СКАРПІЁНЫ (Scorpiones),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. 6 сям., да 70 родаў, каля 750 відаў. Вядомы з сілуру. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных паясах, на Пд умеранага пояса. Жывуць у камяністых мясцінах, у гарах, пустынях, вільготных лясах, на марскіх узбярэжжах. Звычайны С. роду Buthus, у т. л. жоўты, або стракаты, С. (B. eupeus). Найб. буйны трапічны С. Pandinus.

Даўж. звычайна 5—10 см, трапічнага пандынуса да 20 см. Галавагрудзі ўкрыты суцэльным панцырам з парай сярэдзінных і некалькімі парамі бакавых вачэй. Членістая гібкая метасома («хвост») мае на апошнім членіку брушка парную ядавітую залозу, якая адкрываецца на канцы выгнутага джала. Хеліцэры невял., клюшнепадобныя. Клюшні масіўныя. Дыхаюць лёгкімі. Апладненне сперматафорамі, вонкава-ўнутранае. Жывародныя, некат. адкладваюць яйцы. Начныя драпежнікі. Укол балючы для чалавека, а некат. трапічных — смяротны.

Скарпіёны: 1 — жоўты або стракаты; 2 — трапічны пандынус.

т. 14, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕЛЬ, заечая канюшына,

заечы хмель (Coronilla),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 55 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных рэгіёнах Еўропы, Азіі, Афрыкі, але пераважна ў краінах Міжземнамор’я і трапічнай Афрыкі. На Беларусі (пераважна ў паўд. раёнах) трапляецца вязель стракаты (Coronilla varia). Расце на сухіх лугах, узлесках, каля дарог.

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі галінастымі голымі ці валасістымі, прамастойнымі, узыходнымі ці ляжачымі сцёбламі і карэнішчам, радзей паўкусты і кусты. Лісце няпарнаперыстаскладанае, чаргаванае з эліпсоіднымі лісцікамі і ланцэтнымі прылісткамі, рэдка простае або трайчастае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружовыя, бела-ружовыя, бела-фіялетавыя або жоўтыя ў шарападобных парасоніках на доўгіх пазухавых ці верхавінкавых кветаносах. Плод — лінейны, прамы або сагнуты, дугападобны, рэдка смоўжападобна скручаны членісты струк. Лек. (мачагонны, слабіцельны, сардэчны і гіпатэнзіўны сродак), кармавыя, меданосныя, сідэратныя і дэкар. расліны. Асобныя віды — ядавітыя (маюць сардэчныя гліказіды каранізід і каранілін).

Вязель стракаты.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вязель (біял.) 3/219

- » - стракаты 3/219 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕНІКІ́НА [Domenichino; сапр. Цамп’еры

(Zampieri) Даменіка; 21.10.1581, г. Балоння, Італія — 6.4.1641),

італьянскі жывапісец-акадэміст, прадстаўнік балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Балонні ў Л.Карачы. З 1602 працаваў пераважна ў Рыме. Творам Д. (фрэскі ў рымскіх цэрквах Сан-Луіджы дэі Франчэзі, 1616—17, і Сант-Андрэа дэла Вале, 1624—28; карціны «Апошняе прычасце св. Іераніма», 1614, «Паляванне Дыяны», 1617—18) уласцівы цэльная кампазіцыя, выразны ідэалізаваны малюнак, стракаты лакальны каларыт.

Даменікіна. Паляванне Дыяны. Фрагмент. 1617—18.

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ ГНІЛЕ́Ц ПЧОЛ, злаякасны гнілец, пячатны гнілец,

інфекцыйная хвароба пчаліных сем’яў, узбуджальнік якой спораўтваральны мікроб (Bacillus larvae). Пашыраны ўсюды. Перадаецца праз хворых пчол, якія загінулі, праз мёд, соты, інвентар, паразітаў пчол і інш.

У пашкоджанай пчалінай сям’і расплод стракаты, рознаўзроставы. Вечкі ячэек пацямнелыя, лейкападобна ўціснутыя. Лічынкі ва ўзросце акуклівання трацяць сегментацыю, іх скурка танчэе, тканкі распадаюцца і ператвараюцца ў клейкую, цягучую масу колеру кавы, з пахам сталярнага клею. Лячэнне: цукровы сіроп з дабаўленнем сульфаніламідаў, антыбіётыкаў і інш. Прафілактыка: дэзінфіцыраванне вулляў, інвентару і інш.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЗАН,

1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.

3) Персанаж у творах У.​Шэкспіра, П.​Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.​Марашэўскага, Е.​Міровіча і інш.

У.​Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́ЙКАЎ (Петка Рачаў) (29.11.1827, г. Вяліка-Тырнава, Балгарыя — 13.7.1895),

балгарскі паэт, асветнік, грамадскі дзеяч. Скончыў царк. школу. Быў настаўнікам, рэдактарам газет, пасля 1878 старшыня Нар. сходу, міністр. Змагаўся за школу на балг. мове. Друкаваўся з 1843. Аўтар зб-каў вершаў і перакладаў «Стракаты букет», «Спеўнік», «Баечнік» (усе 1852). Інтымнай лірыцы і патрыят. паэзіі С. (зб. «Песні і вершы», 1879; паэмы «Крыніца Беланогай», 1873, «Кракра Пярніцкі», 1886) уласцівы нац. каларыт, рэалістычнасць. Выдаў поўны збор балг. прымавак і прыказак (1889—97). На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Н.​Гілевіч, А.​Разанаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1981.

т. 14, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пеўнік (грыбы) 4/50; 8/427

- » - стракаты 4/48—49 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫБЛЕ́ННЕ вадаёмаў,

выпуск у вадаёмы каштоўных відаў рыб для якаснага паляпшэння (рэканструкцыі) іх іхтыяфауны і павелічэння запасаў прамысл. рыб, а таксама з мэтай акліматызацыі рыб, арганізацыі іх нагляду. Зарыбляюць найчасцей вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца няпоўнасцю. Для З. бяруць лічынак, сяголеткаў, гадавікоў, двухгодак, вытворнікаў. Іх гадуюць у сажалкавых і азёрна-таварных рыбных гаспадарках, рыбагадавальніках. Для З. вадаёмаў Беларусі выкарыстоўваліся: карась сярэбраны, сомік амерыканскі, стронга радужная, судак, сіговыя рыбы, амуры белы і чорны, таўсталобікі стракаты і звычайны. З 1956 вядзецца З. азёр вугром еўрапейскім. Азёрна-таварныя і сажалкавыя рыбныя гаспадаркі зарыбляюцца пераважна полікультурай (разам з карпам гадуюць шчупака, карасёў залатога і сярэбранага, сазана амурскага, таўсталобікаў, пелядзь і інш.).

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАВІКІ́ (Xerocomus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 5 відаў М.: зялёны, ці заечы баравік (X. subtomentosus), каштанавік, або польскі грыб (X. badius), паразітны (X. parasiticus), стракаты, ці чырв., ці казляк (X. chrysenteron), чырванеючы (X. rubellus). Трапляюцца ў хвойных і лісцевых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—12 см, жоўтая, буравата-аліўкавая, слізістая або сухая. Спараносны слой трубчасты, жоўты, зеленавата-жоўты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або жаўтаватая з прыемным пахам і смакам, часта на зломе сінее. Споры верацёнападобныя, гладкія, бура-жоўтыя. Ядомыя.

С.​С.​Колас.

Махавікі.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)