МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова), маналагічнае маўленне,
форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.
Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-пропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л.сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНЫЯ СПАБО́РНІЦТВЫ,
комплекс мерапрыемстваў па арганізацыі і ажыццяўленні дзейнасці спарт. каманд ці асобных спартсменаў, якія маюць на мэце выяўленне мацнейшых сярод удзельнікаў; аснова спорту. Абумоўліваюць дасягненне вышэйшых спарт. вынікаў, удасканаленне спарт. майстэрства, прапагандуюць фіз. культуру і спорт. Дазваляюць супастаўляць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці спартсменаў, іх узровень валодання тэхнікай і тактыкай пэўнага віду спорту, разнастайнымі тэхн. сродкамі, абсталяваннем і механізмамі; ацэньваць дзейнасць спарт. арг-цый, трэнераў, спартсменаў, суддзяў. Праводзяцца па стандартных афіц. правілах, пры забеспячэнні аднолькавых умоў для ўдзельнікаў, аб’ектыўным судзействе, тэхн. аснашчанасці, выкананні этычных норм (узаемапавага сапернікаў, суддзяў і балельшчыкаў, адмова ад выкарыстання забароненых біял. і мед. прэпаратаў і сродкаў).
Паводле маштабаў ахопу падзяляюцца на сусветныя (Алімпійскія гульні, універсіяда, чэмпіянаты і кубкі свету, шахматныя алімпіяды і інш.); рэгіянальныя (кантынент. чэмпіянаты, кубкі, гульні); нацыянальныя (асобных краін); абласныя; гарадскія і г.д. Бываюць комплексныя (Алімп. гульні, Параалімпійскія гульні, спартакіяды і інш.) і спецыялізаваныя (па асобных відах спорту); у залежнасці ад задач і ўмоў выяўлення пераможцаў — асабістыя, камандныя і асабіста-камандныя; паводле характару правядзення — афіцыйныя (на званне чэмпіёна, уладальніка кубка і інш.), класіфікацыйныя (для вызначэння спарт. кваліфікацыі ўдзельнікаў) і неафіцыйныя, якія ўключаюць С.с. камерцыйныя, таварыскія і па запрашэнні (дазваляюць адхіленні ад афіц. правіл, могуць уключаць нестандартныя дысцыпліны, дыстанцыі і інш.; іх вынікі не ўлічваюцца міжнар.спарт. арг-цыямі, федэрацыямі). Існуюць 3 асн. сістэмы правядзення С.с.: кругавая (усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або некалькі разоў, за перамогу налічваюцца ачкі), кубкавая (з выбываннем тых, што прайгралі) і змешаная (аб’ядноўвае прынцыпы кругавой і кубкавай сістэм). Праводзяцца раздзельна для мужчын і жанчын (акрамя коннага спорту, шэрагу тэхн. відаў і інш.); у залежнасці ад узросту ўдзельнікаў (дзіцячыя, юніёрскія, маладзёжныя, дарослыя, ветэранскія); у некат. відах спорту (тэніс, тэніс настольны, фігурнае катанне) прадугледжаны спаборніцтвы змешаных пар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э.рым. імператарам Феадосіем I.
2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар.спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл.табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).
Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж. сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш. атрыбутыка.
Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.
Літ.:
Олимпийская энциклопедия. М., 1980.
Г.К.Кісялёў.
Алімпійскія гульні
Алімпіяды
Год правядзення
Месца правядзення
Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I
1896
Афіны
13
II
1900
Парыж
21
III
1904
Сент-Луіс
12
IV
1908
Лондан
22
V
1912
Стакгольм
28
VI
1916
Берлін*
VII
1920
Антверпен
29
VIII
1924
Парыж
44
IX
1928
Амстэрдам
46
X
1932
Лос-Анджэлес
38
XI
1936
Берлін
49
XII
1940
Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII
1944
Лондан*
XIV
1948
Лондан
58
XV
1952
Хельсінкі
69
XVI
1956
Мельбурн
67
XVII
1960
Рым
84
XVIII
1964
Токіо
94
XIX
1968
Мехіко
113
XX
1972
Мюнхен
122
XXI
1976
Манрэаль
88
XXII
1980
Масква**
81
XXIII
1984
Лос-Анджэлес
140
XXIV
1988
Сеул
160
XXV
1992
Барселона
172
XXVI
1996
Атланта
* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.
Да арт.Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.Да арт.Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.Да арт.Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).Да арт.Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).Да арт.Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж., асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ТЭА́ТР,
від экраннага тэлевізійнага мастацтва, эстэт. прыроду якога вызначае сінтэз уласна тэатр. мастацтва (у яго драматургічным, рэжысёрскім, акцёрскім і сцэнаграфічным увасабленнях) і вобразна-выразных сродкаў тэлебачання. Спецыфічнасць тэлебачання як сродку масавай камунікацыі ўплывае на сац. функцыянальнасць Т.т., абумоўлівае яго культ. прызначэнне. Асн.маст. твор Т.т. — тэлевізійны спектакль.
Правобразам Т.т. быў кінафільм-спектакль, які ў канцы 1940-х—50-я г. выкарыстоўваўся на тэлебачанні як прамая трансляцыя спектакля з т-ра, потым са студыі. Выкарыстоўвалася і такая форма рэтрансляцыі спектакля, як здымка з манітора на кінаплёнку. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. асвойваўся тэлевізійны спосаб паказу ў прамым эфіры. Гэта быў перыяд станаўлення драм. Т.т., маст. структура якога складвалася пад уплывам тэлевізійных інфарм. і дакумент. жанраў. Імкненне да арыгінальнай драматургіі, зварот да п’ес, якія не ставіліся на тэатр. сцэне, экранізацыя літ. твораў выклікалі паяўленне разнавіднасцей тэлевізійнага спектакля: дакумент. драма, гіст. і сямейная хронікі, публіцыст. рэпартаж, літ. кампазіцыя з аўтарскім каментарыем, інсцэніроўка паэт. і празаічных літ. твораў, спектакль-маналог і інш. У 1970-я г. тэлевізійны спектакль здымаўся на відэаносьбітах мнагакамерным метадам з шырокім выкарыстаннем тэхн. спецэфектаў. Побач з драм. тэлеспектаклем ствараліся тэлеопера, тэлеаперэта, тэлебалет.
На Беларусі Т.т. узнік у 2-й пал. 1950-х г. (першыя спектаклі створаны ў 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання, у 1961 на Гомельскай і Віцебскай, у 1971 на Брэсцкай абл. студыях). Яго развіццё звязана з пошукамі эстэт. мовы тэлевізійнага відовішча, асваеннем стацыянарнай тэлевізійнай тэхнікі. У спектаклях «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Суд» У.Галубка, «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага вяліся пошукі тэхн. вырашэння драм. дзеяння, разгорнутага ў студыйным павільёне невял. плошчы; важную ролю адыгрывалі папярэдняя распрацоўка рэжысёрам рэжыму здымкі буйным планам і мантажная перабіўка эпізодаў, што перадаваліся ў эфір спосабам прамой трансляцыі. Вял. ўвага аддавалася афармленню, выраслі патрабаванні да акцёрскага майстэрства, моўных, мімічных і пластычных сродкаў выразнасці, ігры на камеру і г.д. Ішло комплекснае асэнсаванне эстэт. вопыту тэатр. мастацтва і яго асваенне на тэлеэкране. У сярэдзіне 1960-х г. практыкаваліся трансляцыі тэатр. спектакляў непасрэдна з залы, ствараліся арган. ўмовы для самараскрыцця акцёраў на звыклай сцэн. пляцоўцы. Адначасова развіваўся студыйны спектакль. Адмова ад грувасткага афармлення дазволіла забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тэлекамер, наблізіцца да акцёра, уключаць у дзеянне кінакадры, фатаграфіі і інш. Творчыя знаходкі дапамаглі пашырыць жанравую палітру тэлепастановак, надаць ім самабытнае нац. адценне. Спектаклі «Соцкі падвёў» паводле Я.Коласа, «Сэрца на далоні» і «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна, «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага, «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча прадоўжылі традыцыі псіхал. драмы, нар. камедыі, трагікамедыі, раскрылі на тэлеэкране асаблівасці нац. акцёрскай школы. Творчы працэс стварэння тэлеспектакля набыў прафес. рысы. Увасоблены гіст. хроніка А.М.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» — «Крах», псіхал. драма Г.Гаўптмана «Ткачы», тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера. У 1970-я г. развівалася універсальная форма тэлеспектакля — відэафільм. Гэты перыяд характарызаваўся пошукамі ў сферы маст. умоўнасці, відовішчнасці, вобразнасці эстэт. мовы. У рэпертуары значнае месца займалі творы бел. аўтараў, больш глыбокае адлюстраванне набыла экранная рэпрадукцыя тэатр. спектакля («Трыбунал» А.Макаёнка ў паст.Бел.т-ра імя Я.Купалы). Выпрацоўваліся новыя прынцыпы інсцэнізацыі прозы, паэзіі і драмы праз жанрава-маст. структуры літ. кампазіцыі і літ. мантажу. Выкарыстоўваліся стылявыя прыёмы дакументальна-публіцыст. тэлебачання: дыялагічныя формы паказу, персаніфікаваныя вобразы каментатара ці чытальніка, лаканічнасць і сімвалізацыя афармлення. Адначасова з пастаноўкамі ў жанры псіхал. драмы («Сустрэчы і ростані» паводле твораў Мележа, «Дажыць да світання» паводле В.Быкава, «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча) ствараліся экранізацыі ў жанры літ.т-ра. На адбор літ. твора і трактоўку яго зместу ўплывалі тэндэнцыі тэлевізійнай публіцыстыкі («Амерыка здалёку і зблізку» паводле нарысаў К.Кірэенкі), тэлевізійнай апавядальнасці («Кніганоша» паводле апавяданняў Караткевіча), тэлевізійнай індывідуалізацыі ўнутр. героя («Перакрыжаванні» паводле паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка», «Абсяг» паводле кнігі вершаў Р.Барадуліна). Укараненне ў 1980-я г. новай партатыўнай электроннай тэхнікі і камп’ютэрнага нелінейнага мантажу пашырыла выяўл. магчымасці экрана. Новую хвалю набыло рэпрадуктаванне адметных спектакляў бел. т-раў: «Апошні шанц» Быкава, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (усе т-р імя Я.Купалы), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча (Дзярж.рус.драм.т-р), «Паядынак» М.Матукоўскага (Бел.т-р імя Я.Коласа). Створаны арыгінальныя спектаклі-экранізацыі бел.літ. твораў: «Колькі лет, колькі зім!» паводле паэмы А.Вярцінскага, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Сіняя, сіняя» і «Лісты каштана» паводле аповесцей Караткевіча, «Траянскі конь» і «Пагарэльцы» Матукоўскага, «Чужая бацькаўшчына» паводле В.Адамчыка, «Узлёт» А.Дударава, «Машэка» Міровіча, «На перакрыжаваннях вайны» У.Траццякова, «Сон» А.Асташонка, «Я прыйшоў, каб назваць тваё імя» паводле паэзіі М.Бсісу, відэафільм-канцэрт «Варыяцыі на балетныя тэмы» Ю.Чурко і інш. З 1989 форму маст. рэпрадуктавання тэатр. спектакляў пачаў удасканальваць творчы калектыў ВТА «Беларускі відэацэнтр». У яго рэпертуары лепшыя спектаклі нац. сцэны: «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева. «Звон не малітва» Чыгрынава, «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча, «Князь Вітаўт» Дударава (усе т-р імя Я.Купалы), «На залатым возеры» Э.Томпсана (рус.драм.т-р). Значная ўвага аддавалася прынцыпам захавання на экране сцэн. малюнка дзеяння і перадачы псіхал. стану акцёраў у электронным мантажы буйных планаў. Упершыню ажыццёўлена відэарэпрадуктаванне спектакля «Запіскі вар’ята» паводле Ф.Дастаеўскага (Бел.дзярж.т-р лялек). Экранную інтэрпрэтацыю атрымалі творчыя здабыткі новых тэатр. калектываў («Чорны квадрат» паводле п’есы М.Клімковіча ў паст.т-ра «Вольная сцэна»), У арыгінальных спектаклях «Белвідэацэнтра» 1990-х г. адлюстравана тэматыка, звязаная з адраджэннем каштоўнасцей нац. культуры: «Адна ноч» паводле Быкава, «Каўчэг Максіма Танка» Р.Тармолы, відэабалет «Страсці» В.Елізар’ева, відэаопера «Францыск Скарына» Дз.Смольскага. У аб’яднанні «Тэлефільм» эстэт. традыцыі нац. Т.т. працягваюцца ў маст. кароткаметражным фільме «Пракляты ўтульны дом» У.Халіпа, відэафільме-балеце «Спартак» М.Волкава ў харэаграфіі Елізар’ева.
Т.т. значна паўплываў на вызначэнне нац. тэлебачаннем свайго месца ў культ. прасторы, на ўзаемапранікненне асаблівасцей маст., інфарм. і публіцыст. сегментаў вяшчання, на ўзнікненне навейшых забаўляльна-ігравых форм сучаснага тэлебачання, у аснове якіх прынцыпы тэатралізацыі рэчаіснасці, артыстызацыі паводзін журналістаў і вядучых у кадры, выкарыстанне пастановачных і сімвалізаваных прыёмаў у вырашэнні зместу разнастайных праграм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш.). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключацьарх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.