ВАЛКО́НСКІ (Сяргей Рыгоравіч) (19.12.1788, г. Ачакаў, Украіна — 10.12.1865),

дзекабрыст. Генерал-маёр, князь. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. З 1820 чл. «Саюза працвітання», з 1821 чл. Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Разам з В.​Л.​Давыдавым кіраваў Каменскай управай, наладжваў сувязі з Паўночным таварыствам дзекабрыстаў. Прыхільнік «Рускай праўды» П.​І.​Песцеля. Прыгавораны да смяротнай кары, замененай пажыццёвай катаргай. Вярнуўся з Сібіры ў 1856. Аўтар «Запісак».

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТСО́Н (Герман Пятровіч) (1896, Вальміерскі р-н, Латвія — 16.6.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 у органах дзяржбяспекі. У жн. 1931 — крас. 1932 старшыня Дзярж. паліт. ўпраўлення БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БССР і нач. асобага аддзела БВА. З 1932 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК у Татарыі, з 1935 на гасп. рабоце. 19.7.1937 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЕ́Н ((Bazaine) Ашыль Франсуа) (13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),

ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; ? — 385 да н.э.),

цар Спарты [408—394 да н.э.]. У час паходу ў Атыку (403 да н.э.), баючыся ўзмацнення спартанскага палкаводца Лісандра, П. падтрымаў дэмакратаў на чале з Фрасібулам. У 395 да н.э. ў час Карынфскай вайны не злучыўся своечасова ў Беотыі з войскам Лісандра, у выніку апошні загінуў, а спартанцы былі разбіты. Прыгавораны ў 394 да н.э. да пакарання смерцю, уцёк у Тэгею, дзе і памёр.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕ́Ф (Еўна Фішалевіч) (1869, г. Гродна—1918),

адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),

дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ДЛІХ ((KudUch) Ганс) (25.10.1823, в. Лобенштайн каля г. Крноў, Чэхія — 11.11.1917),

аўстрыйскі паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т (1848). У рэвалюцыю 1848—49 удзельнік паўстанняў у Вене і Пфальцы (гл. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849), дэп. аўстр. рэйхстага (1848), ініцыіраваў прыняцце закону (7.9.1848) пра скасаванне асабістай залежнасці і павіннасцей сялян. Завочна прыгавораны аўстр. судом да пакарання смерцю; эмігрыраваў у Швейцарыю (1849), потым ЗША (1853), дзе і памёр. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1873).

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ВІЧ (Ільдафонс Юр’евіч) (каля 1835, Віленскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.​Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы. Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,

узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в. Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)