помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.
Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.Пешкі. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЗІЧЫ,
вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав.ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́БІЧЫ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Падсвілле—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Падсвілле. 485 ж., 195 двароў (1996).
Упамінаецца ў 1431. У 16 ст. — цэнтр маёнтка ў Полацкім ваяв.ВКЛ. У канцы 18 ст. ў Галубічах дзейнічала уніяцкая царква (згарэла ў 1882), у 1843 пабудавана царква Міколы Цудатворца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. мястэчка Галубічы ў Пліскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; 76 ж., праваслаўная царква, яўр. малітоўны дом, крама, шынок. З 1921 Галубічы ў складзе Польшчы, у Глыбоцкім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Пліскім р-не. У Вял.Айч. вайну ў маі 1943 і маі—чэрв. 1944 ням.-фаш. захопнікі загубілі 216 ж., вёску (46 двароў) спалілі. З 1962 Галубічы — цэнтр сельсавета ў Глыбоцкім р-не.
Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму, гарадзішча ранняга жал. веку і сярэднявечча, ландшафтны заказнік «Галубіцкая пушча».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
адзін са старажытных манастыроў Беларусі. Існаваў у 13—19 ст. у в.Лаўрышава каля г. Навагрудка Гродзенскай вобл.Засн. ў 13 ст.вял.кн.ВКЛВойшалкам — у манастве Лаўрыш (паводле царк. версіі, заснавальнікам манастыра лічыцца прападобны Елісей Лаўрышаўскі, якому ў 1996 у Лаўрышаве пастаўлены помнік). У 13 ст. быў адным з цэнтраў летапісання Беларусі. Каля 1329 тут створана Лаўрышаўскае евангелле. У 14—15 ст. манастыр атрымаў ад бел. феадалаў і шляхты зямельныя падараванні, вёскі з сялянамі, права збору царк. дзесяціны. У 16 ст. пры манастыры працавала правасл. школа. У 1569 манастыр стаў уніяцкім, з 1615 належаў базыльянам. У сувязі са скасаваннем мітрапалітам І.Руцкім архімандрыі ў Лаўрышаве і адбіраннем свецкімі асобамі падараванняў у сярэдзіне — 2-й пал. 17 ст. манастыр збяднеў і заняпаў. Манастырскі комплекс адбудаваны ў 1775—80. У канцы 18—1-й трэці 19 ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная уніяцкая семінарыя, былі б-ка (каля 500 т., 1824) і архіў з вял. зборам дакументаў 14—19 ст. Пры царкве існавала брацтва. У 1816 манастыр валодаў 3 вёскамі з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі. У 1824 было 5 манахаў. У 1834—36 скасаваны, збудаванні не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Пліса, каля вытоку р. Мнюта, на аўтадарозе Глыбокае—Полацк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 166 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Падсвілле. 672 ж., 297 двароў (2000).
З пісьмовых крыніц вядома з пач. 16 ст. Пазначана на карце Полацкага ваяв. (1579) С.Пахалавіцкага. У розны час маёнтак П. належаў К.Астрожскаму, М.Пётуху, Р.І.Падбіпенту, В.П.Корсаку, Дэшпатам-Зяновічам. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У канцы 18—19 ст. ў мястэчку і фальварку П. існавалі школа, уніяцкая царква. капліца, сінагога, бровар, вадзяны млын, 6 крам, 2 корчмы. У 1897 у П. 899 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—50 цэнтр Пліскага раёна. У ліп. 1941—ліп. 1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія спалілі ў П. 197 двароў, загубілі ў П. і раёне 1676 чал. З 1962 у Глыбоцкім р-не.
Працуюць ПМК-33, сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Параскеўская царква (1887). Каля вёскі паселішча эпохі неаліту, бронз. і ранняга жал. вякоў, геал. помнік прыроды Пліскія тры вялікія камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫН,
горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс.чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.
У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.