НУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,

складаныя комплексы нуклеінавых кіслот з бялкамі. Адрозніваюць Н. ў комплексе з ДНК і РНК. Дэзоксірыбануклеапратэіды знаходзяцца ў ядрах клетак (рэчывы храмасом), мітахондрыях і галоўках сперматазоідаў. Іх бялкі з’яўляюцца гістонамі і пратамінамі (нізкамалекулярныя бялкі), размяшчаюцца ў жалабках двайной спіралі ДНК, стабілізуюць яе структуру і рэгулююць матрычную актыўнасць; звязаны з нуклеінавай к-той электрастат. узаемадзеяннем. Рыбануклеапратэіды ўваходзяць у склад рыбасом, вірусаў, інфармасом. Кожная з гэтых структур мае адну або некалькі малекул РНК і дзесяткі розных бялкоў. Вылучаныя і ачышчаныя кампаненты рыбасом і вірусаў здольныя да самазборкі і ўтварэння біялагічна актыўных сістэм (напр., інфекц. вірусаў).

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ ў генетыцы,

сінтэз поліпептыдных ланцугоў бялкоў па матрыцы інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаты (іРНК) у адпаведнасці з генет. кодам; другі этап рэалізацыі генет. інфармацыі ў жывых клетках. У працэсе Т. інфармацыя пра спецыфічную будову будучага бялку, запісаная ў выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў у малекулах іРНК, пераводзіцца з нуклеатыднага кода ў пэўную паслядоўнасць амінакіслот у сінтэзуемых бялках. Адбываецца з дапамогай макрамалекулярнага комплексу, які складаецца (акрамя іРНК) з рыбасом, транспартных РНК (тРНК), аміна-ацыл-тРНК-сінтэтаз, бялковых фактараў пачатку (ініцыяцыі), падаўжэння, ці нарошчвання, поліпептыду (элангацыі), заканчэння (тэрмінацыі) і інш. Акрамя клетачных іРНК іх ролю ў працэсе Т. часам выконваюць вірусныя РНК, а таксама сінт. полінуклеатыды, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння механізма біясінтэзу бялку. Гл. таксама Транскрыпцыя ў генетыцы.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,

адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.

Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.​Крык і С.​Брэнер, М.​Нірэнберг, С.​Ачоа, Х.​Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ, полінуклеатыды,

біяпалімеры, якія маюць у сабе фосфар і універсальна распаўсюджаны ў жывой прыродзе. Адкрыты швейц. біяхімікам І.​Ф.​Мішэрам (1868) у клетках, багатых ядзерным матэрыялам (напр., лейкацыты, сперматазоіды ласося). Лінейныя малекулы Н.к. утвораны нуклеатыдамі, а эфірныя сувязі паміж вугляводам аднаго нуклеатыду і фасфатам другога ўтвараюць іх вугляводна-фасфатны шкілет. Высокапалімерныя ланцугі Н.к. маюць ад некалькіх дзесяткаў да сотняў млн. нуклеатыдных астаткаў, іх малекулярная маса 10​5—10​10. Звычайна Н.к. маюць астаткі дэзоксі- або рыбануклеатыдаў у якасці манамераў. У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць дэзоксірыбануклеінавыя кіслоты (ДНК) і рыбануклеінавыя кіслоты (РНК). Малекулы ДНК маюць 2 ланцужкі, РНК пераважна адналанцужковыя. Першасная структура Н.к. — паслядоўнасць нуклеатыдаў у неразгалінаваным полінуклеатыдным ланцужку. Спецыфічная паслядоўнасць азоцістых асноў функцыянальна значная і унікальная для кожнай Н.к., абумоўлівае вял. разнастайнасць індывід. малекул ДНК і РНК і адначасова — відавую спецыфічнасць (Н.к. кожнага віду маюць пэўны нуклеатыдны склад). Другасная структура Н.к. — прасторавае размяшчэнне нуклеатыдных звёнаў — узнікае ў выніку міжплоскасных узаемадзеянняў суседніх асноў і ў выпадку т.зв. камплементарнага спарвання вадародных сувязяў паміж процілеглымі асновамі ў паралельных ланцугах. Адрозненні ў структуры манамерных звёнаў вызначаюць розныя хім. ўласцівасці і макрамалекулярную (прасторавую) структуру абодвух тыпаў палімераў. У склад клетачных арганізмаў уваходзяць ДНК і РНК, вірусы маюць Н.к. аднаго тыпу. Біял. роля Н.к. заключаецца ў захаванні, рэалізацыі і перадачы спадчыннай інфармацыі, якая «запісана» ў паслядоўнасці нуклеатыдаў (генетычны код). Структурныя кампаненты Н.к. выконваюць функцыі каферментаў, уваходзяць у іх склад, прымаюць удзел у абмене рэчываў, акумуляванні, пераносе і трансфармацыі энергіі. Параўнальны аналіз Н.к. у розных групах арганізмаў выкарыстоўваецца ў даследаваннях па сістэматыцы і эвалюцыі (ступень падабенства ў будове Н.к. вызначае ўзровень філагенетычнай блізкасці арганізмаў). Вывучае Н.к. малекулярная генетыка і малекулярная біялогія.

Літ.:

Шабарова З.А., Богданов А.А. Химия нуклеиновых кислот и их компонентов. М., 1978;

Ленинджер А. Биохимия: Пер. с англ. М., 1976;

Уотсон Дж., Туз Дж., Курц Д. Рекомбинантные ДНК: Пер. с англ. М., 1986;

Зенгер В. Принципы структурной организации нуклеиновых кислот: Пер. с англ. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАВІ́РУСЫ,

група РНК-змяшчальных вірусаў пазваночных жывёл і чалавека, якія пераносяцца членістаногімі крывасмокамі (кляшчы, камары, маскіты, макрацы). Вядома больш за 300 арбавірусаў, з якіх патагенныя для чалавека каля 80. Выклікаюць арбавірусныя хваробы. На Беларусі вядомы зах. кляшчовы энцэфаліт, ліхаманка Зах. Ніла.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭК (Cech) Томас Роберт (н. 8.12.1947, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі біяхімік і малекулярны генетык. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1988). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1975). З 1975 у Нац. анкалагічным цэнтры пры Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1978 ва ун-це штата Каларада ў г. Боўлдэр (з 1983 праф.). Адначасова з 1978 у Нац. ін-це здароўя, з 1988 у мед. ін-це Ховарда Х’ю (з 2002 прэзідэнт). Навук. працы па біяхіміі, малекулярнай і структурнай біялогіі, генетыцы. Адкрыў ферментатыўна актыўныя малекулы рыбанкулеінавых к-т (рыбазімы) і даказаў, што РНК з’яўляецца не толькі пераносчыкам генет. інфармацыі, але, падобна бялкам, таксама каталізуе жыццёва важныя ўнутрыклетачныя хім. рэакцыі (1982, незалежна ад С.Олтмена). Нобелеўская прэмія 1989 (з Олтменам). Нац. Навук. медаль ЗША (1995).

Тв.:

Рус. пер. — РНК-фермент // В мире науки. 1987. № 1.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАВІ́РУСЫ (ад адэна... + вірусы),

сямейства ДНК-змяшчальных вірусаў, якія выклікаюць у чалавека і жывёл адэнавірусныя хваробы. Маюць адзінкавую лінейную двухланцужковую малекулу ДНК. У заражаных клетках прыгнятаюць сінтэзы ДНК, РНК і бялкоў. Размнажаюцца ў клетачных ядрах пазваночных. Распаўсюджваюцца без пераносчыкаў. Пашкоджваюць розныя органы млекакормячых (у т. л. чалавека), птушак; могуць выклікаць утварэнне пухлін.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЙТ (ад англ. site месцазнаходжанне) у генетыцы, участак нуклеатыднай паслядоўнасці ў малекуле ДНК, здольны да мутацыі. Кожны С. адпавядае пэўнай пары нуклеатыдаў у двухланцужковай малекуле ДНК ці аднаму нуклеатыду ў вірусаў, якія ўтрымліваюць генет. матэрыял у адной нітцы ДНК або РНК. У біяхіміі С. — участак амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РНЫЯ ГЕ́НЫ,

участкі малекулы ДНК, якія вызначаюць паслядоўнасць амінакіслот у малекуле бялку ці ферменту. У пракарыётаў у склад аперона ўваходзяць некалькі С.г., эўкарыётаў — адзін, які мае інфарматыўныя (экзоны) і неінфарматыўныя (інтроны) участкі. Экзоны ўтвараюць інфарм. РНК, дзе адбываецца зборка адпаведнай малекулы бялку. Функцыян. актыўнасць С.г. вызначае фенатыпічныя асаблівасці кожнага арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)