СЕН-П’ЕР І МІКЕЛО́Н (Saint-Pierre et Miquelon),

уладанне Францыі ў Атлантычным ак., на Пд ад в-ва Ньюфаўндленд. Складаецца з 8 астравоў, найб. з якіх Мікелон (пл. 216 км²) і Сен-П’ер (пл. 25 км²). Агульная пл. 242 км². Нас. 6,9 тыс. чал. (2000), нашчадкі франц. пасяленцаў з Нармандыі і Брэтані. Афіц. мова французская. Вернікі пераважна католікі. Адм., асноўны эканам. цэнтр і порт — г. Сен-П’ер. Астравы раўнінныя і ўзгорыстыя, выш. да 240 м (г. Гранд-Мантань на в-ве Мікелон). Клімат умераны марскі, вільготны. Сярэдняя т-ра ліп. 14 °C, лютага -3 °C. За год выпадае больш за 1400 мм ападкаў. У раслінным покрыве пераважаюць таежныя лясы з елкі, забалочаныя лугі, тарфяныя сфагнавыя балоты. Аснова гаспадаркі — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Валавы ўнутр. прадукт 74 млн. дол., каля 11 тыс. дол. на 1 чал. (1996). Прыбярэжная лоўля рыбы. У г. Сен-П’ер халадзільнікі і прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы (сушка, саленне, вэнджанне, вытв-сць кансерваў, рыбнай мукі і тлушчу); прадпрыемствы па рамонце рыбалавецкіх суднаў і рыштунку, абслугоўванне рыбалавецкіх суднаў і інш. Ёсць асобныя лесанарыхтоўчыя і дрэваапр. прадпрыемствы. Мясц. значэнне мае харч. (хлебапякарная, безалкагольных напіткаў) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 39 млн. кВт∙гадз (1996). На некалькіх звераводчых фермах вырошчваюць серабрыстых лісоў і норак. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3 тыс. га зямлі. Пераважае жывёлагадоўля, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Земляробства абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Найб. развіта вырошчванне агародніны і бульбы. Транспарт марскі, аўтамаб., авіяцыйны. Усе знешнегандл. сувязі адбываюцца праз порт Сен-П’ер, на астравах 114 км аўтадарог, у т. л. 69 км з цвёрдым пакрыццём; 2 аэрадромы, у т. л. міжнар. на в-ве Сен-П’ер (паветраная сувязь пераважна з Канадай). Замежны турызм (пераважна з Канады, ЗША Францыі). Экспарт — рыба, рыбапрадукты і пушніна; імпарт — харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Уладанне атрымлівае эканам. дапамогу Францыі. Грашовая адзінка — франц. франк.

У пач. 16 ст. С.-П. і М. наведвалі нармандскія, гасконскія і брэтонскія рыбакі. У 1536 франц. мараплавец Ж.​Карцье абвясціў астравы ўладаннем Францыі. Уваходзіла ў склад франц. калоніі Квебек. Пасля страты Квебека ў сярэдзіне 18 ст. — адзінае франц. ўладанне ў Паўн. Амерыцы; канчаткова замацаваны за Францыяй у 1816. З 1946 заморская тэрыторыя Францыі, з 1976 — заморскі дэпартамент, з 1985 — тэр. адзінка Францыі.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КІ МАСТА́ЦКІЯ,

вырабы з дрэва, пап’е-машэ ці металу, апрацаваныя лакам, адпаліраваныя, аздобленыя размалёўкай, часам разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Кітаі, пазней і ў інш. краінах Усходу. У якасці пакрыцця выкарыстоўваўся сок лакавага дрэва. У Кітаі вырабы Л.м. (кубкі, вазы, шкатулкі, мэблю, арх. элементы) рабілі з пап’е-машэ, дрэва, абклейвалі тканінай або паперай, грунтавалі, лакіравалі, сушылі, паліравалі і інш., чым дасягалася іх вял. трываласць і воданепранікальнасць. Былі пашыраны размалёўка паліхромнымі і залатымі лакамі па чорным або каляровым фоне, разьба, інкрустацыя перламутрам, волавам, серабром. Блізкія да кіт. Л.м. Карэі, Японіі, Індакітая. У В’етнаме і Лаосе разам з дэкар. пашыраны станковы лакавы жывапіс. У Іране, Індыі, Цэнтр. Азіі вядомы лакавыя мініяцюры, выкананыя тэмпернымі фарбамі на вырабах з пап’е-машэ. У Зах. Еўропе ўсх. лакі вядомы з 15 ст., уласная вытв-сць пачалася з 17—18 ст. (дэкор палацавых інтэр’ераў, мэбля, быт. вырабы). Тэхналогія вырабу была спрошчана: уведзена гарачая сушка ў печах, выкарыстоўваліся алейныя лакі і фарбы. У 18 ст. вял. тэхн. і маст. майстэрствам вызначаліся вырабы франц. фірмы «Мартэн» і ням. ф-кі І.​Штобвасера. У Расіі вытв-сць лакавых вырабаў развіваецца з канца 18 ст. Рабілі мэблю, элементы дэкору палацавых інтэр’ераў, шкатулкі, табакеркі, падносы, размаляваныя алейнымі фарбамі. З пач. 19 ст. пачалі ўзнікаць нар. промыслы (гл. Жостаўская размалёўка, Фядоскінская мініяцюра). На пач. 20 ст. на аснове б. іканапісных промыслаў з’явіліся цэнтры Л.м. у сёлах Палех і Холуй Іванаўскай, Мсцёра Уладзімірскай абласцей, дзе створаны арыгінальны від мініяцюрнай размалёўкі тэмперай і золатам па чорных лакіраваных шкатулках (гл. Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра, Мсцёрская мініяцюра).

На Беларусі ў тэхніцы Л.м. працуюць А. і Г. Осіпавы, В. і А. Ражковы, якія развіваюць традыцыі палехскай школы. У творах, якія вызначаюцца вытанчанасцю малюнка і кампазіцыйным майстэрствам, распрацоўваюць сюжэты нар. казак, бел. і рус. літаратуры, гісторыі, сучаснай тэматыкі: мініяцюры паводле бел. нар. казкі «Іван — удовін сын» (1962—63), кампазіцыі «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Адпачынак» (1984) Осіпавых; трыпціх «Русь волатаўская» (1966), пласціны «Дзмітрый Данскі» (1980), «Канёк-гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Царэўна-жаба» (усе 1984), «Царэўна-лебедзь» (1990), «Руслан і Людміла» (1995), «Русь-тройка» (1996), «Лукамор’е» (1998) Ражковых.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Лакі мастацкія. Скрыня разнога лаку. Кітай. 1735—96.
Да арт. Лакі мастацкія. Б.Ермалаеў. Шкатулка «Снягурка». Палех. 1959.
Да арт. Лакі мастацкія. Шкатулка «Тройка». Майстэрня А.​Вішнякова. Фядоскіна. 1880-я г.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).

Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл. Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл. Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл. Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл. Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.

Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз. каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.​В.​Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл. лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаў — дугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш. газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.​А.​Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.​М.​Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.​В.​Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.

Літ.:

Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;

Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;

Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;

Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;

Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;

Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;

Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;

Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;

Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.

В.​В.​Валяўка, У.​М.​Сацута.

Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст. н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).

т. 14, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬВАДО́Р (Salvador),

Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак. Пл. 21,04 тыс. км². Нас. 6,3 млн. чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.

Прырода. Цэнтр. ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.

Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.

Гісторыя Да 7 ст. н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.​Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.​Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.​Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс. чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.​Н.​Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.

Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.​Кальдэрон і Ф.​Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст. рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс. га, у т. л. 120 тыс. га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс. га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс. т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля ​2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн. харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш. Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.

М.​Б.​Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя).

Герб і сцяг Сальвадора.
Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.
Сальвадор. Сушка зярнят кавы.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)