ГЕ́СЕН Юлій Ісідаравіч (Іуда Ізраілевіч; 20.3.1871, г. Адэса, Украіна — 22.8.1939),
гісторык. Д-р гіст. н. (1939). Да 1917 займаўся гісторыяй яўрэяў у Рас. імперыі, у т. л. гісторыяй яўрэяў на Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння «Яўрэйскай энцыклапедыі» на рус. мове (т. 1—16, 1908—13), у якой узначальваў аддзел «Яўрэі ў Расіі з 1772» і быў аўтарам многіх артыкулаў. Пасля 1917 пераважна даследаваў гісторыю рас. рабочага класа. З 1921 пад яго рэдакцыяй у Ленінградзе выдаваўся «Архіў гісторыі працы ў Расіі», «Рускае мінулае», у 1925 — «Хрэстаматыя па гісторыі рабочага класа ў Расіі». З 1930 рэдактар «Вестника АН СССР».
Тв.:
История еврейского народа в России. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1925—27;
История горнорабочих СССР. Т. 1—2. Л., 1926—29.
т. 5, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ Лявон (Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),
бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.:
У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,
помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.
Публ.:
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
У.М.Свяжыпскі.
т. 14, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗЕ́МБЛА Люцыян (11.2.1864, Вільня — 12.12.1942),
гісторык культуры, краязнавец, калекцыянер. Адзін з ініцыятараў стварэння ў Вільні т-ва аматараў старажытнасцей і народазнаўства (1899), т-ва музея навукі і мастацтва (1906), прымаў актыўны ўдзел у віленскім т-ве сяброў навукі. Сабраў каштоўную б-ку і калекцыю рукапісаў (часткова зберагаецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр. б-кі АН Літвы). Апублікаваў у польскай прэсе (Варшава, Вільня) шмат артыкулаў на гіст.-культ. і гіст.-літ. тэмы, у т. л. пра жыццё і творчасць У.Сыракомлі. Перапісваўся з Э.Ажэшка. Ініцыятар ушанавання памяці А.Міцкевіча ў 1897 у Вільні, членам юбілейнага к-та быў і Ф.Багушэвіч. Аўтар некралогаў пра Багушэвіча «Паэт-юрыст», «Францішак Бенедыкт Багушэвіч» (1900).
Тв.:
Бел. пер. — Паэт-юрыст // Пачынальнікі. Мн., 1977;
Францішак Бенедыкт Багушэвіч // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Г.В.Кісялёў.
т. 16, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНО́ВІЧ Алена Іванаўна (н. 18.3.1933, г. Гомель),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1987). Скончыла Маскоўскі ун-т (1955). З 1958 працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1968 — у БДУ. Даследуе гісторыю бел. і рус. моў, структуру і стылістыку тэкстаў скарынаўскіх выданняў, займаецца параўнальна-гіст. і тыпалагічным вывучэннем слав. моў. Аўтар манаграфіі «Прыслоўе ў гісторыі рускай мовы: Генезіс і функцыянаванне асноўных марфалагічных тыпаў вытворных прыслоўяў» (1978), навуч. дапаможніка «Гістарычная граматыка рускай мовы» (1986) і інш. Сааўтар «Гісторыі беларускай літаратурнай мовы» (т. 2, 1968), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы», «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (абодва 1970), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 10, 12, 14, 18, 20, 1990—2001), «Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994). Адзін са складальнікаў кн. «Гісторыя і дыялекталогія рускай мовы: Хрэстаматыя даследаванняў» (2002) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКА (Onoszko) Ян (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),
польскі і бел. паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.Дубоўка.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ Восіп Міхайлавіч (9.1.1801, г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),
гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал. школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.
Літ.:
Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.
У.М.Міхнюк.
т. 7, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,
«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).
І.У.Саламевіч.
т. 8, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)