ПАСТУ́НІНА (Тамара Міхайлаўна) (14.2. 1924, г. Гомель — 10.10.1981),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1948—52), скончыла Бел. кансерваторыю (1956), з 1972 выкладала ў ёй. У 1945—48 салістка Ашхабадскага тэатра оперы і балета, з 1952 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1962—72 — Бел. філармоніі. Валодала рухомым голасам прыгожага цёплага тэмбру, яскравым артыстычным талентам. Сярод партый: Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛА ((Cela) Каміла Хасэ) (н. 11.5.1916, г. Падрон, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. Чл.Ісп.АН (з 1957). Вывучаў права ў Мадрыдзе і Англіі. Першыя вершы напісаў пад уплывам Р.Альберці і П.Нэруды. Паклаў пачатак т.зв. л-ры трэмендызму (ад ісп. tremendo — жахлівы, страшны). У раманах «Сям’я Паскуаля Дуартэ» (1942), «Вулей» (1951) матывы бязвыхаднасці і абсурднасці жыцця. Яго творчай манеры ўласцівы гратэск і іронія, імкненне да прастаты і прымітывізму. Аўтар раманаў «Служба цемры 5» (1973), «Спіс раганосцаў» (1976), «Мазурка для памерлых» (1983), кніг нарысаў, апавяданняў, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 1989.
Тв.:
Рус.пер. — Апельсины — зимние плоды. М., 1965;
Семья Паскуаля Дуарте. Улей;
Повести и рассказы. М., 1980.
Літ.:
Тертерян И. Современный испанский роман (1939—1969). М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,
змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛІ́НІ (Cavallini; сапр.дэі Чэроні; dei Cerroni) П’етра
(каля 1250, Рым — каля 1350),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік Протарэнесансу. Як мастак склаўся пад уздзеяннем візант. традыцыі, але не падпарадкоўваўся яе канонам, імкнуўся аднавіць высокія формы познаантычнага і сярэдневяковага рым. жывапісу. Быў знаёмы з Чымабуэ і Джота ды Бандоне, што абумовіла іх узаемаўплыў. Творам К. (мазаіка ў царкве Санта-Марыя ін Трастэверэ, каля 1291, і манум. кампазіцыя «Страшны суд» з яго фрэсак у царкве Санта-Чэчылія ін Транстэверэ, каля 1293, абедзве ў Рыме) уласціва выкарыстанне святлоценявой мадэліроўкі, што дае эфект рэльефнасці выявы (праз рэзкі і глыбокі цень), прасторавасць асяроддзя і тонкіх градацый колеру. Зрабіў уплыў на развіццё рым., неапалітанскай і умбрыйскай школ жывапісу 14 ст.
І.М.Каранеўская.
П.Каваліні. Мазаіка «Благавешчанне» ў царкве Санта-Марыя ін Транстэверэ ў Рыме. Каля 1291.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙМСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры французскай готыкі ў г. Рэймс. Пабудаваны ў 1211—1311 (арх. Жан д’Арбе, Жан дэ Лу, Гашэ Рэймскі, Бернар Суасонскі, Рабер дэ Кусі і інш.), дабудаваны ў 14—15 ст. Трохнефавая базіліка з трансептам, развітай усх.ч. і 2 вежамі на зах. фасадзе. Парталы, вежы, сцены сабора ўпрыгожаны скульптурамі (больш за 5 тыс.) і рэльефамі 13 ст. Тры гатычныя парталы зах. фасада са скульпт. кампазіцыямі «Дабравешчанне», «Страшны суд», «Укрыжаванне» і інш., статуямі святых і анёлаў (анёла, які ўсміхаецца, наз. «Усмешкай Рэймса»). Багата дэкарыраваны паўн. і паўд. фасады. У інтэр’еры хор з вянком капэл (1211—31), раманская і гат. пластыка, вітражы 13 ст., арганы 17 і 18 ст., калекцыя рэліквій. Сабор пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,
эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.В.Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.А.Бяссонаў, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр.Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),
бел. спявак (лірычны тэнар). Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930, педагогі В.Цвяткоў і А.Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у Айч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны).
Літ.:
Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.М.Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),
бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар.арт.СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.Манюшкі).
Літ.:
Маралёў А. М.Дз.Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;
Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Б.С.Смольскі.
М.Ворвулеў.М.Ворвулеў у ролі Апанаса.М.Ворвулеў у ролі Аманасра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Леў Уладзіміравіч) (24.11. 1905, г. Разань, Расія — 23.11.1977),
бел. і расійскі дырыжор. Нар.арт. Беларусі (1955). Праф. (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас К.Ігумнава). З 1925 працаваў у оперных т-рах Масквы, Свярдлоўска, Горкага. У 1951—64 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Л. вызначалі дырыжорская воля, глыбокае пранікненне ў партытуру, імкненне падпарадкаваць усе кампаненты спектакля раскрыццю аўтарскай задумы. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены нац. оперы і балеты: «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага (1953), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Калючая ружа» Ю.Семянякі (1960), «Мара» Я.Глебава (1961), «Святло і цені» Г.Вагнера (1963); класічныя оперы «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Мазепа» (1952) і «Чарадзейка» (1958) П.Чайкоўскага, «Аіда» (1953) і «Трубадур» (1955) Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957).
Літ.:
Маралёў А. Музычны кіраўнік // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МЛІНГ ((Memling) Ганс) (каля 1430—40, г. Зелігенштат, Германія — 11.9.1494),
нідэрландскі жывапісец Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у Рагіра ван дэр Вейдэна, зазнаў уплыў яго і Я. ван Эйка. З 1465 працаваў у Бруге. У творчасці спалучаў познагатычныя і рэнесансавыя рысы. Аўтар рэліг. кампазіцый са складанай разгорнутай пабудовай, якім уласцівы характарнасць вобразаў і драматычнасць перадачы пачуццяў: трыпціхі «Страшны суд» (каля 1473), «Трыпціх Джона Дона» (1468), «Трыпціх Іаана» (1479), «Алтар Адрыяна Рэйнса» (1480), «Трыпціх Якаба Фларэнса» (каля 1489—90), «Алтар Укрыжавання» (1491), карціны «Пакуты Хрыстовы» (1470), «Пакуты св. Себасцьяна» (каля 1470), «Сем радасцей Марыі» (1480), «Дабравешчанне» (1482), «Мадонна з дзіцем» (1487). Гуманіст. скіраванасць творчасці М. выявілася ў выявах данатараў у рэліг. творах і партрэтах: пажылога чалавека (каля 1470), Т.Партынары, М.Партынары (абодва каля 1472), маладога чалавека (каля 1475), Б.Улендэрберг (каля 1478), «Трыпціх Вілема Морэльса» (1484), «Алтар Марціна ван Ньювенхове» (1487). Звяртаўся да адлюстравання аголенай натуры («Вірсавія», «Пыхлівасць», абедзве каля 1485), пейзажа (размалёўкі рэлікварыя св. Урсулы, 1480), анімалістычных матываў («Коні і малпа», 1480-я г.).
В.Я.Буйвал.
Г.Мемлінг. Мадонна з дзіцем. Левая створка «Алтара Марціна ван Ньювенхове». 1487.