АСО́БІНА, індывід,

найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны» дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,

кветкі, у якіх ёсць толькі тычынкі і няма песціка (песцікаў) або ёсць толькі песцік (песцікі), але няма тычынак. Першыя наз. тычынкавыя (мужч.), другія — песцікавыя (жан.). У многіх аднаполых кветак органы другога полу захоўваюцца ў рэдукаваным стане і не функцыяніруюць. Паводле эвантавай тэорыі паходжання кветкі, аднаполыя кветкі ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ад двух кветак у выніку прыстасавання да апылення ветрам. Такія кветкі наз. функцыянальна-мужчынскімі або функцыянальна-жаночымі. Размеркаванне аднаполых кветак на раслінах рознае (гл. Аднадомныя расліны, Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны).

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕН,

у комі міфалогіі бог, стваральнік усяго добрага для народа, рамеснік, майстар. Супрацьстаіць брату Омалю, які творыць толькі дрэннае і злое.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДЫ МО́РА»,

умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),

у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НЯ,

ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял. кн. літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).

Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей

На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.​І.​Цітовай (1981).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЗНА́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ (матэм.),

функцыя, якая прымае толькі адно значэнне для аднаго значэння аргумента з вобласці вызначэння гэтай функцыі, напр., x​2, 2​x, cos x.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАГЕНЕ́З [ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],

мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́ГРАФЫ [ад гама... + ...граф(ы)],

словы або іх формы, якія аднолькава пішуцца, але адрозніваюцца гучаннем (націскам) і значэннем. Напр.: «ка́са—каса́», «а́тлас—атла́с», «му́ка—мука́». Амографы можна адрозніць толькі ў кантэксце.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)