СЫРАРО́БСТВА,
выраб сыроў з малака с.-г. жывёл. Працэс вытв-сці заснаваны на згусанні малака з дапамогай сычужнага ферменту або малочнай к-ты і ўключае падрыхтоўку малака да згусання (нармалізацыю, пастэрызацыю, унясенне бактэрыяльных заквасак), ператварэнне яго ў шчыльны згустак, выдаленне залішняй сыроваткі, фармаванне, прасаванне ў галоўкі, саленне і вытрымку для выспявання.
Сычужныя сыры атрымліваюць сквашваннем малака пад уздзеяннем сычужных ферментаў, кісламалочныя — малочнай к-ты. Цвёрдыя сыры (галандскі, расійскі і інш.) пасля салення вытрымліваюць пэўны час для выспявання і набыцця характэрнага смаку, водару, кансістэнцыі і колеру; мяккія (ракфор і інш.) выспяваюць пры уздзеянні паверхневай мікрафлоры і цвілі; расольныя (брынза, чанах, сулугуні і інш.) — у расоле, таму не маюць скарынкі і адрозніваюцца вострасалёным смакам. Плаўленыя сыры атрымліваюць пераплаўленнем натуральных сыроў з выкарыстаннем розных (адпаведных кожнаму віду сыру) рэцэптур. Гатовы сыр звычайна пакрыты парафінам. палімернымі плёнкамі, эмульсіямі, этыкетнай паперай. У С. выкарыстоўваюць механізаваныя сыраробныя ванны, фармовачныя апараты, машыны для апрацоўкі парафінам і інш.
С. было развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме, у сярэднія вякі асн. раёнам С. лічылася даліна р. По (Італія). У Францыі рабілі пераважна мяккія сыры (камамбер, ракфор, бры), у Швейцарыі — швейцарскія (эментальскія), у Галандыі — галандскі (эдамскі). Прамысл. развіццё ў Еўропе і Амерыцы С. атрымала ў 19 ст., у Расіі — у 2-й пал. 19 ст. На Беларусі сыраварні вядомы з 16 ст. У свеце вырабляецца каля 700 відаў сыроў (у краінах СНД больш як 160). Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.
Літ.:
Диланян З.Х. Сыроделие. 3 изд. М., 1984.
К.В.Фамічэнка.
т. 15, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)