ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Канстанцін Аляксандравіч) (7.1.1905, с. Дыды Джыхаішы, Грузія — 30.7.1986),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі гуманітарны тэхнікум (1924). Друкаваўся з 1924. Раннім вершам уласцівы сац. скіраванасць тэматыкі, грамадз. пафас (зб. «Выбраныя вершы», 1926; паэма «Сценька Разін», 1927, і інш.). Перамены ў жыцці груз. вёскі адлюстраваны ў раманах «Далоў кукурузную рэспубліку» (1931) і «Водаварот» (1940; перапрацаваныя ўвайшлі ў раман «Зара Калхіды», 1931—52). Гераізму народа ў Вял. Айч. вайне прысвечаны цыкл навел «Смерць яшчэ пачакае» (1968, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.​Руставелі 1971). Аўтар рамана «Чароўны камень» (ч. 1—2, 1955—65), сцэнарыяў фільмаў і інш. У 1935 наведаў Беларусь. Прысвяціў ёй цыкл апавяд. «Бяссмерце» (1938). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі К.​Чорны, М.​Гіль і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Далоў кукурузную рэспубліку. Мн., 1936;

Бяссмерце. Мн., 1941;

Рус. пер. — Избранное. М., 1985.

Літ.:

Имедашвили К.И. Проза К.​Лордкипанидзе. Тбилиси, 1979.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Павел Варфаламеевіч) (17.11.1878, г. Саратаў, Расія — 21.2.1968),

расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1903) у К.​Каровіна і В.​Сярова, у прыватных акадэміях Парыжа (1905).Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», «Чатыры мастацтвы». У 1917—37, 1945—48 выкладаў у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, ін-це выяўл. мастацтваў і інш. ін-тах у Маскве. Працаваў у галінах станковага, манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу, у графіцы. У ранні перыяд зазнаў уплыў В.​Барысава-Мусатава. Звяртаўся да матываў сноў, летуценняў, праз спалучэнне рэальнасці і мары, абагульненыя дэкар.-манум. формы імкнуўся стварыць жывапісна-вобразную аналогію літ. і муз. сімвалізму. Шукаў цэласнасць быцця, гармонію паміж чалавекам і прыродай у першабытным жыцці. У выніку паездак у Заволжа і Сярэднюю Азію стварыў «стэпавую», або «кіргізскую», серыю карцін («Міраж у стэпе», «Дождж у стэпе», «Вечар у стэпе», усе 1912, і інш.). Творам характэрны мігатлівы каларыт з тонкай градацыяй колеравых адценняў, плоскасна-лінейныя рытмы, выкарыстанне ў станковых творах тэхнікі насценных размалёвак. Аўтар манум. пано «Сцяпан Разін на стругах» (1919) для будынка Малога т-ра ў Маскве, «Калгаснае поле» (1937) для сав. павільёна Сусв. выстаўкі ў Парыжы, станковых карцін «Блакітны фантан» (1905), «Яванская танцоўшчыца» (1919), «Нацюрморт з хрусталём», «Адпачынак пастухоў» (абедзве 1927), «Маці» (1930), «Сартаванне бавоўны» (1931), «Дэкаратыўны нацюрморт» (1937), серый аўталітаграфій «Горная Бухара», «Туркестан» (абедзве 1923). Аформіў спектаклі «Сакунтала» Калідасы (1914) у Камерным т-ры, «Свята св. Ёргена» Х.​Бергстэта ў т-ры ВЦСПС, «Вызвалены Дон Кіхот» А.​Луначарскага ў т-ры «Камедыя» (абодва 1924) у Маскве і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

П.Кузняцоў. Міраж у стэпе. 1912.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,

1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.

М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл. Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.​Мельес (Францыя), У.​Пол (Англія), Э.​Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв. маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.​Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав. маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.

На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.​Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.​Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.​Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел. маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.​Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.​Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.​Мележа) В.​Турава, «Альпійская балада» Б.​Сцяпанава (паводле В.​Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.​Рубінчыка (паводле У.​Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.​Клімава (паводле А.​Адамовіча), «Знак бяды» М.​Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.​Рыбарава (паводле В.​Казько).

А.​В.​Красінскі.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗУНО́Ў (Аляксандр Канстанцінавіч) (10.8.1865, С.-Пецярбург — 21.3.1936),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Вучань М.Рымскага-Корсакава (кампазіцыя). З 1888 выступаў як дырыжор у Расіі і за мяжой. З 1899 праф., у 1905—28 дырэктар Пецярбургскай кансерваторыі. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Рус. сімф. т-ва ў Вялікабрытаніі (1906), ганаровы д-р Кембрыджскага і Оксфардскага ун-таў (1907), ганаровы чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1914), чл. Муз. акадэміі ў Стакгольме (1929). Найб. плённа працаваў у жанрах сімф. музыкі. Паслядоўнік традыцый «Магутнай кучкі» і П.Чайкоўскага, ён аб’яднаў у сваёй творчасці элементы лірыка-эпічнага і лірыка-драм. сімфанізму. Зрабіў істотны ўклад у сімфанізацыю балетнага жанру. Яго творы вылучаюцца рэльефнасцю тэм, поўным і ясным гучаннем аркестра, майстэрскім выкарыстаннем поліфанічнай тэхнікі (адначасовае гучанне розных тэм, спалучэнне імітацыйнага і варыяцыйнага развіцця). Сярод твораў: балеты «Раймонда» (паст. 1898), «Паненка-служанка, або Выпрабаванне Даміса» і «Поры года» (паст. 1900); кантаты; 8 сімфоній (1881—1906), у т. л. 1-я (у скерца выкарыстаны матыў бел. нар. танца «Мікіта»), найб. значныя 4-я, 1893; 5-я, 1895; 6-я, 1896; 7-я, 1902; 8-я, 1906; 7 сюіт, у т. л. «З сярэдніх вякоў» (1902); 5 уверцюр, у т. л. 2 на грэч. тэмы (1882, 1884); сімф. паэма «Сценька Разін» (1885), «Фінская фантазія» (1909); «Руская фантазія» для Велікарус. аркестра (1906); канцэрты з арк. — 2 для фп. (1910, 1917), для скрыпкі (1904), для віяланчэлі (1931), для саксафона (1931); 7 стр. квартэтаў; творы для фп., для аргана; хары а капэла; рамансы і песні; апрацоўкі рус., чэш., грэч. гімнаў і песень; музыка да драм. спектакляў. У 1885—1903 штогод адзначаўся Глінкаўскімі прэміямі.

Літ. тв.: Избранное: Письма, статьи, воспоминания. М., 1958.

Літ.:

Федорова Г.П. Глазунов. 2 изд. М., 1961;

Глазунов: Исследования. Материалы. Публикации. Письма. Т. 1—2. Л., 1959—60;

Ганина М. А.​К.​Глазунов. Л., 1961;

Крюков А.Н. А.​К.​Глазунов. М., 1984.

А.К.Глазуноў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)