«КРУГАВА́Я»,

«Кружкі», бел. нар. танец, вальсападобная полька. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Пашырана амаль па ўсёй Беларусі. Выконваецца парамі (4—8). Танцоры, трымаючыся за рукі, рухаюцца па крузе, круцячыся і прыпяваючы. Вядома і як адна з фігур танца «Кола».

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮСТЭ́РКА»,

«Люстра», бел. нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер ​2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.​Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕТУШО́К». «Пеўнік», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выконваецца некалькімі парамі, якія кружацца, узяўшыся за рукі. Зафіксаваны ў 19 ст. на Віцебшчыне. Сцэн. варыянт «П.» стварыў у 1930-я г. балетмайстар К.​Алексютовіч. Падобны танец вядомы ў Латвіі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́ЎНІ»,

бел. нар. гульня. Удзельнічаюць 2 чал. Гульцы закладваюць рукі за спіну, падгінаюць адну нагу і, па камандзе, пачынаюць, скачучы на другой, штурхаць адзін аднаго грудзьмі ці плячом. Хто страціць раўнавагу — выбывае з гульні. У час спаборніцтва нельга пераскокваць з адной нагі на другую.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕБУ́ЗА (франц. arquebuse),

адзін з першапачатковых узораў зах.-еўрап. ручной агнястрэльнай зброі. З’явілася ў 1-й трэці 15 ст. Зараджалася з дула каменнымі і свінцовымі кулямі. Парахавы зарад падпальваўся ад рукі праз запальную адтуліну ў ствале, пазней — пры дапамозе кнотавага замка. У 16 ст. аркебуза заменена мушкетам.

Аркебуза.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАРЫ́», «Гусарыкі»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПІЯ (ад лац. copia мноства),

1) дакладнае ўзнаўленне тэксту якога-н. дакумента. К., завераная ва ўстаноўленым законам парадку, мае такую ж юрыд. сілу, як і арыгінал.

2) У выяўленчым мастацтве — дакладна зробленае ад рукі (у адрозненне ад рэпрадукцыі або злепка) узнаўленне чаго-н., напр., якога-н. твора, карціны, скульптуры і інш.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЕ́НЬ,

старажытная ўдарна-драбільная зброя. Складаўся з кароткай драўлянай ручкі, да аднаго канца якой на ланцугу ці рамяні падвешваўся цяжкі груз (камень, гіра, спец. шматгранная метал. адліўка), а да другога мацавалася пятля для надзявання на кісць рукі (адсюль назва). Быў пашыраны ў Стараж. Русі і многіх краінах Усходу.

Кісцень (1) і клявец (2).

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),

кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.​Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.​Мендэльсонам, Ф.​Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.

Літ.:

Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.

А.​І.​Ахвердава.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)