ГРЭ́ХЕМ,

Грэм (Graham) Марта (11.5.1894, г. Пітсбург, ЗША — 2.4.1991), амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог; адна з яркіх прадстаўніц танца мадэрн. Ганаровы д-р мастацтвазнаўства Гарвардскага ун-та (1966). Вучылася ў школе Р.Сен-Дэні і Т.Шоўна (1916—23), танцавала ў ёй. У 1927 стварыла ў Нью-Йорку Школу сучаснага танца Грэхем (буйнейшы цэнтр танца мадэрн), у 1929 — трупу «Грэхем данс груп», з якой выступала да 1971. Выпрацавала ўласны стыль рытмапластычнага танца, які вылучаецца экспрэсіяй і сцэн. выразнасцю. Выступала з сольнымі нумарамі ва ўласных пастаноўках: «Скарга» (1930) і «Амерыканскія правінцыялы» (1934) на муз. Л.Хорста, «Вясна ў Апалачах» (1944) на муз. А.Копленда, «Пячора сэрца» С.Барбера (1947), «Клітэмнестра» (1958) і «Люцыфер» (1975) Эль Дабха, «Спакушэнне месяца» на муз. Б.Бартака (1986) і інш. Сярод яе вучняў і паслядоўнікаў Дж.Батлер, М.Канінгем, Н.Морыс, Р.Норт, Г.Сакалова, П.Тэйлар, Г.Тэтлі, А.Эйлі.

Літ.:

Terry W. Frontiers of dance: the life of Martha Graham. New York, 1975.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)