ВАСКО́ВАЯ МОЛЬ, агнёўка пчаліная вялікая (Galleria mellonella),

матыль сям. агнёвак. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі — у раёнах пчалярства. Актыўная на змярканні і ноччу.

Даўж 15—20 мм, размах крылаў 15—35 мм. Пярэднія крылы ў самкі фіялетава-шэрыя, у самца бураватыя, заднія шэрыя. Яйцы адкладвае ў шчыліны і смецце на дне вуллёў, на соты. Вусені (клочні) даўж. 14—18 мм брудна-белыя з карычневай галавой. Кормяцца арган. рэшткамі, потым воскам сотаў, коканамі пчол (ператвараюць іх у парахню). Ячэйкі сотаў аплятаюць павуцінай. Акукліванне ў коканах. За год 2—3 пакаленні. Вусені або яйцы зімуюць. Васковая моль шкодзіць пчалярству. Пры масавым размнажэнні пчаліныя сем’і гінуць.

Самец васковай молі.

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКАЯ САРАНЧА́ (Locusta migratoria migratoria),

падвід насякомых атр. прамакрылых. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела дарослых насякомых 3,5—6 см. Шэра-жаўтавата-зялёныя або зялёныя, надкрыллі ў бурых плямах. У залежнасці ад колькасці і канцэнтрацыі асобін утвараюцца стадная і адзіночная фазы. Лічынкі адзіночнай фазы зялёныя, жоўтыя, чорныя, стаднай — аранжавыя з чорнымі плямамі. Асобіны стаднай фазы ўтвараюць кулігі (шчыльная вял. колькасць лічынак) і чароды (вял. колькасць дарослых). Робіць пералёты на сотні кіламетраў. Вельмі шкодзіць с.-г. і дзікарослым раслінам. Кожны экз. за сваё жыццё з’ядае 300 г расліннай масы.

Азіяцкая саранча. 1 — дарослая; 2 — адзіночная форма лічынкі; 3 — стадыя фаза лічынкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ШАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Laspeyresia pomonella),

матыль сямейства ліставёртак, шкоднік грушы. Пашыраны ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Еўрап. ч., на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі асабліва шкодзіць пладам грушы летне-асенніх тэрмінаў выспявання. Пашкоджаныя плады хутка загніваюць.

Крылы ў размаху 16—21 мм, цёмна-шэрыя з папярочнымі палосамі. Вусені даўж. 16—18 мм, белыя, з светла-бурай галавой. За год развіваецца 1 пакаленне. Зімуюць вусені ў коканах у дзярніне або верхнім слоі глебы. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення грушы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені кормяцца мякаццю і насеннем пладоў, у жніўні выходзяць з пладоў у глебу.

Грушавая пладажэрка: 1 — матылёк; 2 — вусень.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,

хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш. с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.

Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.

С.​І.​Бельская.

Перонаспароз: 1 — цыбулі; 2 — бурака.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.

На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.

Антракноз: 1 — фасолі; 2 — агуркоў; 3 — чорных парэчак.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЕНСКАЯ МУ́ХА, хлебны камарык (Mayetiola destructor),

насякомае сям. галіц атр. двухкрылых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі абмежаваныя ачагі пашырэння ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Цела даўж. 2,5—3,5 мм, зверху цёмна-шэрае або жаўтавата-бурае, знізу светлае. Падобная да камара. Галава вузейшая за грудзі, брушка цыліндрычнае або канічнае. Вочы фасетачныя. Ногі тонкія. Да 3 пакаленняў за год. Лёт першага пакалення ў час усходаў яравой пшаніцы. Яйцы (50—500) адкладвае на верхнім баку ліста злакавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта). Лічынкі верацёнападобныя, малочна-белыя або ружова-жоўтыя, даўж. 0,8—4 мм, ротавыя органы сысучыя, кормяцца сокамі раслін і выклікаюць уздуцці (галы). Дарослая не корміцца. Шкодзіць сельскай гаспадарцы.

Гесенская муха.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ННІЦЫ,

слінявіцы (Cercopidae, або Aphrophoridae), сямейства сысучых насякомых падатр. цыкадавых атр. раўнакрылых. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў тропіках і ўмераных зонах. Жывуць пераважна ва ўвільготненых мясцінах. На Беларусі 8 відаў; найб. пашыраны П. альховая (Aphrophora alni), звычайная, або слінявая (Philaenus spumantis), цвердакрылая (Lepyronia coleoptrata). П. звычайная шкодзіць сцёблам і лісцю пладовых дрэў, пладовых і дэкар. кустоў, суніц і інш.

Даўж. да 12 мм. Афарбоўка зеленаватая, бурая, радзей чорная або плямістая. Спіна апушаная, надкрылы шчыльныя, скурыстыя Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Лічынкі развіваюцца на раслінах у камяках пенападобнай слізі, т.зв. «зязюліны сліны» (адсюль другая назва). якую выдзяляюць спец. васковыя залозы. У тропіках некат. віды П. утвараюць капеж з выдзяленняў.

С.​Л.​Максімава, А.​С.​Шалапёнак.

Пенніцы: 1 — альховая; 2 — звычайная.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫЯ ВАЎКІ́.

філанты (Philanthus), род рыючых вос атр. перапончатакрылых. Каля 135 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі найб. пашыраны П.в. звычайны (P. triangulum), які селіцца вял. калоніямі паблізу пчальнікоў і шкодзіць пчалярству.

Даўж. да 17 мм. Цела чорнае, сегменты брушка з жоўтымі палосамі. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, Праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак. Самка будуе ў глебе верт. норку глыб. каля 1 м з бакавымі камерамі, дзе развіваюцца лічынкі. Палююць на пчол меданосных, паралізуюць іх джалам і прыносяць у гняздо на корм лічынкам. Ператварэнне поўнае. Зімуе лічынка. За год 1 генерацыя.

Пчаліныя ваўкі: 1 — каронны, 2 — звычайны.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК (Canis lupus),

млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, тундрах, лесастэпах, лясах, акрамя суцэльных масіваў. Актыўны ноччу, днём хаваецца ў хмызняках і ярах. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. цела 1,1—1,6 м, маса звычайна 32—50 кг, зрэдку да 79 кг. Самкі крыху меншыя за самцоў. Шыя кароткая, вушы востраканцовыя. Ногі доўгія з кіпцюрамі. Поўсць на спіне і баках буравата-карычневая або цёмна-шэрая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха светла-шэрае. Восенню і зімой трымаецца вывадкамі, у час размнажэння — парамі. Утварае з свойскімі сабакамі гібрыды, падобныя да валкоў вонкавым выглядам і паводзінамі. Нараджае вясной у сярэднім 5—6 ваўчанят, зрэдку да 15. Драпежнік, корміцца пераважна капытнымі жывёламі, палюе зграямі. Выконвае ролю санітара, шкодзіць паляўнічай і сельскай гаспадарцы. Аб’ект круглагадовага палявання.

Воўк.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЁЎКІ (Pyralididae),

сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).

Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.

Агнёўкі: 1 — лугавы матылёк; 2 — сцябловы матылёк; 3 — агнёўка шышкавая; 4 — агнёўка паўднёвая свірнавая; 5 — агнёўка вялікая васковая.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)