ЗЯЗЮ́ЛЯ Андрэй (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),

бел. паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Багдановічам, А.​Грыневічам, З.​Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд. Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай у Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац. АН Беларусі ў Мінску.

Літ.:

Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;

Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),

разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).

Літ.:

Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;

Лесняк Ю. Медитация. М., 1992;

Психотерапевтическая энциклопедия. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,

хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.

Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст. Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.​Каломба, статуя Данатэла, карціны А.​Дзюрэра, В.​Карпача, Л.​Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.

Л.​М.​Драбовіч.

Да арт. Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.​Учэла 1450-я г.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́ЦКІ Мацвей Восіпавіч (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),

філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л. «Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,

веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл. Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.

А.​У.​Верашчагіна.

Да арт. Вялікдзень. Уваскрэсенне — сашэсце ў пекла Абраз з Троіцкай царквы в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. 2-я пал. 17 — пач. 18 ст.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЦЫЙ, Квінт Гарацый Флак (Quintus Horatius Flaccus; 8.12.65 да н.э., Венузія, цяпер г. Веноса, Італія — 27.11.8 да н.э.),

рымскі паэт. Сын раба-вольнаадпушчаніка. У Рыме і Афінах вывучаў грэч. л-ру, філасофію і мастацтва. Быў трыбунам у рэсп. арміі Брута. Пасля паражэння рэспубліканцаў у бітве пры Філіпах (42 да н.э.) падпаў пад рэпрэсіі. Зарабляў на жыццё працай перапісчыка, пачаў пісаць вершы. Далучыўся да літ. гуртка Мецэната, атрымаў ад яго невял. маёнтак і цалкам засяродзіўся на паэт. творчасці. Паступова перайшоў на пазіцыі цэзарызму. Яго «Эподы» — ямбічныя вершы разнастайнага зместу, лепшыя з якіх заклікалі да згоды і міру, і 2 кнігі «Сатыр» («Гутарак») на філас.-этычныя тэмы створаны паміж 41 і 30 да н.э. Грамадзянскім, філас., велічальным (усхвалялі Мецэната і імператара Аўгуста), любоўным, сяброўскім і застольным одам Гарацыя («Песні», кн. І—З, 23 да н.э., кн. 4, 17—13 да н.э.) уласцівы яскравая вобразнасць, тонкі гумар, вытанчанасць мовы і кампазіцыі, рытмічнае багацце. Для твораў Гарацыя характэрны культ суладдзя, мудрай разважлівасці («залатой сярэдзіны») і прыгажосці. У «Пасланні да Пізонаў» («Навука паэзіі», увайшло ў «Пасланні», кн. 1—2, 20—13 да н.э.) выклаў свае эстэт. прынцыпы, якія былі ўзяты за аснову тэарэтычнай праграмы еўрап. класіцызму. У Еўропе 17 ст. роўным Гарацыю па майстэрстве лічыўся паэт-лацініст М.​Сарбеўскі («хрысціянскі Гарацый»). У 1909 у Мінску ў серыі «Бібліятэка «Капітолій» двума выданнямі выдадзены «Скандоўнік» да выбраных од і эподаў Гарацыя (дапаможнік для правільнага чытання лац. вершаў). На бел. мову яго творы перакладалі М.​Багдановіч (ода «Помнік»), А.​Жлутка.

Тв.:

Бел. пер. — Да Мецэната;

Да Ліцынія Мурэны;

Да Леўканоі // «Тутэйшыя». Мн., 1989;

Рус. пер. — Полн. собр. соч. М.; Л., 1936;

Оды, эподы, сатиры, послания. М., 1970.

С.​Дз.​Малюковіч.

Гарацый. Выява на старажытнарымскай манеце.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНК Сямён Людвігавіч (29.1.1877, Масква — 10.12.1950),

расійскі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1894—98), скончыў Казанскі ун-т (1901). З 1912 у Пецярбургскім ун-це, з 1917 праф. Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў, адначасова з 1921 арганізатар (з М.А.Бярдзяевым) і дэкан Акадэміі духоўнай культуры ў Маскве. У 1922 высланы; эмігрыраваў у Германію (выкладаў у Берлінскім ун-це), з 1937 у Францыі, з 1945 у Лондане. Паслядоўнік рас. філасофіі ўсеадзінства, свае філас. погляды вызначаў як «хрысціянскі рэалізм». У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека. Ва ўнутр. свеце чалавека адрозніваў душэўную (адчуванні задавальнення, страху і інш.) і духоўную (адчуванні, якія выводзяць чалавека па-за межы фіз. свету) сферы. Найвышэйшым родам рэальнасці прызнаваў Бога, сувязь якога з інш. слаямі рэальнасці лічыў «трансрацыянальнай»: свет, паводле Ф., не частка Бога, а тое, у чым божае раскрываецца і выяўляецца. Наяўнасць у рэальнасці зла і граху тлумачыў незавершанасцю працэсу стварэння Богам свету («Неспасцігальнае», 1939). Яго гнасеалагічныя погляды будуюцца на прызнанні першаснасці перажыванняў, непасрэднай інтуіцыі і другаснасці рацыянальнага пазнання рэальнасці. Асаблівасцю рас. філасофіі лічыў спалучэнне рацыяналізму зах. філасофіі і ірацыяналізму ўсх. светапогляду («Сутнасць і вядучыя матывы рускай філасофіі», 1925). Творчасць А.​Пушкіна, М.​Гогаля, Ф.​Цютчава, Ф.​Дастаеўскага разглядаў з пункту гледжання выяўлення спецыфікі рус. светапогляду.

Тв.:

Соч. М., 1990;

Духовные основы общества. М., 1992;

По ту сторону «правого» и «левого». Мн., 1992;

Русское мировоззрение. Спб., 1996;

Реальность и человек. Спб., 1997;

Предмет знания;

Душа человека. Мн.;

М., 2000.

Літ.:

Буббайер Ф. С.​Л.​Франк: Жизнь и творчество рус. философа: Пер. с англ. М., 2001;

Гайденко П.П. Метафизика конкретного всеединства, или Абсолютный реализм С.​Л.​Франка // Вопр. философии. 1999. №5;

Котава В.А. Праблема суб’ектыўнасці ў «Неспасцігальным» С.​Л.​Франка // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1994. №4.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Адам Вікенцьевіч (6.1.1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 29.11.1949),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літ.-знавец, каталіцкі святар. Канд. кананічнага права (1918). Скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвячоны ў святары ў 1914. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (1917), член яе ЦК (з 1931), рэдактар-выдавец час. «Хрысціянская думка» (1928—39). У 1919—33 выкладчык рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1922 пасол (дэпутат) польскага сейма, нам. старшыні Беларускага пасольскага клуба. У 1924—26 старшыня Таварыства беларускай школы, кіраўнік Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Адзін з заснавальнікаў у Вільні бел. друкарні імя Ф.​Скарыны (1926—40). З 1939 старшыня Бел. цэнтра ў Літве, рэдактар газ. «Крыніца» (гл. «Беларуская крыніца»). У час 2-й сусв. вайны служыў у касцёле св. Міхаіла ў Вільні. У 1949 арыштаваны органамі НКУС і абвінавачаны ў антысав. дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (г. Тайшэт Іркуцкай вобл.), дзе і памёр. Аўтар прац па пытаннях гісторыі бел. народа («Вітаўт Вялікі і беларусы», 1930; «Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі», 1933; «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», 1934); нац. асветы («Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.», 1928), бел. нац. адраджэння ў 19—1-й пал. 20 ст. («Беларускі хрысціянскі рух», 1939), хрысціянства і хрысціянска-дэмакр. руху на Беларусі [«Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)», 1940] і інш. Працаваў над кн. «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)» (з 5 запланаваных частак да арышту напісаў толькі 2). Асабісты архіў С. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Вабішчэвіч А. «... беларусы. маюць законы толькі на паперы...» // Бел. гіст. часоп. 1995. № 2;

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999 С. 183—184, 403—409;

Конан У. Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў XX ст. Мн., 2000.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫЯ СВЯ́ТЫ,

калектыўныя мастацка-магічныя дзеі, прадстаўленні, карнавалы, інсцэніроўкі і падобныя да іх мастацкія формы, што ўзніклі на аснове міфалагічнага мыслення, сістэмы каляндарных рытуалаў і абрадаў стараж. эпохі.

Вытокі Т.с. у першабытных скоках як магічна-рытуальных прадстаўленнях да і пасля паляванняў, як адлюстраванне ўрачыстых родава-племянных падзей — радзін, ініцыяцый, шлюбна-любоўных звычаяў і інш. Пашыраны ў сярэдневякоўі на аснове абрадавага фальклору. З прыняццем хрысціянства пачаўся працэс уключэння ў структуру Т.с. хрысціянскіх элементаў. Некаторыя з іх (Каляды — Раство Хрыстова, Вялікдзень — Пасха, Тройца — Сёмуха) сталі арган. спалучэннямі сімвалізуемых імі з’яў; другія ў большай ступені набылі хрысціянскі характар — Спас, Пакровы; многія захавалі прыродна-дахрысціянскую сутнасць — Гуканне вясны, Юр’я, Дзяды і інш.

Каляндарныя Т.с. беларусаў захавалі падпарадкаванасць гадавому колу сонца. Найважнейшыя з іх: веснавыя — Стрэчанне-Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Звеставанне (гл. Дабравешчанне), Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце; летнія — Зялёныя святкі, Купалле, Пятро, Зажынкі—Жніво—Дажынкі; восеньскія — Жаніцьба коміна, Багач, Пакровы, Дзяды; зімовыя — Піліпаўка, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Шчодрык, Вадохрышча. На аснове светапогляду беларусаў, быццам душы нябожчыкаў могуць уплываць на дабрабыт, здароўе і лёс кроўных родзічаў, узніклі штосуботнія ўшанаванні памерлых — Дзяды. З традыцыі Дзядоў на Беларусі ўзніклі разнастайныя па змесце сямейныя Т.с. радзін, вяселля, памінак. У сярэдневякоўі на іх аснове ўзніклі прадстаўленні местачкоўцаў, гараджан, шляхты, паноў, баяр, пазней рэкрутаў, салдат, прыгонных і інш. Сучасныя святы — гістарычныя, прафесійныя, ваенныя, узроставыя ініцыяцыі (пасвячэнні, юбілеі) — набываюць тэатралізаваны характар. Папулярнымі ўсенароднымі карнаваламі на Беларусі застаюцца Каляды і Купалле. Сучасныя народныя Т.с. захавалі элементы фалькл. спадчыны. Самае распаўсюджанае — Навагодняе (1 студз. і 14 студз. ў праваслаўі). Сярод сучасных Т.с. дзяржаўных: Свята працы, Дзень Перамогі, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень Кастр. рэвалюцыі, а таксама Дажынкі (гл. Святы і святочныя дні); юбілейных: рэспубліканскія, абласныя. раённыя, гарадскія (напр., 900-годдзе Барысава — 29.6.2002), пасёлкаў і вёсак, прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, ВНУ, сярэдніх спец. навуч. устаноў, школ, гімназій, ліцэяў; дзеячаў навукі, мастацтваў, культуры. Зараджаюцца і развіваюцца і інш. Т.с.: «Багрымава восень» у Крошыне, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Траецкі кірмаш» у Мінску, «Славянскі базар у Віцебску», «Тэатральная вясна» ў Маладзечне, рэгіянальнае свята «Пявучае поле» на возеры Нарач; ваенныя, гістарычныя, дзіцячыя, юнацкія; усталявалася свята Дзень бел. пісьменства і друку. У сучасных Т.с. назіраецца тэндэнцыя выкарыстання ўсіх відаў нар. і прафес. мастацтваў і паяднанне прафес. і аматарскага тэатр. мастацтваў. Сярод бел. рэжысёраў—стваральнікаў сучасных народных Тс. вылучаюцца М.​Макарцоў, П.​Гуд, В.​Ліцьвінка.

Літ.:

Аляхновіч А., Лозка А. Зімовыя святы. Мн., 1999: Іх жа. Веснавыя святы. Мн., 2000;

Лозка А. Восеньскія святы Мн., 1995;

Яго ж Летнія святы. Мн., 2001;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў 3 выд. Мн., 2001;

Адамовіч Я. Рана на Івана ... 2 выд. Мн., 2002;

Żygulski K. Święto i kultura. Warszawa, 1981.

В.​Дз.​Ліцьвінка, Я.​К.​Адамовіч.

Да арт. Тэатралізаваныя святы. Праводзіны зімы. Мінск.
Тэатралізаванае свята «Звіняць цымбалы і гармонік». Паставы. 1992.

т. 16, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАЧО́БНЫЯ ПЕ́СНІ, валачэўныя, валхоўныя, лалоўныя песні,

від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт. культуры. З інш. слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Валачобныя песні. Мн., 1980.

Літ.:

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Ліс А.С. Валачобныя песні. Мн., 1989.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)