кнігі, напісаныя на бел. мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў 14 ст. Змест К. — усх. легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульм. рытуалаў, т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), варажба па літарах Карана, маральна-этычныя павучанні для моладзі, разгадванне сноў і інш. Акрамя К. існуюць тэфсіры (Каран з падрадковым каментарыем па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (малітоўнік). Напісаны і чытаюцца К. справа налева, радок суцэльны, без знакаў прыпынку і без падзелу на словы, кожны наступны радок роўны з папярэднім да адной літары. Новы твор пачынаецца словамі «баб» (раздзел) ці «хікайет» (аповесць). Мова К. блізкая да нар.бел. мовы (у тэкстах сустракаюцца словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжываліся ў бел. мове 17—19 ст. і захаваліся да нашага часу). Вывучэнне К. пачалося ў сярэдзіне 19 ст.Найб. грунтоўна даследаваў А.К.Антановіч, а таксама І.І.Луцкевіч, Я.Станкевіч. Вядомы польскія тэксты (творы, урыўкі), напісаныя араб. пісьмом.
Літ.:
Антонович АК. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛАНЕ́ЛА, віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы),
лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,
14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар.укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел.нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.Шаўчэнка, С.Руданскі, Я.Купала, М.Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),
бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел.нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.Баршчэўскага і інш.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;
Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІРАДКО́ЎЕ, квінціла,
страфа з 5 вершаваных радкоў, злучаных дзвюма (радзей адной) рыфмамі або клаўзуламі. Часцей сустракаецца рыфмоўка па схеме АБААБ:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
(Я.Колас. «Мужык»)
Радзей кампаноўка рыфмаў у П. можа быць іншай: ААББА («Не шукай» Я.Купалы), АБББА («Людзьмі завемся» Е.Лось), ААААА («Дыханне» А.Лойкі). Часам адзін радок (1-ы, 2-і, 3-і і г.д.) застаецца нерыфмаваным («У маршы», «Да штурму», «Вянок» М.Танка). Сустракаецца П. зусім без рыфмаў (у белым вершы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТУРНЕ́ЛЬ, рытарнель (франц. ritournelle, італьян. ritornello ад ritorno вяртанне),
верш, напісаны трохрадковай страфой, у якой 1-ы і 3-і радкі рыфмуюцца, а 2-і без рыфмы. Звычайна 1-ы радок кароткі — складаецца з аднаго ці некалькіх слоў. Думка, закладзеная ў ім, развіваецца ў двух наступных радках. Узнік у італьян., потым у франц. паэзіі. У рус. л-ры сустракаецца ў паэтаў-сімвалістаў («Тры сімвалы» В.Брусава). Вядома ў творчасці некаторых сучасных бел. паэтаў (В.Вабішчэвіча, С.Кавалёва). Напр., трохстрофны Р.Э.Акуліна:
Скруха
загарыцца ў сэрцы і патухне
памяці ссівелай завірухай.
Памяць
азавецца рэхам у тумане
і неразгаданая растане.
Сэрца
на самоту болем азавецца,
ды не скамянее ў паняверцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАКАПА́ЛКА,
машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.
Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),
1) у музыцы тэма інстр. або вак.муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл.Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.
Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».
У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),
сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.
Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНА-ДРУКАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, на якой паслядоўна набіраюцца і друкуюцца літара за літарай (літарадрукавальная машына) або радок за радком (радковадрукавальная машына) тэкставыя арыгіналы і фотаформы. Даюць высокую якасць узнаўлення шрыфту, выкарыстоўваюцца ў аператыўнай паліграфіі (для хуткага і простага размнажэння тэкставага арыгінала) і ў звычайных відах друку.
У Н.-Д.М. выкарыстоўваюць шрыфтавыя знакі друкарскага тыпу з рэльефным вочкам. У залежнасці ад спосабу набору і друкавання адрозніваюць індывідуальныя шрыфтаносьбіты, на якіх ёсць вочка аднаго ці некалькіх знакаў, і групавыя шрыфтаносьбіты, дзе размешчаны ўсе знакі аднаго камплекта шрыфту. Знакі размяшчаюцца на шрыфтавых калодках (рычагах), па акружнасці дыска, цыліндра, сферычнай паверхні шрыфтаносьбіта і інш. У адрозненне ад пішучых машынак у шрыфце Н.-Д.М. ёсць літары рознай шырыні (па сваім абрысе ён набліжаецца да друкарскага). Друкарскія формы вырабляюцца на спец. формных матэрыялах (фользе, васкоўках, паперах, плёнках і інш.).
Схемы наборна-друкавальных машын: 1 — аднашрыфтавой рычажнага тыпу; 2—3 хутказменнымі шрыфтаносьбітамі сферычнага тыпу; 3 — з хутказменнымі групавымі шрыфтаносьбітамі сегментнага тыпу; 4 — з шрыфтаносьбітамі пялёсткавага тыпу.