1) збудаванне, якое складаецца з вертыкальнага, абапёртага на фундамент ствала (металічнага, жалезабетоннага, драўлянага) і адцяжак (звычайна метал.канатаў), замацаваных у анкерных прыстасаваннях. Пашыраны метал. крацістыя М. з трубчастых або вугалковых профіляў. Выкарыстоўваюцца ў антэнных збудаваннях (вышыня да 350 м), падымальных кранах і інш. 2) М. суднавая — метал. або драўляная, устанаўліваецца ў падоўжнай плоскасці сіметрыі судна.
Да яе мацуюць грузавыя стрэлы і антэны, назіральныя пляцоўкі і навігацыйныя агні (на ваен. караблях — баявыя, дальнамерныя, пражэктарныя, радыёлакацыйныя і інш, пасты). На ветразевых суднах М. служаць для пастаноўкі ветразяў і з’яўляюцца асновай рангоўта (насавая М. наз. фок-М., наступная — грот-М., кармавая — бізань-М.).
Да арт.Мачта: а — мачта-антэна (1 — адцяжка, 2 — ізалятар, 3 — мачта з высоўным стрыжнем для настройкі, 4 — узгадняльнае прыстасаванне), б — сігнальная суднавая мачта (1 — ванты, 2 — тапенанты, 3 — антэнны і сігнальны рэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААХО́ВЫ ЗБРО́Я,
зброя, прызначаная для выкарыстання грамадзянамі ў мэтах самааховы; адзін з відаў т.зв. грамадз. зброі (побач са спартыўнай, паляўнічай і халоднай зброяй).
Падзяляецца на: агнястрэльную зброю гладкаствольную (у т. л. з патронамі траўматычнага дзеяння) і бясствольную (з патронамі траўматычнага, газавага і святлогукавога дзеяння), газавую (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. прыстасаванні са слёзатачывымі або раздражняльнымі рэчывамі), электрашокавыя прыстасаванні і іскравыя разраднікі (дазваляюць уздзейнічаць на нападаючага высокім эл. напружаннем і выклікаюць у яго часовую недзеяздольнасць). Газавыя пісталеты і рэвальверы звычайна падобныя на папулярныя мадэлі баявой зброі. Для самааховы можа выкарыстоўвацца і паляўнічая зброя. Класіфікацыя, правілы набыцця і выкарыстання С.з. ўстанаўліваюцца адпаведным заканадаўствам краіны.
Літ.:
Щелоков А.А. Оружие самозащиты. М., 1993;
Газовые пистолеты и револьверы: Справ. пособие. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),
індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.