ПОЛІРЫТМІ́Я (ад полі... + рытм),
адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх рытмічных малюнкаў з неаднародным драбленнем пэўных метрычных адзінак (напр., у адным голасе дуёлі, у другім — трыёлі); у шырокім сэнсе — спалучэнне ў шматгалоссі розных рытмічных малюнкаў. Адна з пашыраных форм арганізацыі П. — поліметрыя. П. — неабходная ўмова поліфаніі, а таксама нарматыўная якасць класічнай і сучаснай музыкі. Уласціва музыцы розных нац. культур, у т. л. бел., заснаванай на сінтэзе класічных і народна-песенных тыпаў метрарытмічнай арганізацыі музыкі. У бел. музыцы найб. складаныя тыпы П. ёсць у некат. творах М.Аладава, Я.Глебава, У.Дарохіна, У.Дамарацкага, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Дз.Смольскага, Л.Шлег і інш.
Т.А.Дубкова.
т. 12, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
экран,
прыстасаванне з паверхняй, якая адбівае ці паглынае выпрамяненне розных відаў.
т. 18, кн. 1, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
навуковы метад, з дапамогай якога шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў гіст. з’явах, дасягаецца пазнанне розных гіст. ступеней развіцця адной і той жа з’явы ці дзвюх розных суіснуючых з’яў; разнавіднасць гіст. метаду. Дае магчымасць выявіць і параўнаць узроўні ў развіцці вывучаемага аб’екта, змены ў ім, адзначыць тэндэнцыі развіцця. Уключае розныя формы: супастаўленне (выяўляе прыроду разнародных аб’ектаў), гісторыка-тыпалагічнае параўнанне (тлумачыць падабенства розных па паходжанні аб’ектаў аднолькавымі ўмовамі генезісу і развіцця), гіст.-генет. параўнанне (падабенства з’яў тлумачыцца іх роўнасцю паводле паходжання), параўнанне (розныя з’явы фіксуюцца на аснове ўзаемаўплываў). Агульнапрызнаным стаў у 19 ст. Ужываецца ў мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства), літ.-знаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства), юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш.
Т.І.Шамякіна.
т. 12, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫЯРА́ЛЬНЫЯ (Dothiorales),
парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Пашыраны ў субтрапічных і трапічных раёнах, многія — ва ўмеранай зоне. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрыясферыя, датыёра, гіньярдыя. Сапратрофы на розных раслінных рэштках, паразіты на лісці, сцяблах, пладах розных раслін.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) падушка- або коркападобныя, чорныя, з адной ці некалькімі локуламі, часам зрастаюцца. Сумкі 2—16-споравыя, булавападобныя, на кароткай ножцы. Споры адна- ці шматклетачныя. У цыкле развіцця адзначаны канідыяльныя стадыі.
т. 6, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,
працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... + грэч. genos род, паходжанне),
антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ ў біялогіі,
стан звязанасці асобных дыферэнцаваных ч. і функцый сістэмы, арганізма; мэтазгоднае аб’яднанне і каардынацыя дзеяння розных ч. цэласнай сістэмы, а таксама працэс, які вядзе да такога стану. У дачыненні да жывых арганізмаў прынцып І. сфармуляваў Г.Спенсер (1857). У жывых сістэмах І. можа адбывацца на розных узроўнях іх арганізацыі: малекулы, клеткі, арганізма, а таксама ў розных біял. сістэмах надарганізмавага ўзроўню — у папуляцыях, відах, біяцэнозах і інш. Механізмы І. розных узроўняў маюць сваю спецыфіку.
У біял. сістэмах з жорсткімі ўнутр. сувязямі звычайна ёсць спец. кампаненты, якія забяспечваюць І., напр., у дарослым арганізме вышэйшых жывёл — нерв., сасудзістая і эндакрынная сістэмы. Найб. вядомая форма І. працэсаў антагенезу — эмбрыянальная індукцыя І. папуляцый, відаў, што не маюць жорсткіх унутр. сувязей паміж складаючымі іх элементамі (асобінамі) абумоўлена палавым працэсам (у жывёл) і асаблівасцямі паводзін, якія спадчынна замацаваны і вызначаюць узаемаадносіны асобін. І. экасістэм ажыццяўляецца пры дапамозе патокаў арган. рэчыва, энергіі і інфармацыі. У цэлым ступень І. — вынік адаптыўнай эвалюцыі, яна адлюстроўвае ўзровень развіцця рэгуляцыйных механізмаў біял. сістэмы і можа разглядацца як адзін з крытэрыяў морфафізіял. прагрэсу. Механізмы І. ў дачыненні да біял. аб’ектаў даследуюцца тэорыяй сістэм і біякібернетыкай. І. ў фізіялогіі — функцыян. аб’яднанне асобных органаў, тканак, фізіял. механізмаў у складана каардынаваную прыстасавальную дзейнасць цэласнага арганізма для дасягнення карыснага для арганізма выніку. І. псіхічная — аб’яднанне розных псіхічных працэсаў у адно структурнае цэлае Вышэйшае праяўленне І. — мэтанакіраваны паводзінскі акт, які будуецца на аснове фізіял. і псіхічных фактараў.
А.С.Леанцюк.
т. 7, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МА,
назва розных (прадстаўнічых, выбарных, заканад., дарадчых, адм.) устаноў у Расіі. Гл. Баярская дума, Гарадская дума, Дзяржаўная дума.
т. 6, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,
сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).
т. 7, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАВЫ МЕХАНІ́ЗМ,
механізм, у якім звёны выконваюць прасторавыя рухі ці рухі ў розных плоскасцях (напр., чарвячная перадача, шарнірная муфта).
т. 13, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)