КЛА́СЫ ЧЫСЦІНІ́, класы шурпатасці,

характарыстыка якасці (чысціні) апрацаванай паверхні. У СССР існавала 14 К.ч., класы 6—14-ы дадаткова разбіваліся на 3 разрады кожны (а, б, в). К.ч. абазначаліся роўнастароннім трохвугольнікам, напр., ∇ 14 в азначае 14-ы К.Ч., разрад в. У 1980 дзярж. стандартам К.ч. заменены інш. параметрамі шурпатасці паверхні.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКЛЕ́Д [ад ал(юміній) + англ. clad пакрыты],

паўфабрыкат (ліст, труба) з высокатрывалага алюмініевага сплаву, пакрыты (плакіраваны) алюмініем высокай чысціні або інш. сплавам. Таўшчыня плакіравальнага слоя не менш як 35 мкм, што забяспечвае электрахім. ахову ад карозіі, зніжае стат. стамляльную трываласць матэрыялу.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІЯСАМО́З, глосаталёз,

інвазійная хвароба моладзі рыб, якую выклікаюць умоўна-патагенныя інфузорыі з роду Apiosoma. Узбуджальнік — часцей A. piscicola, пашыраная ў штучных сажалках, у т. л. і на Беларусі. Інфузорыі выклікаюць на скуры і шчэлепах моладзі рыб некрозы і моцнае слізевыдзяленне. Шчэлепы бледныя. У зімавальных сажалках хворая моладзь худнее і гіне. Хвароба ўскладняецца паразітаваннем інш. інфузорый. Лечаць брыльянтавай зеленню. Прафілактыка: стварэнне нармальных гідрахім. умоў і падтрыманне чысціні вадаёмаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),

фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.​Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫТАНІ́ЗМ (ад лац. puritas чысціня),

плынь у кальвінізме, паслядоўнікі якой выступалі за паглыбленне Рэфармацыі, праведзенай зверху ў выглядзе англіканства (гл. Англіканская царква), супраць каралеўскага абсалютызму. Існаваў у 16—17 ст. ў Англіі. Пурытане вызначаліся рэліг. фанатызмам, заклікалі да аскетызму, маральнай і фіз. чысціні. Падзяляліся на памяркоўную (прэсвітэрыяне) і радыкальную (кангрэгацыяналісты) плыні. П. стаў ідэалаг. абгрунтаваннем рэвалюцыі 1640—53 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя), у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі абедзвюх плыней.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІНА́Ж (ад франц. affinage ачыстка),

працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАНО́ВІЧ (Іосіф Іосіфавіч) (н. 9.5.1920, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.​Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).

А.​С.​Наркевіч.

І.Белановіч. Сустрэча з мінулым (Поле памяці). 1978.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,

тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у т. л. існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,

паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II і III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш. Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНД ((Lind) Ені) (Жэні; 6.10.1820, Стакгольм — 2.11.1887),

шведская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Вучылася спевам у школе пры Каралеўскім т-ры (Стакгольм), з 1838 у трупе гэтага т-ра. З 1844 у Прыдворным т-ры ў Берліне, інш. т-рах Еўропы. З 1856 жыла ў Вялікабрытаніі. Валодала голасам надзвычай вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру і крыштальнай чысціні (яе называлі «шведскі салавей»). Сярод партый, у т. л. драм. сапрана: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.​Беліні), Аліса («Роберт-Д’ябал» Дж.​Меербера), Амалія («Разбойнікі» Дж.​Вердзі), Адзіна («Любоўны напітак» Г.​Даніцэці) і інш. Яе творчасць — значны этап у станаўленні швед. нац. рамантызму.

Е.Лінд.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)