фізічная велічыня, роўная адносінам асветленасці відарыса прадмета, утворанага аптычнай прыладай, да яркасці прадмета; характарыстыка аптычнай прылады. Часам за С. прымаюць лікавае значэнне адноснай адтуліны — адносін дыяметра найб. дыяфрагмы аб’ектыва да яго фокуснай адлегласці. Для аб’ектыва С. прымаецца роўнай τS/f2, дзе τ < 1 — каэфіцыент прапускання аб’ектыва, залежны ад страт, звязаных з адбіццём святла і паглынаннем святла, S — плошча адтуліны апертурнай дыяфрагмы, f — фокусная адлегласць аб’ектыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс пераходу дынамічнай сістэмы ў стан устойлівай раўнавагі, пры якім выхадная велічыня, што характарызуе такі пераход, набліжаецца да ўстойлівага значэння (крывая 1) або мае адзін экстрэмум (крывая 2). Напр., да аперыядычнага працэсу набліжаюцца ваганні вагальнай сістэмы пры павелічэнні страт энергіі ў іх да крытычнага значэння (у эл. вагальнага контуру крытычнае супраціўленне
, дзе L і C — індуктыўнасць і ёмістасць контуру адпаведна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫЦЫ́ДЫ [ад грэч. akari клешч + ...цыд(ы)],
пестыцыды, прызначаныя для барацьбы з кляшчамі. Існуюць акарыцыды расліннага (анабазін, нікацін) і сінтэтычнага (фосфарарган., хлараваныя арган. злучэнні, карбаматы і інш.) паходжання. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў, эмульсій, суспензій, дустаў, газаў, аэразоляў. Магчыма атрутнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і птушак. З акарыцыдаў найб. шырока ўжываюцца мінер. масла, сера, вапнава-серны адвар, фосфарарган. злучэнні (хларафос, карбафос). Парушэнні тэхналогіі выкарыстання акарыцыдаў вядуць да экалагічных страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ,
1) у эканоміцы — пакрыццё страт, панесеных выдаткаў, вяртанне доўгу, узнагароджанне (напр., К. маральнага ўрону, К. за абясцэненыя грошы).
2) У працоўным праве — выплата рабочым і служачым, якая ажыццяўляецца ва ўстаноўленых законам выпадках для пакрыцця ім дадатковых расходаў, звязаных з выкананнем прац. абавязкаў (напр., К. за нявыкарыстаны адпачынак, К. пры выкананні абавязкаў часова адсутнага работніка).
3) У сацыялогіі — ураўнаважанне няўдач у якой-н галіне дасягненнямі і рухам наперад у іншай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАТРО́Н [ад грэч. synchronos адначасовы + (элек)трон],
цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. электронаў). Паскарэнне электронаў адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога нязменная, і ў магн. полі, напружанасць якога змяняецца ў часе. Пры гэтым часціцы рухаюцца па арбіце пастаяннага радыуса. З-за страт энергіі на сінхратроннае выпрамяненне электроны ў С. паскараюцца да 10 ГэВ. Выкарыстоўваецца для атрымання пучкоў рэлятывісцкіх электронаў і пазітронаў, а таксама мяккага рэнтгенаўскага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАБУДМАТЭРЫЯ́ЛЫ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзіпрабудматэрыялы» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у Мінску як Бел.дзярж.ін-т па праектаванні прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў («Белдзіпрабудматэрыялы») на базе Мінскага аддз. Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпрабудматэрыялы». З ліп. 1995 сучасная назва. Галаўны ін-т па праектаванні, рэканструкцыі і тэхн. перааснашчэнні прадпрыемстваў будматэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі для вытворчасці нестандартызаванага абсталявання, тэхн. мерапрыемстваў па змяншэнні страт паліва, электраэнергіі і зніжэнні выкідаў у навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА ГРАМАДЗЯ́НСКІХ ПРАВО́Ў,
у цывільным праве сукупнасць дзеянняў па ахове законных маёмасных і асабістых немаёмасных правоў грамадзян. Ажыццяўляецца ва ўстаноўленым судом парадку праз: прызнанне гэтых правоў; аднаўленне становішча, якое існавала да парушэння права і спынення дзеянняў, што парушаюць права; прысуджэнне да выканання абавязацельства ў натуры; спыненне або змену праваадносін; спагнанне з асобы, якая парушыла права, нанесеных страт, няўстойкі, а таксама інш. законныя спосабы. У выпадках, асобна прадугледжаных законам, можа ажыццяўляцца ў адм. парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСК,
юрыдычны сродак абароны парушанага або аспрэчваемага суб’ектыўнага права. У цывільным працэсе можа быць прад’яўлены любой зацікаўленай асобай (фіз. або юрыд.). І. можа быць накіраваны на прысуджэнне адказчыка да ўчынення пэўных дзеянняў або ўстрымання ад неправамерных дзеянняў (вяртанне маёмасці, кампенсацыя страт, выплата аліментаў і да т.п.), на ўстанаўленне наяўнасці або адсутнасці праваадносін паміж бакамі або на змяненне ці спыненне праваадносін (раздзел агульнай маёмасці, скасаванне шлюбу). Форма выяўлення І. — іскавая заява, якая павінна змяшчаць пэўныя рэквізіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я МА́САВАГА ЗНІШЧЭ́ННЯ,
зброя вялікай разбуральнай і знішчальнай сілы, прызначаная для нанясення масавых страт. Да З.м.з. адносіцца ядзерная зброя, хімічная зброя і біялагічная зброя.
Агульныя паражальныя фактары З.м.э. выяўляюцца на працягу вял. прамежкаў часу пасля яе выкарыстання і маюць моцны маральна-псіхалагічны ўплыў. Магчыма стварэнне прынцыпова новых відаў З.м.з. (радыелагічнай, інфрагукавой, пучковай, лазернай, геафіз.. этнічнай і інш.). Па сваіх уласцівасцях да З.м.з. могуць набліжацца звычайныя віды ўзбраення пры выкарыстанні якасна новых элементаў (гл., напр., Вакуумная зброя).