КУЗНЯЦО́Ў (Павел Варфаламеевіч) (17.11.1878, г. Саратаў, Расія — 21.2.1968),
расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1903) у К.Каровіна і В.Сярова, у прыватных акадэміях Парыжа (1905).Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», «Чатыры мастацтвы». У 1917—37, 1945—48 выкладаў у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, ін-це выяўл. мастацтваў і інш. ін-тах у Маскве. Працаваў у галінах станковага, манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу, у графіцы. У ранні перыяд зазнаў уплыў В.Барысава-Мусатава. Звяртаўся да матываў сноў, летуценняў, праз спалучэнне рэальнасці і мары, абагульненыя дэкар.-манум. формы імкнуўся стварыць жывапісна-вобразную аналогію літ. і муз. сімвалізму. Шукаў цэласнасць быцця, гармонію паміж чалавекам і прыродай у першабытным жыцці. У выніку паездак у Заволжа і Сярэднюю Азію стварыў «стэпавую», або «кіргізскую», серыю карцін («Міраж у стэпе», «Дождж у стэпе», «Вечар у стэпе», усе 1912, і інш.). Творам характэрны мігатлівы каларыт з тонкай градацыяй колеравых адценняў, плоскасна-лінейныя рытмы, выкарыстанне ў станковых творах тэхнікі насценных размалёвак. Аўтар манум. пано «Сцяпан Разін на стругах» (1919) для будынка Малога т-ра ў Маскве, «Калгаснае поле» (1937) для сав. павільёна Сусв. выстаўкі ў Парыжы, станковых карцін «Блакітны фантан» (1905), «Яванская танцоўшчыца» (1919), «Нацюрморт з хрусталём», «Адпачынак пастухоў» (абедзве 1927), «Маці» (1930), «Сартаванне бавоўны» (1931), «Дэкаратыўны нацюрморт» (1937), серый аўталітаграфій «Горная Бухара», «Туркестан» (абедзве 1923). Аформіў спектаклі «Сакунтала» Калідасы (1914) у Камерным т-ры, «Свята св. Ёргена» Х.Бергстэта ў т-ры ВЦСПС, «Вызвалены Дон Кіхот» А.Луначарскага ў т-ры «Камедыя» (абодва 1924) у Маскве і інш.