НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (НАК),

нацыянальная арг-цыя, якая прадстаўляе краіну ў міжнар. алімпійскім руху. Стварэнне НАК. прадугледжваецца алімпійскай хартыяй у краінах і на асобных тэрыторыях. Садзейнічае развіццю алімп. руху і аматарскага спорту, наглядае за захаваннем алімп. прынцыпаў у краіне, забяспечвае ўдзел спартсменаў нац. каманд у Алімпійскіх гульнях. Стварэнне НАК і прызнанне яго Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК.) — умова допуску нац. каманд да ўдзелу ў Алімп. гульнях. НАК аб’ядноўвае 5 і больш нац. федэрацый па алімпійскіх відах спорту (федэрацыі ўваходзяць у адпаведныя міжнар. спарт. аб’яднанні). У НАК уваходзяць члены МАК краіны, кіраўнікі нац. спарт. федэрацый па алімп. відах спорту, прадстаўнікі краіны ў міжнар. спарт. аб’яднаннях, дзеячы фіз. культуры і спорту (згодна з уставам МАК). НАК карыстаецца алімпійскай сімволікай. У 1968 (Мехіка) створаны пастаянная Ген. асамблея НАК і аб’яднанне еўрап. НАК (э 1979 — Асацыяцыя НАК Еўропы).

На Беларусі НАК створаны 22.3.1991, прызнаны МАК 21.9.1993. Першы прэзідэнт НАК У.М.Рыжанкоў (1991—96), з 1997 А.Р.Лукашэнка. Вышэйшы орган — алімп. сход. Паміж сходамі працуе выканком (на чале з прэзідэнтам НАК) і бюро выканкома. Арганізац.выканаўчую і фін.-гасп. дзейнасць ажыццяўляе сакратарыят. Працуе 11 пастаянных камісій. НАК мае прадстаўніцтвы ў кожнай вобласці рэспублікі і ў Мінску.

П.П.Рабухін.

Эмблема Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНА́ ў праве, адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.

С.У.Скаруліс.

т. 4, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)