1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч.кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна 1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн.га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн.га (14%), паша — 1,7 млн.га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн.га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс.га сенажацяў і 780,5 тыс.га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.
2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел.НДІ земляробства і кормавытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па наданні ворывапрыдатнага стану паверхні с.-г. угоддзяў. Уключаюць расчыстку зямель ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, выдаленне пнёў, ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны, знішчэнне купін, выдаленне імховага пачасся, камянёў з паверхні і ворнага гарызонту, планіроўку паверхні, першасную апрацоўку глебы. Выконваюцца на асушальных тарфяна-балотных, забалочаных і залішне ўвільготненых мінер. глебах, а таксама на цалінных, абложных, зарослых хмызняком, засмечаных камянямі, драбнаконтурных землях.
Пры расчыстцы зямель звальваюць дрэвы бульдозерамі або дрэваваламі; зразаюць дрэвава-хмызняковую расліннасць кустарэзамі ці бульдозерамі; карчуюць дрэвы, пні і хмызняк карчавальнікамі. экскаватарамі, трактарамі з тросамі і інш.карчавальнымі машынамі; зграбаюць дрэвава-хмызняковую масу спец. граблямі, падборшчыкамі, валкавальнікамі, пагрузчыкамі ў валы і кучы і знішчаюць іх; фрэзеруюць дрэвава-хмызняковую расліннасць (дыяметрам да 12 см) машынамі глыбокага фрэзеравання з наступным заворваннем рэшткаў драўніны; заворваюць хмызняк балотнымі плугамі; апрацоўваюць расліннасць арбарыцыдамі і выдаляюць драўніну пасля дастатковага згнівання. Ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны робяць узорваннем на глыбіню да 50 см балотнымі плугамі або карчавальнікамі з наступным збіраннем і знішчэннем выдаленай драўніны; знішчэнне купін — фрэзераваннем, прыкочваннем гладкімі або нажавымі каткамі, зразаннем; выдаленне імховага пачасся — заворваннем або мех. разрыхленнем і зграбаннем у валы і кучы, а таксама абпальваннем; выдаленне камянёў — каменяўборачнымі машынамі або карчавальнікамі-пагрузчыкамі; планіроўку паверхні — планіроўшчыкамі, грэйдэрамі, бульдозерамі і інш.; першасную апрацоўку глебы (для разбурэння драўніны і стварэння ворнага гарызонту) — узворваннем, дыскаваннем, фрэзераваннем. Пасля К.р. вядуць работы па акультурванні глебы (вапнаванне, унясенне ўгнаенняў, паглыбленне ворнага слоя і г.д.).
П.М.Багаслаўчык.
Да арт.Культуртэхнічныя работы. Машыны для першаснай апрацоўкі глебы: а — навясны хмызнякова-балотны плуг для ўзорвання балот і сухадольных зямель (1 — чаранковы нож, 2 — корпус з адвалам і лемяшом, 3 — механізм рэгулёўкі); б — машына для глыбокага суцэльнага фрэзеравання зямель, якія зараслі хмызняком (1 — адвал, 2 — апорны каток, 3 — пліта для здрабнення драўніны, 4 — фрэза, 5 — ушчыльніковы каток). Некаторыя аперацыі па расчыстцы тэрыторыі і першаснай апрацоўцы глебы: 1—2 — валка дрэў; 3 — карчаванне хмызняку карчавальнікам; 4 — культурнае ўзорванне, 5 — раздзелка пласта (дыскаванне) цяжкай дыскавай бараной; 6 — апрацоўка цяжкай зубавай бараной з вычэсваннем каранёў і пнёў; 7 — фрэзераванне балотнай фрэзай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад лац. melioratio паляпшэнне),
комплекс тэхн. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямельных, раслінных, водных і кліматычных рэсурсаў.
Гал. мэта М. — павышэнне ўрадлівасці глеб, фарміраванне высокапрадукцыйных аграбіяцэнозаў, стварэнне спрыяльных умоў для існавання карыснай флоры і фауны, уключэнне ў гасп. абарот вял. плошчаў непрыдатных зямель. Найб. пашырана с.-г.М., якая прадстаўлена гідратэхн., хім., агралесамеліярац., супрацьэразійнымі і культуртэхн. відамі. Гідратэхнічная М. (М. зямель з неспрыяльным водным рэжымам) — асушэнне або арашэнне глеб, тэрыторый. У залежнасці ад канкрэтных глебава-кліматычных умоў ствараюцца асушальныя, асушальна-ўвільгатняльныя, асушальна-арашальныя меліярац. сістэмы. Хімічная М. праводзіцца на с.-г. угоддзях з неспрыяльнымі аграхім. ўласцівасцямі глебы, яна ўключае вапнаванне глебы, унясеннемінер. угнаенняў і інш.хім. рэчываў. Агралесамеліярацыя выкарыстоўваецца для павышэння прадукцыйнасці лясоў. Супрацьэразійная М. накіравана на папярэджанне размыву і змыву глебы паверхневымі водамі, выдзімання яе ветрам, на ўмацаванне яроў і інш.Тэхнічная М. выкарыстоўваецца пры буд. работах для замацавання грунтоў. Большасць М. праводзіцца адначасова з культуртэхн. работамі, накіраванымі на паляпшэнне стану зямель. Пры выкананні меліярац. работ выкарыстоўваюцца меліярацыйныя машыны.
М. — адно з самых вял. антрапагенных уздзеянняў на прыродныя комплексы. Яна прыводзіць да пераўтварэння глеб, гідраграфіі, клімату, расліннасці, што выклікае глыбокія змены ў прыродным асяроддзі. Узніклі таксама новыя навукі, якія вывучаюць гэтыя з’явы: меліярацыйная гідрагеалогія, меліярацыйная геаграфія, меліярац. гідралогія, меліярац. глебазнаўства і інш. Выявіліся адмоўныя вынікі ўздзеяння М. на прыроду: перасушка глеб, выпрацоўка торфу, памяншэнне разнастайнасці жывёл і раслін, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод (адпаведна і ў калодзежах), павялічваецца колькасць замаразкаў, сухавеяў і інш.
Тэр. Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12% тэрыторыі) займаюць балоты, з іх больш за 80% нізінныя. Гэта патрабуе гідратэхн. М., накіраванай на паляпшэнне водна-паветр. рэжыму тарфяна-балотных і пераўвільготненых мінер. глеб. Першыя асушальныя работы пачаліся ў 1856, калі на тэр. Горы-Горацкага земляробчага ін-та быў закладзены ганчарны дрэнаж. У 1873—98 М. на Палессі працавала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот. У 1920—30-я г. праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена. Тэмпы М. рэзка павялічыліся ў 1960-я г., асабліва на Беларускім Палессі. З 1970-х Г. павысілася доля закрытага дрэнажу, сістэм з двухбаковым рэгуляваннем воднага рэжыму (22,1%, 1996), арашэння. Асн. віды меліярац. работ суправаджаюцца меліярацыяй клімату.
На Беларусі асушана каля 4 млн.га, з іх каля 3 млн.гас.-г. угоддзяў: 40% ворыва, 28 сенажацяў, 27 пашы, 5% інш. (1999). Патрабуецца ўдасканаленне тэхн. стану меліярац. сістэм на пл. 892,5 тыс.га (30,6%) усіх асушаных с.-г. угоддзяў. Для захавання эталонных прыродных комплексаў ствараюцца запаведнікі, заказнікі і інш. ахоўныя тэрыторыі, дзе правядзенне М. абмяжоўваецца або забараняецца. Для памяншэння негатыўных экалагічных вынікаў у меліярац. праектах уведзены раздзел «Ахова прыроды», ажыццяўляецца экалагічная экспертыза праектаў. Для больш эфектыўнага вырашэння праблем меліярац. навукі створаны н.-д. ўстановы, галаўная — меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ.
В.С.Аношка.
Да арт.Меліярацыя. Шлюз-рэгулятар на меліярацыйным канале.