дзеяч расійскага і германскага рэв. руху. З 1896 вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це. З 1904 у Расіі, чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), з 1905 — яе Пецярбургскага к-та. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Неаднаразова арыштаваны, у т. л. восенню 1908 у Мінску, куды быў накіраваны ў якасці эмісара ЦК партыі эсэраў. У 1908 уцёк у Германію, далучыўся там да левага крыла с.-д. партыі. У час 1-й сусв. вайны чл.камуніст. «Саюза Спартака», з вясны 1918 афіц. прадстаўнік рас. партыі левых эсэраў у Германіі. Удзельнік Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Дэлегат устаноўчага з’езда Камуніст. партыі Германіі (снеж. 1918 — студз. 1919), у студз. 1919 прымаў удзел у паўстанні берлінскіх рабочых. З сак. 1919 узначаліў барацьбу за сав. ўладу ў Баварыі, 13—27.4.1919 кіраваў Выканаўчым саветам Баварскай сав. рэспублікі, пасля яе разгрому расстраляны паводле прыгавору ваен.-палявога суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г. Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),
дзеяч герм. і міжнар.сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;
Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Н (Cato),
адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым.літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.
Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час.грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’евым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.Глебава), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэнзана» Э.Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л. па нац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л. па нац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яе тэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.І.Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.
Тв.:
Рус.пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.І.Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс.чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв.сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел.рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.І.Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.