СУМЯШЧА́ЛЬНАСЦЬ ЭВМ,
здольнасць электронных вылічальных машын розных тыпаў да ўзаемадзеяння. Адрозніваюць С. апаратную, праграмную і інфармацыйную. Поўная С. ЭВМ дадзеных тыпаў бывае пры існаванні адначасова С. усіх відаў.
Апаратная (тэхн.) С. — здольнасць ЭВМ дадзенага тыпу працаваць з прыладамі ці вузламі ЭВМ інш. тыпу. У т. л. разглядаецца эл.-магн. С., калі тэхн. сродкі не ствараюць узаемных эл.-магн. перашкод або іх уласнае эл.-магн. выпрамяненне істотна не ўплывае на работу інш. тэхн. сродкаў. Праграмная С. — магчымасць выканання адных і тых жа праграм на ЭВМ розных тыпаў пры атрыманні аднолькавых вынікаў. С. праграм — калі яны прыдатныя да аб’яднання ў складаныя праграмныя комплексы. Інфармацыйная С. — здольнасць ЭВМ розных тыпаў ідэнтычна ўспрымаць пэўны набор даных. Для яе забеспячэння дастаткова С. фарматаў прадстаўлення даных.
М.П.Савік.
т. 15, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)