СТАРАЖЫТНАГРЭ́ЧАСКІЯ ЛАДЫ́,

сістэмы меладычных ладоў стараж.-грэч. музыкі, засн. на тэтрахордах. Паводле інтэрвальнага складу тэтрахорды падзяляюцца на дыятанічныя, храматычныя і энгарманічныя. У дыятанічных тэтрахордах у залежнасці ад размяшчэння вял. і малых секунд (гл. Інтэрвал) адрозніваюць дарыйскія, фрыгійскія, лідыйскія. У выніку аб’яднання тэтрахордаў (злітнага ці раздзельнага) утвараліся больш складаныя, у т. л. актаўныя, лады (гл. Натуральныя лады). Лады, як і рытмы, лічыліся носьбітамі пэўнага характару.

Літ.:

Античная музыкальная эстетика. М., 1960;

Герцман Е. Античное музыкальное мышление. Л., 1986.

Т.​А.​Дубкова.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УГРЫНО́ВІЧ Уладзімір Вікенцьевіч (13.1.1941, Мінск —9.5.1994),

бел. мастак-кераміст, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970), з 1970 выкладаў у ім. Працаваў у тэхніцы керамікі. Стварыў ганчарныя формы, засн. на бел. нар. традыцыях: кампазіцыі з дэкар. ваз (1978), дэкар. формы «Рытмы росту» (1982), «Подых зялёнага ветру» (1988), «Успаміны пра лета» (1993), набор керамікі для летніка (1992) і інш. Аўтар навук. і метадычных прац па бел. дэкар.-прыкладным мастацтве. Адзін з аўтараў альбома «Беларуская кафля» (1989).

У.Угрыновіч. Подых зялёнага ветру. 1988.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАНЭ́ (Delaunay) Рабер (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),

французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.​Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.​Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЯЧЭНЦІ́НІ (Piacentini) Марчэла (8.12.1881, Рым — 19.5.1960),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў АМ і ун-це ў Рыме. З 1929 праф. Рым. ун-та. У творчасці выкарыстоўваў лапідарныя формы, схематызаваў прыёмы класічнай архітэктуры, уводзіў у кампазіцыю жорсткія рытмы аркад, шмат’ярусных вежаў. Асн. работы: ансамбль П’яцца Віторыо Венета і П’яцца Дантэ (1919—29) у Бергама, комплексы спартыўны Фора Італіка (1928—34) і Сусв. выстаўкі (р-н ЭУР; з 1937, абодва ў сааўт.), універсітэцкі гарадок (1930—35, планіроўка і будынак рэктарата) у Рыме, Палацца ды Джустыцыя ў Месіне (1928) і Мілане (1932—40), рэканструкцыя П’яцца дэла Віторыя (1932) у Брэшы.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СКАЛІ (Pàscoli) Джавані (31.12.1855, Сан-Маўра Паскалі, Італія — 6.4.1912),

італьянскі паэт. Праф. ва ун-тах Месіны (з 1897), Пізы (з 1902), Балонні (з 1905). У зб-ках вершаў «Тамарынд» (1891), «Першыя вершы» (1897), «Песні Кастэльвек’ё» (1903), «Застольныя паэмы» (1904), «Оды і гімны» (1906) і інш. паэтызацыя штодзённасці, імпрэсіянісцкія рытмы, жывое адчуванне прыроды, шчырасць перажыванняў. У многіх яго вершах заклікі да «хрысціянскага сацыялізму», брацтва людзей перад пагрозай вайны, спробы адысці ад рэчаіснасці ў свет успамінаў, дэкадэнцкія матывы, туманная сімволіка. У «Канцонах караля Энцыо» (1908), «Італійскіх паэмах» (1911), «Паэмах Рысарджымента» (1913) апявае гісторыю Італіі.

т. 18, кн. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРЫ́ЛА Уладзімір Усеваладавіч (н. 16.12.1950, Масква),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве, маст. праектаванні, станковым жывапісе. Аўтар маст. афармлення станцый Мінскага метрапалітэна «Акадэмія навук» (1979—84), «Плошча Я.​Коласа» (1980—81), «Пушкінская» (1997); Палаца культуры з-да «Оптык» у г. Ліда Гродзенскай вобл. (1985), Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1990—96), залаў прыёмаў Дома ўрада Беларусі (1993—98), рэзідэнцыі пасла Турцыі (1999), салона «Пасольства прыгажосці» (2001) у Мінску; жывапісных кампазіцый «Нацюрморт з хурмой», «Пеўні» (абедзве 2000), серыі «Палескія замалёўкі» (2002) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

У.Чурыла. Размалёўка «Чароўныя рытмы» ў Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. 1996.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ Фёдар Сцяфанавіч (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.

М.​Л.​Цыбульскі.

Ф.Кісялёў. Паводка ў Падніколлі. 1993.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛО́ЕВІЧ (Milojević) Мілое (28.10.1884, Бялград — 16.6.1946),

сербскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін са стваральнікаў сучаснай сербскай кампазітарскай школы. Вучань С.​Мокраняца (кампазіцыя), З.Неедлы (музыказнаўства).’ Выкладаў у ун-це (1925—39) і Муз. акадэміі (з 1941 праф.) у Бялградзе. Стваральнік і кіраўнік вак.-інстр. ансамбляў педагогаў Сербскай муз. школы (1911) і ун-та (Collegium musicum, 1925), рэдактар час. «Muzika» (1928). У творчасці апіраўся на муз. фальклор. Сярод твораў: сімф. паэма «Смерць маці Юговічаў» (1921), лірычная сімфонія для голасу з арк. «Баль на лузе» (1939), уверцюра «Даніла і Сіманіда» (1913); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы, у т. л. «Мелодыі і рытмы Балкан», хары, рамансы. Аўтар муз.-тэарэт. прац пра Б.​Сметану, Р.​Вагнера, Р.​Штрауса, Г.​Малера, Мокраняца, сербскі муз. фальклор і інш.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГАНЦІ́НІ (Segantini) Джавані (15.1.1858,г. Арка, Італія — 28.9.1899),

італьянскі мастак. Вучыўся ў акадэміі Брэра ў Мілане (1876—78). З 1885 жыў у Швейцарыі. У ранняй творчасці зазнаў уплыў Ж.​Ф.​Міле, арыентаваўся на натуралізм і эфекты люмінізму («Аве Марыя», 1882). У 1887—90 пісаў кампазіцыі з рытмічнымі і геам. элементамі, светлым каларытам у духу пуантылізму («Маладая пастушка», 1887—88; «Дзве маці», 1890). З 1890 звярнуўся да сімвалізму. У большасці работ фонам з’яўляецца альпійскі пейзаж. Творам уласцівы дэкар. рытмы, напоўненыя містычнымі або сімвалічнымі элементамі, своеасаблівае асвятленне, якое ўзмацняе падзел тонаў: «Анёл жыцця» (1894), «Любоў да вытокаў жыцця», «Паша вясной» (абодва 1896), «Багіня кахання» (1894—97), «Альпійскі трыпціх» (1886—99), «Партрэт Казірагі Арыяні» (1899).

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Сеганціні. Любоў да вытокаў жыцця. 1896.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКАЯ Наталля Сяргееўна (н. 7.11.1958, в. Забараўе Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1983). З 1983 мастак на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін, з 1988 выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца тонкімі суадносінамі пастэльных колераў, разнастайнасцю кампазіцыйных і фактурных вырашэнняў, спалучэннем традыц. матэрыялаў (лён, воўна) з нетрадыцыйнымі (сінт. валокны, дрот, метал, шкло, сізаль), зваротам да спадчыны нар. мастацтва. Сярод работ: «Два жыцці» (1982), «Забытая вёска» (1989), «Вечар», «Дажджлівае акно», «Вясна» (усе 1991), «Мае вербы» (1993), «Маркотныя кветкі», «У лесе кладуцца цені» (абедзве 1994), «Старажытныя рукапісы», «Зямля квітнее» (абедзве 1996), «Гарадскія рытмы» (1997), «Сярод бяроз, слядоў і цішыні» (1998).

В.​В.​Шамшур.

Н.Лісоўская. У лесе кладуцца цені. 1994.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)