АДЭНАВІ́РУСЫ

(ад адэна... + вірусы),

сямейства ДНК-змяшчальных вірусаў, якія выклікаюць у чалавека і жывёл адэнавірусныя хваробы. Маюць адзінкавую лінейную двухланцужковую малекулу ДНК. У заражаных клетках прыгнятаюць сінтэзы ДНК, РНК і бялкоў. Размнажаюцца ў клетачных ядрах пазваночных. Распаўсюджваюцца без пераносчыкаў. Пашкоджваюць розныя органы млекакормячых (у т. л. чалавека), птушак; могуць выклікаць утварэнне пухлін.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)