ІВА́Н IV Васілевіч Грозны

(Жахлівы; 25.8.1530, Масква — 18.3.1584),

вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі [з 1533], першы рус. цар [1547—84], З дынастыі Рурыкавічаў. Сын вял. кн. Васіля III Іванавіча і княгіні Алены Васілеўны Глінскай (гл. Глінскія). У 7 гадоў застаўся сіратой, выхоўваўся ва ўмовах баярскага кіравання, якое вызначалася зацятай барацьбой груповак Бельскіх, Шуйскіх і Глінскіх. Самаст. правіў з 1549. Пры ім пачалі склікацца Земскія саборы, складзены Судзебнік 1550. У 1549—60 правёў рэформы цэнтр. і мясц. кіравання, арміі, суда, фінансаў і інш. Для барацьбы з рэшткамі феад. раздробленасці і баярскай апазіцыяй увёў апрычніну (1565, адмяніў у 1572), фізічна знішчаў сваіх праціўнікаў, канфіскоўваў іх уладанні. За дэспатычны характар празваны Грозным. Пры ім узмацнілася запрыгоньванне сялян: увёў часовую забарону ў 1581 сял. выхаду ў Юр’еў дзень. У знешняй палітыцы прытрымліваўся курсу на пашырэнне межаў дзяржавы. У часы яго праўлення далучаны Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), у залежнасць трапіла Сібірскае ханства (1555, далучана ў 1581), Вял. Нагайская арда (1557). Вёў Лівонскую вайну 1558—83, у 1562 на чале 80-тысячнага войска ўступіў у межы ВКЛ, што прывяло да вял. разбурэнняў і чалавечых ахвяр на тэр. Беларусі. Пры І. IV наладжаны гандл. сувязі з Англіяй (1553), створана 1-я друкарня ў Маскве. У гістарыяграфіі пра яго з пач. 17 ст. складвалася канцэпцыя «двух Іванаў» — мудрага дзярж. дзеяча ў 1-й пал. царавання і тырана ў 2-й. І. IV быў адукаваным для свайго часу чалавекам; аўтар пасланняў кн. А.М.Курбскаму, англ. каралеве Лізавеце I, швед. каралю Юхану III і інш. Вобраз І. IV шырока адлюстраваны ў фальклоры, л-ры (М.Ю.Лермантаў, А.К.Талстой, А.М.Талстой), выяўл. мастацтве (І.Я.Рэпін, В.М.Васняцоў, М.М.Антакольскі).

Літ.:

Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;

Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982;

Скрынников Р.Г. Царство террора: Монография. СПб., 1992;

Яго ж. Великий государь Иоан Васильевич Грозный. Т. 1—2. Смоленск, 1996;

Альшиц Д.Н. Начало самодержавия в России;

Государство Ивана Грозного. Л., 1988.

Іван IV Васілевіч Грозны. Малюнак з «Вялікай гасударавай кнігі» («Царскага тытулярніка»), 1672.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),

італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр. ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл. гл. таксама да арт. Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.

Літ.:

Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;

Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;

Михеланджело и его время. М., 1978;

Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;

Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;

Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;

Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.

Т.В.Пешына.

Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.
Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.

т. 10, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)