МА́ЧТА (ад галанд. mast),

1) збудаванне, якое складаецца з вертыкальнага, абапёртага на фундамент ствала (металічнага, жалезабетоннага, драўлянага) і адцяжак (звычайна метал. канатаў), замацаваных у анкерных прыстасаваннях. Пашыраны метал. крацістыя М. з трубчастых або вугалковых профіляў. Выкарыстоўваюцца ў антэнных збудаваннях (вышыня да 350 м), падымальных кранах і інш. 2) М. суднаваяметал. або драўляная, устанаўліваецца ў падоўжнай плоскасці сіметрыі судна.

Да яе мацуюць грузавыя стрэлы і антэны, назіральныя пляцоўкі і навігацыйныя агні (на ваен. караблях — баявыя, дальнамерныя, пражэктарныя, радыёлакацыйныя і інш, пасты). На ветразевых суднах М. служаць для пастаноўкі ветразяў і з’яўляюцца асновай рангоўта (насавая М. наз. фок-М., наступная — грот-М., кармавая — бізань-М.).

Да арт. Мачта: а — мачта-антэна (1 — адцяжка, 2 — ізалятар, 3 — мачта з высоўным стрыжнем для настройкі, 4 — узгадняльнае прыстасаванне), б — сігнальная суднавая мачта (1 — ванты, 2 — тапенанты, 3 — антэнны і сігнальны рэй).

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)