ГАНО́ВЕРСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі ў 1714—1901. Змяніла дынастыю Сцюартаў. Прадстаўнікі Гановерскай дынастыі: Георг I
[1714—27],
Георг II [1727—60], Георг III [1760—1820], Георг IV [1820—30], Вільгельм IV [1830—37], Вікторыя [1837—1901]. Пасля ўступлення на прастол Эдуарда VII, сына Вікторыі і прынца Альберта (прадстаўнік герм. дома Сакс-Кобург-Гота), пачалося праўленне Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі (з 1917 Віндзорская дынастыя).
т. 5, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (?—1069),
полацкі князь, сын кіеўскага вял. кн. Ізяслава Яраславіча, адзін з кіраўнікоў задушэння Кіеўскага паўстання 1068—69. На чале сваёй дружыны ўварваўся ў горад, загадаў пакараць смерцю найб. актыўных паўстанцаў, а некат. асляпіць. У 1069, пасля перамогі над кн. Усяславам Брачыславічам, атрымаў ад бацькі княжацкі прастол у Полацку, дзе неўзабаве і памёр.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́Й ХРА́БРЫ (Mihai Viteazu; 1558—9.8.1601),
гаспадар (князь) Валахіі [1593—1600]. Вёў барацьбу супраць тур. панавання і за стварэнне цэнтралізаванай рум. дзяржавы. У 1595 у бітвах каля с. Кэлугэрэнь і на р. Дунай разбіў тур. войскі і прымусіў іх пакінуць Валахію. У 1599 ваен. шляхам падпарадкаваў Трансільванію, у 1600 — Малдаўскае княства і пачаў называць сябе «гаспадаром Валахіі, Трансільваніі і ўсёй Малд. зямлі». Аднак у выніку паўстання мясц. знаці ў вер. 1600 страціў Трансільванію. У той жа час Малдову акупіравалі войскі Рэчы Паспалітай, якія потым разам з малд. войскамі ўварваліся ў Валахію. У выніку здрады сваіх баяр, што падтрымалі малд. прэтэндэнта на валашскі прастол С.Мавілу (Магілу), М.Х. пацярпеў паражэнне і ў касір. 1600 уцёк у Аўстрыю. У 1601 на чале наёмнага войска, набранага на сродкі аўстр. Габсбургаў, уварваўся ў Трансільванію і 3 жн. разбіў там войска мясц. знаці. Забіты паліт. праціўнікамі, якія апасаліся яго вяртання на валашскі прастол.
т. 10, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС V, Афонсу (Affonso) Афрыканскі (15.1.1432, г. Сінтра — 28.8.1481),
кароль Партугаліі [1438—81]. З Авіскай дынастыі. Да 1448 правіў пад рэгенцтвам маці Леаноры дэ Арагон. За захоп у 1458—71 шэрагу паўн.-афр. тэрыторый (Алькасар, Касабланка, Арсіла, Танжэр) атрымаў мянушку Афрыканскі. У 1474—79 беспаспяхова змагаўся за кастыльскі прастол. Працягваў даследчыя экспедыцыі свайго дзядзькі Генрыха Мараплаўца ў Афрыку.
т. 1, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ, Георгіяс (Geōrgios),
імя грэч. каралёў у 19—20 ст.
Георг I (24.12.1845, Капенгаген — 18.3.1913), кароль у 1863—1913. З дынастыі Глюксбургаў. Другі сын дацкага караля Крысціяна IX. Выбраны 30.3.1863 Нац. сходам Грэцыі са згоды дзяржаў-заступніц (Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі) пераемнікам скінутага грэч. караля Атона I. У 1864 падпісаў канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне парламентарызм. Пры Георгу I да Грэцыі далучаны Іанічныя а-вы (1864), б.ч. Фесаліі і ч. Эпіра (1881). Забіты ў Салоніках у час Балканскіх войнаў 1912—13.
Георг II (19.7.1890, Татоі, каля Афін — 1.4.1947), кароль у 1922—23, 1935—41, 1946—47. З дынастыі Глюксбургаў. Сын грэч. караля Канстанціна I, унук Георга I. Заняў прастол пасля ваен. перавароту 1922. У снеж. 1923 пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў у Лондан. У 1935 вярнуўся на трон пасля ініцыіраванага манархістамі спрэчнага рэферэндуму. Садзейнічаў устанаўленню дыктатуры ген. І.Метаксаса. У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Егіпце і Вялікабрытаніі (з 1941). Вярнуўся на прастол пасля рэстаўрацыі ў Грэцыі манархіі ў выніку плебісцыту 1.9.1946.
т. 5, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ННА СЦЮ́АРТ ((Anne Stuart)) (6.2.1665, Лондан—1.8.1714),
каралева Англіі, Шатландыі і Ірландыі з 1702, з 1707 Вялікабрытаніі; апошняя з дынастыі Сцюартаў. Дачка караля Якава II. Узышла на прастол у адпаведнасці з актам аб прастоланаследаванні (1701), які значна абмяжоўваў правы кароны. Пры ёй пачаў усталёўвацца парадак, паводле якога ўрад фарміраваўся з дзеячаў партыі (вігі або торы), якая мела большасць у палаце абшчын.
т. 5, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУРСА́НА (1722—57),
адзін з уладарных князёў Айрацкага ханства, дзеяч антыманьчжурскага вызв. руху ў Манголіі ў 1750-я г. Пасля няўдалай спробы захапіць ханскі прастол у 1754 уцёк у Пекін. Маньчжурскія войскі пад выглядам дапамогі Амурсана ў 1755 акупіравалі і ліквідавалі ханства. Падмануты Амурсана ў 1755 далучыўся да стыхійнага антыманьчжурскага руху і стаў яго правадыром. Пацярпеўшы паражэнне, у 1757 уцёк у Расію.
т. 1, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,
выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.
т. 8, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Рыгор Рыгоравіч) (17.10.1734 — 24.4.1783),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1762). Брат А.Р.Арлова. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У 1763—75 ген.-фельдцэйхмайстар рус. арміі. У 1771 кіраваў задушэннем «чумнага бунту» ў Маскве. У 1772 узначальваў рус. дэлегацыю на перагаворах з Турцыяй. Ініцыятар заснавання Вольнага эканам. т-ва (1765) і яго першы прэзідэнт. З 1775 у адстаўцы.
т. 1, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)