РНК, гл. Рыбануклеінавая кіслата

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),

біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.

Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Паток генет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.

Літ.:

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.

В.​К.​Кухта.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РНК-полімераза (фермент) 2/349

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Транспартная РНК 3/428; 9/204

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Інфармацыйная РНК 3/422, 428; 9/204

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ (ад лац. transcriptio перапісванне) у генетыцы, біясінтэз малекул рыбануклеінавай кіслаты (РНК) на адпаведных участках дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК); першы этап рэалізацыі генет. інфармацыі ў жывых клетках. Фермент ДНК залежная РНК-полімераза далучаецца да знака пачатку Т. (участак ДНК), расплятае падвойную спіраль ДНК і капіруе адзін з яе ланцугоў. Рухаючыся ўздоўж ДНК, фермент паслядоўна далучае манамерныя звёны (нуклеатыды) да РНК, што ўтвараецца, у адпаведнасці з прынцыпам камплементарнасці. Па меры руху РНК-полімеразы ланцуг РНК адыходзіць ад матрыцы і падвойная спіраль ДНК ззаду фермента ўзнаўляецца. Калі РНК-полімераза даходзіць да канца ўчастка, што капіруецца, РНК аддзяляецца ад матрыцы. Колькасць копій розных участкаў ДНК мяняецца ў ходзе развіцця арганізма. У пухлінародных вірусаў магчымы перанос інфармацыі з РНК на ДНК (адваротная Т.) з дапамогай ферменту адваротнай транскрыптазы (рэвертазы).

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ЦЫЯ,

праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАСО́МА,

немембранная арганела клеткі ўсіх жывых арганізмаў, якая складаецца з РНК і бялку; элементарны апарат сінтэзу бялковых малекул. Падзяляюцца на цытаплазматычныя і мітахандрыяльныя. Асн. функцыя Р. — зборка бялковых малекул з амінакіслот, якія дастаўляюцца трансп. РНК. У клетцы да некалькіх дзесяткаў мільёнаў Р.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне), рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя,

працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10​−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЕЎ Георгій Паўлавіч (н. 4.2.1933, Ленінград),

расійскі біяхімік. Акад. Расійскай АН (1987, чл.-кар. 1970). Скончыў 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1956). З 1956 у Ін-це марфалогіі жывёл, з 1963 у Ін-це малекулярнай біялогіі АН Расіі. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэалізацыі генетычнай інфармацыі. Адкрыў у ядрах клетак жывёл ядзерную РНК — папярэднік матрычнай РНК (1961), вынайшаў у клетках інфармасомы і вызначыў іх структуру (1965—70). Знайшоў у жывёльных клетках і даследаваў мабільныя генетычныя элементы. Ганаровы чл. Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1972). Ленінская прэмія 1976. Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)