працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.
Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ЎР ((Moivre) Абрахам дэ) (26.5.1667, г. Вітры-ле-Франсуа, Францыя — 27.9.1754),
англійскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1697). Вучыўся ў Сарбоне. Навук. працы па алгебры, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. Знайшоў правілы ўзвядзення ў п-ю ступень і здабывання кораня n-й ступені з камплекснага ліку (гл.Муаўра формула). Незалежна ад шатл. матэматыка Дж.Стырлінга атрымаў формулу для вылічэння п! (гл.Стырлінга формула). Даказаў прыватны выпадак тэарэмы Лапласа.
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1930, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 22.10.1990),
расійскі кінаакцёр. Нар.арт. Расіі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1953). У кіно з 1954. Стварыў лірычныя вобразы маладых рабочых, простых і шчырых у фільмах «Вясна на Зарэчнай вуліцы», «Чужая радня» (абодва 1956), «Вышыня» (1957), «Дзяўчына без адраса» (1958), «Дзяўчаты» (1962). Сярод інш. фільмаў: «Дзядзечкаў сон» (1967), «Сёмае неба» (1972), «Сям’я Івановых» (1975), «Адыходзячы — ідзі» (1980), «Выйсці замуж за капітана» (1985), «Начны экіпаж» (1987), «Забароненая зона» (1988), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗА (Франц. visa ад лац. visus прагледжаны),
1) зроблены службовай асобай на дакуменце надпіс, які надае яму юрыд. сілу і засведчвае яго аўтэнтычнасць.
2) Афіцыйная адзнака ў пашпарце пра дазвол на ўезд у іншую дзяржаву, праезд ці выезд з гэтай дзяржавы. Выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы на пэўны тэрмін. Бязвізавы ўезд, выезд ці транзіт можа быць устаноўлены спец. пагадненнямі паміж дзяржавамі. Выезд з Рэспублікі Беларусь бел. грамадзян (службовы, прыватны, на пэўны тэрмін, на пастаяннае жыхарства) рэгулюецца адпаведным заканадаўствам. Уязныя візы выдаюць дыпламат. прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой, выязныя — МЗС, органы МУС рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШТА́Б (ням. Maßstab ад Maß мера, памер + Stab палка),
адносіны даўжыні лініі на чарцяжы, плане ці карце да даўжыні адпаведнай лініі ў натуры. Адрозніваюць: лікавы М. — дроб, у якім лічнік 1, а назоўнік паказвае, у колькі разоў паменшаны адлюстраваныя памеры; лінейны М. — графік для пераводу даўжынь, якія вымяраюцца на карце, у адпаведныя адлегласці на мясцовасці (падзеленая на роўныя адрэзкі прамая лінія з подпісам, што паказвае даўж. лініі ў натуры); галоўны — М. мадэлі эліпсоіда або шара, адлюстраванага на плоскасці; прыватны — М. у пэўным пункце па пэўным напрамку, які адрозніваецца ад галоўнага ў выніку скажэнняў, абумоўленых картаграфічнай праекцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя будовы, развіцця і функцый нерв. сістэмы; прыватны выпадак клетачнай тэорыі. Аснова Н.т. — прызнанне анат. адасобленасці структурнай адзінкі нерв. сістэмы — нейрона, яго генет. самастойнасці і функцыян. спецыфічнасці. Абгрунтавана на мяжы 20 ст. працамі ісп. вучонага С.Рамона-і-Кахаля і Ч.С.Шэрынгтана. Доказы поўнай структурнай адасобленасці нерв. клетак атрыманы з дапамогай электроннага мікраскопа, які даў магчымасць устанавіць, што кожны нейрон абкружаны мембранай і паміж мембранамі асобных клетак ёсць свабодныя поласці. Да гэтага часу нерв. сістэма разглядалася як бесперапынны пераход клетачнага рэчыва аднаго нейрона ў другі з утварэннем адзінай цытаплазматычнай сеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́СТ (ад лац. protestari публічна даказваць),
1) рашучае пярэчанне супраць чаго-н., заява пра нязгоду з чым-н.
2) У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых інш. краін адна з форм ажыццяўлення пракурорскага нагляду. Заключаецца ў матываваным пярэчанні пракурора супраць суд. або кіраўніцкага акта. Адрозніваюць П.: у парадку агульнага нагляду (на акт органа кіравання, які супярэчыць заканадаўству); касацыйны (на прыгавор або рашэнне суда, які яшчэ не набыў законнай сілы); прыватны (на вызначэнне суда, што не набыло законнай сілы). Прадугледжваецца таксама П. у парадку нагляду на рашэнне ці прыгавор суда, якія набылі законную сілу. Звычайна падаецца ў пісьмовай форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),
распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕ́КТ (ад лац. aspectus погляд, выгляд),
1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.
2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.