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.

Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел. нац. К. ў працэсе дээтнізацыі сац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв. культ. творчасці (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),

Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс. км² Нас. 3073,2 тыс. чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.

Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв. выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд. т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.

Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац. традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс. ж., 1997). Каля 50 тыс. ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.

Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.​Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.​Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.​Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.​Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс. чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.

Л. — чл. ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.

Гаспадарка. Л.агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн. га, у т. л. каля 0,5 млн. га пад ворывам, каля 0,3 млн. га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн. га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс. т пальмавага алею, 10 тыс. т кавы, 5 тыс. т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн. м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс. т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн. т жал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд. кВтгадз, у 1993 атрымана 440 кВтгадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г. Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс. км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс. км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л. міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн. дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.

Літ.:

Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Ліберыі.
Сталіца Ліберыі — горад Манровія.

т. 9, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)