род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 14 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды П.: даўгалісты (C. longifolia) і чырвоны (C. rubra), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў лясах, хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае. Лісце падоўжанае, завостранае. Суквецце — рыхлы колас. Кветкі званочкавыя з дробнымі прыкветкамі. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,
рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),
род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Peritricha),
падклас прасцейшых класа інфузорый. Жывуць у прэснай і марской вадзе. Найб. тыповыя прадстаўнікі — сувойкі, зоатамніі (Zootamnium).
Сядзячыя, прымацаваныя да субстрату формы. Большасць каланіяльныя (да некалькіх тысяч). Калоніі 2 тыпаў: са скарачальным і нескарачальным сцяблом. Асн.сцябло калоніі і яго першыя разгалінаванні агульныя для калоніі. Ротавы дыск акружаны радамі раснічак. Кормяцца бактэрыямі, некаторыя — паразіты рыб і земнаводных. Размнажэнне палавое (кан’югацыя) і бясполае (дзяленне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДРА́НКА (Paris),
род кветкавых раслін сям. трыліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. чатырохлістая (P. quadrifolia). Трапляецца ў лясах, ярах, хмызняках.
М. чатырохлістая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае. Лісце яйцападобнае або ланцэтнае, амаль сядзячае, сабранае ў кальчак у верхняй ч. сцябла. Кветка адзіночная, верхавінкавая. Плод — шызавата-чорная ягада, нагадвае вока вароны. Расліна лек.; ядавітая, асабліва ягады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭБРАПЛО́ДНІК (Pleurospermum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. З віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — Р. аўстрыйскі (P. austriacum). Зрэдку трапляецца на ўзлесках і ў зарасніках хмызняку.
Р. аўстрыйскі — двухлетнік выш 50—150 см з клубнепадобным карэнішчам. Баразнаватае сцябло адзіночнае, прамое, полае, уверсе разгалінаванае, цвёрдаваласістае. Ніжняе лісце на доўгіх чаранках, буйное, бліскучае, цёмна-зялёнае, перыстарассечанае, верхняе — сядзячае. Кветкі белыя, у парасоніках. Плод — віслаплоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).
Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКА́НДРА (Nicandra),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 1 від — Н. фізалісападобная (N. physaloides). Радзіма — Паўд. Амерыка, адкуль занесена ўсюды. Культывуецца на Беларусі, трапляецца як здзічэлая і заносная на агародах, засмечаных месцах.
Аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцябло цвёрда-апушанае, рабрыстае, галінаванае. Лісце чаргаванае, яйцападобнае, выемчата-зубчастае. Кветкі адзіночныя, паніклыя. Вяночак званочкавы з блакітнаватым адгінам і белай трубачкай. Плод — шматнасенная сухая ягада ў пухірападобнай крылатай чашачцы. Лек., дэкар. і ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРО́ЗІЙ (Pleurozium),
род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 1 від — П.Шрэбера (P. schreberi). Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях, радзей у гарах Паўд. Амерыкі. У хвойных лясах часта ўтварае амаль суцэльнае покрыва. На Беларусі трапляецца ў хмызняках, на сухіх лясных глебах, лугах, мохавых балотах.
Лістасцябловая двухдомная расліна. Дзярнінкі рыхлыя, зялёныя або жоўта-зялёныя. Сцяблодаўж. 5—15 см, узыходнае, карычнева-чырв., аблісцелае. Лісце чарапічнае, увагнутае. Каробачка на чырв. ножцы, схіленая, падоўжаная. Каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМАЧО́К (Trientalis),
род кветкавых раслін сям. першакветных. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — С. еўрапейскі (T. europaea), нар. назва вароніны вочкі. Характэрная расліна яловых лясоў, трапляецца таксама ў мяшаных лясах, хмызняках, парках.
Семачок еўрапейскі.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны выш. да 20 см. Сцябло прамастойнае. Суцэльнае лісце збліжанае ў кальчак. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — каробачка. Лек. і дубільныя расліны.