ВЕ́ДЗЬМА,

паводле нар. уяўленняў, жанчына, якая служыла нячыстай сіле і нібыта валодала звышнатуральнымі здольнасцямі. Паводле павер’яў, ведзьма знешне не адрозніваецца ад звычайных жанчын, аднак можа патаемна насылаць хваробы, псаваць ураджай, шкодзіць жывёле і г.д.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́Р (франц. vampire, ням. Vampir),

у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — мярцвяк, які ноччу выходзіць з магілы, каб шкодзіць людзям (смактаць кроў, душыць, ірваць на часткі і г.д.). Нар. фантазія вампіра ўяўляла з тоўстымі (раздутымі) губамі і тонкім, вострым, як змяінае джала, языком. У нар. вераваннях вампір — увасабленне страху прымхлівых людзей перад памерлымі чараўнікамі (стараж. славяне нават прыносілі вампіру ахвяры).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНКА, бронзаўка касматая (Epicometis hirta),

жук сям. пласцініставусых. Пашыраны ў Еўропе ад лясной зоны да гор Крыма і Каўказа.

Даўж. да 13 мм, цела матава-чорнае. Надкрылы з жаўтаватымі плямамі. Зверху густыя жоўта-шэрыя валаскі (адсюль другая назва). Лятае вясной і напачатку лета, жывіцца кветкамі і пупышкамі пераважна пладовых дрэў, а таксама злакамі. Зімуе ў глебе, вясной адкладвае 15—20 яец. Поўнасцю развіваецца за год. Шкодзіць дэкар. і пладовым раслінам.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́МАЯ СО́ЎКА (Agrotis segetum),

насякомае атрада матылёў. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі.

Размах крылаў 4—5 см. Пярэднія крылы шэрыя або амаль чорныя з плямамі, заднія — белыя. Актыўныя ўначы. Самка вельмі пладавітая, адкладвае больш за 2 тыс. яец. Матылькі жывяцца нектарам кветак, сокам раслін, вусені — травяністымі раслінамі. Шкоднікі с.-г. культур: псуе высеянае зерне азімых злакаў, шкодзіць руні, кукурузе, сланечніку, бавоўніку і інш. раслінам.

Азімая соўка і яе вусень.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНАВО́ЧКА хлебная

(Chlorops pumilionis),

насякомае сям. злакавых мушак. Пашырана ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Шкодзіць пшаніцы, ячменю, аўсу і інш. хлебным злакам.

Даўж. 3—5 мм, цела светла-жоўтае, на спіне чорныя палосы, вочы ярка-зялёныя (адсюль назва). За год 1—2 пакаленні. Самка адкладвае яйцы на лісце злакаў. Зімуюць лічынкі ў сцёблах азімых, акукліваюцца вясной. Лёт З. ў канцы мая.

Зеленавочка: а — дарослая муха; б — лічынка ў сцябле.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),

род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.

Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.

Пчалажук звычайны.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ БЕ́ЛЫ МАТЫ́ЛЬ (Hyphantria cunea),

матыль сямейства мядзведзіц. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Венгрыі (1940). Пашырыўся па інш. краінах Еўропы. Шкодзіць раслінаводству.

Размах крылаў 2,0—3,5 см. У некаторых асобін на брушку і крылах дробныя чорныя плямкі. Вусені даўж. 2,5—3,5 см, усёедныя, кормяцца больш як на 200 відах раслін. За год 2 пакаленні. Матылі першага пакалення вылятаюць у маі, другога — у ліпені—жніўні. Адкладаюць 300—2500 яец на ніжнюю паверхню ліста. Вусені шкодзяць раслінам. Меры барацьбы: каранцін, апрацоўка раслін спец. прэпаратамі.

Амерыканскі белы матыль і яго вусень.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБУ́ЗІЯ (Gambusia affinis),

рыба сям. пецыліевых атр. карпазубых. Радзіма — Паўн. і Цэнтр. Амерыка. Жыве ў невял. стаячых прэснаводных вадаёмах. Акліматызавана ў многіх краінах Еўразіі, Аргенціне, на Гавайскіх а-вах у мэтах барацьбы з малярыйнымі камарамі. Разводзяць у акварыумах.

Даўж. цела самца да 4 см, самкі да 7,5 см. Афарбоўка цела шаравата-аліўкавая ці жаўтаватая з цёмнымі плямамі, плаўнікі бясколерныя. Самцы цямнейшыя. У самцоў пярэднія прамяні анальнага плаўніка пераўтвораны ў спаравальны орган (ганаподый). Апладненне ўнутранае. Жывародная. Корміцца лічынкамі і кукалкамі камароў, зоапланктонам, ікрой і маляўкамі рыб, у т. л. і сваімі. Шкодзіць рыбнай гаспадарцы.

Гамбузія: 1 — самка; 2 — самец.

т. 5, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЖА́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)