кірунак у выяўл. мастацтве канца 19—1-й пал. 20 ст., які характарызуецца праграмным свядомым спрашчэннем маст. вобразаў і сродкаў выяўлення арыентацыяй на формы прымітыву, інсітнага мастацтва, народнай творчасці, дзіцячай творчасці. Узнікненне і развіццё П. звязана з непрыняццем урбанізацыі жыцця, уніфікаванасці масавай культуры і элітарнасці сучаснага мастацтва. Мастакі імкнуліся да эмацыянальнай чысціні і яснасці нар. ці дзіцячага светаўспрымання, пошуку першакрыніц творчасці. Рысы П. ўласцівы творчасці П.Гагена, групы «Набі», ранніх прадстаўнікоў кубізму, фавізму, дадаізму ў Францыі, П.Клее ў Швейцарыі, Ю.Л.Макоўскага ў Польшчы, удзельнікаў маст. аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Блакітная ружа» (М.Крымаў, М.Сар’ян) у Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ,
гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас.р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ГАДЭРЭ ((Brigadere) Ганна Крыш’янаўна) (1.10.1861, воласць Тэрветэ, Латвія — 25.6.1933),
латышская пісьменніца. Скончыла аднагадовыя пед. курсы (1885). Пісала вершы, апавяданні, п’есы-казкі. Асаблівае месца ў творчасці Брыгадэрэ адведзена жанчыне як захавальніцы маральнай чысціні грамадства. Рэаліст. карціны рэчаіснасці, таленавітае раскрыццё жаночых характараў спалучаны з рэліг. ідэямі, філасофіяй пакоры пакутам. Найб. значныя творы: п’есы «Прынцэса Гундэга і кароль Брусубарда» (1912), «Мая і Пая» (1921), «Чароўная птушка Лаліты» (1926; у п’есах выкарыстоўвала фалькл. сюжэты), аўтабіягр. трылогія «Бог, прырода, праца», «У суровых вятрах», «У каменнай клетцы» (1926—33). На бел. мову асобныя творы Брыгадэрэ пераклаў А.Рыбак (зб. «Песня Даўгавы», 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае, за 2 км на ПдУ ад воз. Шо. Пл. 0,59 км², даўж. 2,13 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 24,7 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 4,2 км².
Схілы катлавіны пад лесам, на Пн, ПнЗ разараныя. Берагі на З, У, ПдУ высокія, пясчаныя, парослыя лесам, на ПнЗ і Пд нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка возера сапрапелістая. Паласа расліннасці шыр. 40—50 м да глыб. 4 м. Азёрны заказнік, створаны ў 1979 з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў, асабліва баброў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНЫ НІЛ,
араб.Бахр-эль-Азрак, рака ў Афрыцы, у Эфіопіі і Судане, правы, самы паўнаводны прыток Ніла. Даўж. 1600 км, пл.бас. 300 тыс.км². Пачынаецца пад назвай М.Абай на Эфіопскім нагор’і (у гарах Чокэ), працякае праз воз. Тана, выцякае з яго пад назвай Абай, на працягу 500 км прабіваецца ў глыбокім каньёне, утварае парогі і вадаспады (Тыс-Эсат, выш. 45 м і інш.), потым цячэ па раўнінах Судана як Блакітны Ніл (назва ад чысціні і празрыстасці вады). Гал. прытокі Рахад і Дындэр. Каля г. Хартум зліваецца з Белым Нілам. Паводка летам. Сярэдні расход вады каля вусця 1650 м³/с. ГЭС у гарадах Эр-Расейрэс і Сенар. Вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходства за 580 км ад вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫ (Hydrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).
Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАПАГЛЫБЛЕ́ННЕ,
павелічэнне глыбіні (да 30—40 см) ворнага пласта глебы і паляпшэнне яго аграфізічных уласцівасцей; агратэхн. прыём апрацоўкі глебы. Ажыццяўляецца паступовым далучэннем да ворнага пласта падворыўных слаёў звычайнымі або яруснымі плугамі і глыбокім падглебавым рыхленнем рыхліцелямі з безадвальнымі рабочымі органамі. У выніку паляпшаецца водна-паветраны, цеплавы і пажыўны рэжым глебы, памяншаецца або ліквідуецца ўплыў адмоўных фактараў на рост і развіццё раслін, павялічваецца рэпрадукцыйны працэс с.-г. культур, інтэнсіўнасць кругавароту пажыўных рэчываў. Глебапаглыбленне садзейнічае глебаахове і экалагічнай чысціні прадукцыі. Эфектыўнасць глебапаглыблення вызначаецца біял. ўласцівасцямі раслін (найб. адчувальныя коранеклубняплоды, кукуруза, шматгадовыя травы) і грануламетрычным саставам глеб. На Беларусі глебапаглыбленне праводзяць для дзярнова-падзолістых глеб, якія развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, лёсападобных суглінках, або супясчаных глеб, што падсцілаюцца марэннымі суглінкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,
філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння Г.Гегеля і развівае яго ідэі. Узнікла ў Германіі ў 1830—40-х г. У спрэчках па рэліг. пытаннях унутры гегелеўскай школы вылучылася некалькі кірункаў. Т. зв. правагегельянства трактавала Гегеля ў духу пратэстанцкай артадоксіі, разглядала яго філас. сістэму як рацыянальную форму багаслоўя (К.Гёшэль, Г.Гінрыхс, Г.Габлер); радыкальнае левае гегельянства (младагегельянства) адмаўляла яго рэліг. матывы, падкрэслівала вырашальную ролю асобаснага, суб’ектыўнага фактару ў гісторыі ў процівагу гегелеўскаму «сусветнаму духу» (А.Руге, Б.Баўэр і інш.). Прамежкавае становішча займала «артадаксальнае» гегельянства, імкнучыся захаваць вучэнне Гегеля ў яго «чысціні» (К.Міхелет, К.Розенкранц і інш.). Адраджэнне цікавасці да Гегеля ў філасофіі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выклікала з’яўленне ў розных краінах плыней, у т. л.неагегельянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХДЗІ́ Суданскі, Мухамед Ахмед ібн ас-Сеід Абдалах (12.8.1844, в-аў Лебаб, Судан — 22.6.1885), арабскі рэліг. дзеяч, правадыр нар. паўстання ва Усх. Судане ў 1880-я г. Атрымаў традыц.рэліг. адукацыю ў Амдурмане і Берберы. Чл. суфійскага рэліг. ордэна Саманія. Пасля разрыву з кіраўніком ордэна пасяліўся на в-ве Аба на Ніле. Набыў вядомасць як таленавіты прапаведнік, заклікаў вярнуцца да першапачатковай «чысціні» ісламу, выкрываў злоўжыванні англа-егіп. улад. У 1881 абвясціў сябе махдзі, узначаліў барацьбу народаў Усх. Судана супраць замежнага панавання. У студз. 1885 авалодаў сталіцай Судана — г. Хартум. Заснаваў новую сталіцу — г. Амдурман, дзе неўзабаве памёр. Грабніца М.С. — месца паломніцтва мусульм. вернікаў Судана, а яго нашчадкі адыгрываюць важную ролю ў рэліг. і паліт. жыцці краіны.