ГАРА́ЦЫЙ,

Квінт Гарацый Флак (Quintus Horatius Flaccus; 8.12.65 да н.э., Венузія, цяпер г. Веноса, Італія — 27.11.8 да н.э.), рымскі паэт. Сын раба-вольнаадпушчаніка. У Рыме і Афінах вывучаў грэч. л-ру, філасофію і мастацтва. Быў трыбунам у рэсп. арміі Брута. Пасля паражэння рэспубліканцаў у бітве пры Філіпах (42 да н.э.) падпаў пад рэпрэсіі. Зарабляў на жыццё працай перапісчыка, пачаў пісаць вершы. Далучыўся да літ. гуртка Мецэната, атрымаў ад яго невял. маёнтак і цалкам засяродзіўся на паэт. творчасці. Паступова перайшоў на пазіцыі цэзарызму. Яго «Эподы» — ямбічныя вершы разнастайнага зместу, лепшыя з якіх заклікалі да згоды і міру, і 2 кнігі «Сатыр» («Гутарак») на філас.-этычныя тэмы створаны паміж 41 і 30 да н.э. Грамадзянскім, філас., велічальным (усхвалялі Мецэната і імператара Аўгуста), любоўным, сяброўскім і застольным одам Гарацыя («Песні», кн. І—З, 23 да н.э., кн. 4, 17—13 да н.э.) уласцівы яскравая вобразнасць, тонкі гумар, вытанчанасць мовы і кампазіцыі, рытмічнае багацце. Для твораў Гарацыя характэрны культ суладдзя, мудрай разважлівасці («залатой сярэдзіны») і прыгажосці. У «Пасланні да Пізонаў» («Навука паэзіі», увайшло ў «Пасланні», кн. 1—2, 20—13 да н.э.) выклаў свае эстэт. прынцыпы, якія былі ўзяты за аснову тэарэтычнай праграмы еўрап. класіцызму. У Еўропе 17 ст. роўным Гарацыю па майстэрстве лічыўся паэт-лацініст М.Сарбеўскі («хрысціянскі Гарацый»). У 1909 у Мінску ў серыі «Бібліятэка «Капітолій» двума выданнямі выдадзены «Скандоўнік» да выбраных од і эподаў Гарацыя (дапаможнік для правільнага чытання лац. вершаў). На бел. мову яго творы перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік»), А.Жлутка.

Тв.:

Бел. пер. — Да Мецэната;

Да Ліцынія Мурэны;

Да Леўканоі // «Тутэйшыя». Мн., 1989;

Рус. пер.Полн. собр. соч. М.; Л., 1936;

Оды, эподы, сатиры, послания. М., 1970.

С.Дз.Малюковіч.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)