РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),

кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.

Літ.:

Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;

Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.

М.​Г.​Нікіцін.

С.Ц.Разін.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Разін Ф. 10/164

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Разін П. Ф. 8/224

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Разін С. Ц. 5/224; 6/13, 179; 7/15, 48; 9/70, 119, 361; 10/164, 245, 431; 11/229

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (17.4.1884, каля г. Перм, Расія — 11.11.1961),

рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Футурыст (гл. Футурызм). Быў блізкі да У.​Маякоўскага. Яго «прывольны раман» «Сценька Разін» (1915) прасякнуты рамант. вальналюбствам. Раннія вершы пад уплывам футурыстычных поглядаў пазначаны слоўным эксперыментатарствам. У паэмах «Сценька Разін» (1912—20), «Емяльян Пугачоў» (1931), «Іван Балотнікаў» (1934) героям нададзены рысы былінна-песенных асілкаў. Аўтар аповесці «27 прыгод Хорта Джойса» (1924), рамана «Пушкін і Дантэс» (1928).

Тв.:

Поэмы. М., 1961;

Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1966;

Путь энтузиаста: Автобиогр. повесть. Пермь, 1968.

Літ.:

Гинц С. Василий Каменский. Пермь, 1984.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Анатоль Мікалаевіч) (15.6.1913, г. Уржум Кіраўскай вобл., Расія — сак. 1945),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1933 адначасова выкладчык Мінскага муз. вучылішча і дырыжор Т-ра юнага гледача. З 1937 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы, Бел. кансерваторыі, з 1941 у Свярдлоўскім муз. вучылішчы. Аўтар вак.-сімф. паэмы «Сценька Разін» (1937), сімфоніі (1934), цыклаў фп. П’ес, больш як 20 рамансаў на вершы бел. паэтаў, хароў, апрацовак бел. нар. мелодый; музыкі да драм. спектакляў. Загінуў на фронце.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЬЯ́НАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (29 8.1891, с. Балабонава Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1982),

рускі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас М.​Сакалова). У 1924—49 заг. муз. часткі Ніжагародскага драм. т-ра. У 1918—21 выкладаў у Ніжагародскай нар. кансерваторыі, з 1951 у Горкаўскай кансерваторыі (з 1957 праф.). Сярод твораў: 5 опер, у т. л. «Сцяпан Разін» (паст. 1953), «Фама Гардзееў» (паст. 1966), «Ярмак» (паст. 1957); кантата «Валерый Чкалаў» (1952); творы для аркестра, фп.; 3 хары a cappella «Песні пра Сценьку Разіна» (1972); рамансы; апрацоўкі рус. і чув. нар. песень; музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Елисеев И.В. Александр Касьянов. М., 1989.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пла́ха, ‑і, ДМ пласе, ж.

1. Палавіна расколатага ўздоўж бервяна; плашка. Партызаны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. Грахоўскі.

2. Вялікая калода, на якой даўней адсякалі галаву прыгаворанаму да пакарання смерцю, а таксама памост, на якім адбывалася пакаранне. І за мяне кладзе пры ўсім народзе На плаху Сценька Разін галаву. Грахоўскі. Земан выпадкова Глянуў на падворак і замёр ад жаху: Там ужо камусьці рыхтавалі плаху. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПІРАГО́ВЫ,

расійскія спевакі (басы), браты. Аляксандр Сцяпанавіч (4.7.1899, г. Разань, Расія — 26.6.1964), адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сав. вакальнай школы. Нар. арт. СССР (1937). Вучыўся ў Муз.драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва (1917—18). З 1919 артыст Перасоўнага т-ра Рэвваенсавета Рэспублікі, з 1922 — «Вольнай оперы». У 1924—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Выконваў драм., лірычныя і камічныя партыі. Гал. творчыя дасягненні звязаны з рус. класічнай операй: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Рэне («Іаланта» П.​Чайкоўскага) і інш. Першы выканаўца на сцэне Вял. т-ра партый: Сцяпан Разін («Сцяпан Разін» П.​Трыёдзіна), Маг Чэлія («Каханне да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Свенгалі («Трыльбі» А.​Юрасаўскага), Песцель («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949. Рыгор Сцяпанавіч (24.1.1885, с. Навасёлкі Разанскай вобл. — 20.2.1931). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1908). Дэбютаваў у прыватнай антрэпрызе Шумскага ў Растове-на-Доне. З 1909 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). У 1910—21 саліст Вял. т-ра. Валодаў голасам шырокага дыяпазону, роўным па гучанні ва ўсіх рэгістрах. Выканаўца рознабаковых партый ад нізкіх басавых да барытонавых. Асабліва вызначыўся ў рус. класічным рэпертуары і ў операх Р.​Вагнера. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дадон («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Вёў вял. канцэртную дзейнасць. Адзін з першых спевакоў, які гастраліраваў за мяжой (з 1923). Праф. спевакамі былі іх браты Аляксей Сцяпанавіч (па сцэне Пірагоў-Окскі; 21.2.1895—?) і Міхаіл Сцяпанавіч (29.12.1887—1933).

Літ.:

Львов М. Русские певцы. М., 1965;

Иванов А. Чудо на Оке. М., 1984.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛО́БІН (Сцяпан Паўлавіч) (24.11.1903, Масква — 15.9.1965),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Я.​Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.​Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.​Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—81;

Бел. пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.

Літ.:

Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)