Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМЕН (Carum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі. На Беларусі К. звычайны (C. carvi) трапляецца на лугах, лясных палянах, каля дарог. Культывуецца як эфіраалейная культура. Пашыраны сорт Хмяльніцкі.
К. звычайны — двухгадовая расліна выш. 30—80 см. Сцябло простае, разгалінаванае. Лісце двойчы- або тройчыперыстарассечанае.
Кветкі ў складаных парасоніках, белыя, ружаватыя. Плод — сямянка. У 1-ы год утварае разетку лісця і тоўсты корань, на 2-і — сцябло, кветкі, плады. У пладах 2,7—7,2% эфірнага алею. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай, фармацэўтычнай прам-сці, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА (Brassica),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.
К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябловыш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 мвыш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 смдаўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябловыш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛІФЛО́РЫЯ [грэч. kaulos сцябло, ствол + лац. flos (floris) кветка],
развіццё кветак і суквеццяў непасрэдна на ствале і буйных бязлістых галінах (са спячых пупышак). Характэрна для трапічных раслін (какава, фікусы, хурма, хлебнае дрэва), з раслін умеранага клімату — у воўчага лыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТРАПІ́ЗМ [ад геа... + трапізм(ы)],
здольнасць органаў раслін прымаць пэўнае становішча пад уплывам зямнога прыцяжэння. Адрозніваюць 3 тыпы геатрапізму: сапраўдны, калі орган (гал. корань) расце прама ўніз; адмоўны, калі орган (гал.сцябло) расце прама ўверх; папярочны, калі орган стараецца заняць гарыз. становішча. Калі ў выніку знешніх уздзеянняў расліна выведзена з уласцівага ёй становішча (напр., сцябло павалена ветрам, пад корань трапіў камень), тады ў маладой ч. расліны адбываецца выгін і яна зноў правільна арыентуецца. Геатрапічныя выгіны звязаны з ростам расліны і адбываюцца таму, што ў сцёблах, выведзеных з верт. становішча, ніжні бок пачынае расці хутчэй, а верхні запавольвае рост. Неаднолькавая скорасць росту верхняга і ніжняга бакоў сцёблаў, якія размешчаны гарызантальна, звязана з перамяшчэннем пад уздзеяннем сілы цяжару аўксінаў на ніжні бок сцябла або кораня. Некат. расліны, якія закончылі рост, не здольныя да геатрапічных выгінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СЦІК,
нізкарослая моцнагалінастая з адраўнелымі парасткамі расліна, у якой адсутнічае ярка выражанае галоўнае сцябло. Выш. 5—60 см, звычайна з доўгім карэнішчам (брусніцы, чарніцы і інш.). Асноўныя надземныя парасткі жывуць 5—10 гадоў. Пераважаюць у раслінным покрыве тундраў, часам утвараюць суцэльны ярус у хваёвых лясах, растуць на высакагор’ях, сфагнавых балотах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),
род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.