НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),
французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.Д.Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.Ж.Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.Карнеля (1775; абедзве на муз. І.Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́СІН ((Massine) Леанід Фёдаравіч) (8.8.1895, Масква —15.3.1979),
расійскі і франц, танцоўшчык, балетмайстар. Скончыў Маскоўскае тэатр, вучылішча (1912), вучань А.Горскага. З 1912 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1914—28 (з перапынкам) у трупе Рускі балет Дзягілева. З 1932 у франц. трупе «Бале рус дэ Монтэ-Карла» (з 1933 гал. балетмайстар), з 1947 ставіў балеты ў т-рах Еўропы і ЗША. Сярод партый: Іосіф («Легенда пра Іосіфа» Р.Штрауса), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага), Млынар («Трохвуголка» М. дэ Фальі) і інш. З 1915 і харэограф. Узбагаціў выразныя сродкі балетнай сімфоніі як жанру 20 ст. Яго жанрава-характарныя пастаноўкі ўключалі танец, мастацтва і фальклор розных краін і эпох: «Жанчыны ў добрым настроі» на муз. Д.Скарлаці, «Трохвуголка»; «Пульчынела» і «Песня салаўя» на муз. Стравінскага, «Меркурый» Э.Саці, «Цудоўны Дунай» на муз. І.Штрауса, «Стальны скок» С.Пракоф’ева. Пастаўленыя ім сімф. балеты вызначаліся эмацыянальнасцю, маляўнічасцю: «Прадвесце» на муз. 5-й сімф. П.Чайкоўскага, «Фантастычная сімфонія» на муз. Г.Берліёза, «7-я сімфонія» на муз. Л.Бетховена, «Чырвонае і чорнае» на муз. 1-й сімф. і «Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча. Аўтар успамінаў «Маё жыццё ў балеце» (1960, рус.пер. 1997).