ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ (ад лац. transcriptio перапісванне) у генетыцы, біясінтэз малекул рыбануклеінавай кіслаты (РНК) на адпаведных участках дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК); першы этап рэалізацыі генет. інфармацыі ў жывых клетках. Фермент ДНК залежная РНК-полімераза далучаецца да знака пачатку Т. (участак ДНК), расплятае падвойную спіраль ДНК і капіруе адзін з яе ланцугоў. Рухаючыся ўздоўж ДНК, фермент паслядоўна далучае манамерныя звёны (нуклеатыды) да РНК, што ўтвараецца, у адпаведнасці з прынцыпам камплементарнасці. Па меры руху РНК-полімеразы ланцуг РНК адыходзіць ад матрыцы і падвойная спіраль ДНК ззаду фермента ўзнаўляецца. Калі РНК-полімераза даходзіць да канца ўчастка, што капіруецца, РНК аддзяляецца ад матрыцы. Колькасць копій розных участкаў ДНК мяняецца ў ходзе развіцця арганізма. У пухлінародных вірусаў магчымы перанос інфармацыі з РНК на ДНК (адваротная Т.) з дапамогай ферменту адваротнай транскрыптазы (рэвертазы).

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)