РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),
рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)