ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,
раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам I (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх.франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЦІ́НСКІ (Ігар Васілевіч) (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац.дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.Сыскаўца, «Лівень» паводле А.Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.
Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс.км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд.Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс.чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.
Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц.г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл.Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.Шэкспіра, А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.Уайльда, Р.Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.Арбузава, «Навальніца» (1976) А.Астроўскага — усе для Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) (1992) М.Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) (1996) І.Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТА́НЬ (Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс.км². Нас. 2,8 млн.чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц.вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам I і стала яе правінцыяй. У час.франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. каля 1,2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаўХлодвіг I. У 8 ст.Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІНЬЁН (Avignon),
горад на ПдУ Францыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).
Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч. каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Папская дзяржава, Царкоўная вобласць, Царкоўная дзяржава,
тэакратычная дзяржава ў Сярэдняй Італіі на чале з папам рымскім у 756—1870. Сталіца — г.Рым. Утварылася пасля таго, як кароль франкаўПіпін Кароткі падараваў папу рымскаму Стэфану II Рымскую вобл., Равенскі экзархат (уключаў таксама Венецыю і Істрыю), Пентаполіс, Парму, Рэджыю, Мантую, герцагствы Спалета і Беневента, в-аў Корсіка. У 774 падараванне пацвердзіў Карл Вялікі. Да 888 П.в. — частка імперыі Каралінгаў, у 962—1274 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Межы П.в. неаднаразова мяняліся, гэтаму спрыяла феад. раздробленасць. У 13 ст. большасць гарадоў П.в. сталі камунамі. Уладу пап аслаблялі ератычныя рухі (Арнольда Брэшыянскага 1145—55) і паўстанні (Кола ды Рыенца ў 1347 і 1354). Асабліва іх ўлада аслабла ў перыяд Авіньёнскага паланення папаў. У 15 — пач. 16 ст. пачалося аднаўленне П.в., якое дасягнула значных поспехаў пры Аляксандру VI і Юлію II. У 16—18 ст. П.в. ператварылася ў абсалютысцкую дзяржаву. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 на яе тэр. ўтварылася Рымская рэспубліка 1798—99. У 1809—14 П.в. у складзе Франц. імперыі, адноўлена ў 1815. Пасля задушэння рэвалюцыі 1848 і ліквідацыі Рым. рэспублікі 1849 у П.в. размяшчаўся (з 1849) франц.вайск. корпус. Пасля рэвалюцыі 1859—60 ад П.в. да Сардзінскага (з 1861 Італьян.) каралеўства адышлі ўсе землі, акрамя Рыма і Рымскай вобл. У 1870 П.в. стала часткай аб’яднанай Італіі. У выніку Латэранскіх дагавораў 1929 папская дзяржава адноўлена на невялікай ч. Рыма (гл.Ватыкан).
Літ.:
Лозинский С.Г. История папства. 3 изд. М., 1986;
Ковальский Я.В. Папы и папство: Пер. с пол. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ННЯ (Bologna),
горад на Пн Італіі, на р. Рэна, каля падножжа Паўн. Апенінаў. Адм. ц. правінцыі Балоння і вобласці Эмілія-Раманья. Ва ўзгорыстай мясцовасці з высокаразвітой сельскай гаспадаркай (сады і вінаграднікі). 395 тыс.ж. (1993). Займае выгаднае трансп. становішча на шляхах з Паўн. Італіі на Пд. Вузел чыгунак, аўтадарог; аэрапорт; злучаны суднаходным каналам з р. По. Машынабудаванне (у т. л. дакладнае), чорная металургія, хім., керамічная (вырабы з маёлікі), фармацэўтычная, лёгкая, харч., паліграф.прам-сць. Цэнтр атамных даследаванняў.
З канца 6 ст. да нашай эры Балоння (Фельсіна) сталіца этрускаў. У 4 ст. да нашай эры захоплена племем бояў (адсюль сучасная назва). З 189 да нашай эры Балоння — рым. калонія Банонія. На пач. 8 ст. захоплена лангабардамі, пазней была пад уладай франкаў, папы рымскага. У 1114 дамаглася статуса гар. камуны. У канцы 11 ст.засн.Балонскі універсітэт. У 1506—1860 (з перапынкам у 1796—1815) Балоння ў складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Абрысы сярэдневяковай Балонні (вузкія прамыя вуліцы, дамы з аркадамі на 1-м паверсе, фасады гатычных палацаў) склаліся ў 11—15 ст. У цэнтры горада — плошчы Маджорэ і Нептуна з царквой Сан-Петроніо (14—17 ст.), «Палацам караля Энца» (1246), Палацца Камунале (13—15 ст.), Палацца дэль Падэста (13—15 ст.) і фантанам «Нептун» (1566). Комплекс раманскіх цэркваў 11—13 ст. Сан-Стэфана; нахіленыя дамы-вежы Торэ Гарызенда (1110), Торэ Азінелі (1009—1119); цэрквы Сан-Франчэска (13 ст.) і Сан-Даменіка (13—18 ст.); рэнесансавыя і барочныя дамы. Музеі: Нац. пінакатэка, Гар. музей, Галерэя сучаснага мастацтва. Захаваліся шматлікія некропалі этрускаў 6—4 ст. да нашай эры
Літ.:
Rubbi P. E. Guida alla Bologna d’oggi. Bologna, 1975.